Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генпракуратура «ўзяла на асаблівы кантроль» скаргі на цкаваньне ў інтэрнэце за палітычныя погляды


Прадстаўнікі Генэральнай пракуратуры Беларусі паведамілі БелТА, што апошнім часам у Міністэрства ўнутраных спраў значна больш паведамляюць пра «некарэктную крытыку» і публічнае цкаваньне, абразы і пагрозы ў інтэрнэце «за выказваньне сваёй пазыцыі ў розных пытаньнях грамадзка-палітычнага жыцьця краіны».

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Колькі такіх скаргаў паступіла, на што менавіта і адносна людзей якіх пазыцый, не паведамляецца.

«Сытуацыя, якая склалася, стала магчымай з прычыны памылковага ўспрыманьня інтэрнэту як тэрыторыі ўсёдазволенасьці, а ананімнага фармату зносінаў — як гарантыі беспакаранасьці за непрыстойныя дзеяньні», — заявіў прадстаўнік Генпракуратуры.

Адзначаецца, што гэта зьвязана з выбарчай кампаніяй, бо ў час выбараў «палеміка і абмен думкамі дасягаюць асаблівага напалу, што ўласьціва любой цывілізаванай дзяржаве». Генпракуратура заяўляе, што заўсёды зыходзіць з таго, што грамадзяне маюць роўныя правы на выказваньне сваіх думак незалежна ад палітычных поглядаў.

Далей у паведамленьні Генпракуратуры пералічваюцца магчымыя пакараньні за паклёп, распаўсюд непраўдзівых зьвестак, абразы і пагрозы — у залежнасьці ад выпадку прадугледжаныя пакараньні ад штрафу да турмы.

«Разгляд органамі ўнутраных спраў такіх зваротаў знаходзіцца на асаблівым кантролі Генэральнай пракуратуры, — заявіў прадстаўнік ведамства. — Перакананыя, што ўзаемнае шанаваньне правоў і свабодаў кожнага нароўні з прынцыповай пазыцыяй праваахоўных органаў дазволіць папярэджваць і апэратыўна рэагаваць на факты парушэньня правоў грамадзянаў».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG