Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На 20 мэтэастанцыях Беларусі зафіксавалі тэмпэратурныя рэкорды 


Новыя тэмпэратурныя рэкорды зафіксавалі 20 мэтэастанцыяў Віцебскай, Горадзенскай, Менскай і Магілёўскай абласьцей, сьведчыць праведзены БелаПАН параўнальны аналіз апэратыўных і архіўных зьвестак на рэсурсе meteoinfo.by.

У Менску 17 чэрвеня паветра прагрэлася да 29,7 градуса цяпла, што на 0,9 градуса вышэй за ранейшы максымум у 2016 годзе. У Магілёве абнавіўся экстрэмум 29-гадовай даўніны (30,8 градуса супраць 29,6).

Цяплей за ўсё было ў Лельчыцах: 31,6 градуса, аднак там рэкорд выстаяў (33,6 у 1991 годзе). Абсалютны максымум дня для ўсёй тэрыторыі краіны складае 34 градусы (у 2016 годзе ў Пінску).

З больш чым двух дзясяткаў рэкордаў сем пастаўленыя да 2016 году, шэсьць — да 1977-га, тры — да 1991-га, па адным — да 1947-га, 1968-га, 1999-га, 2012-га і 2019-га.

Ад пачатку каляндарнага лета зафіксавана 83 рэкорды цяпла (8–12 і 16–17 чэрвеня).

У бліжэйшыя дні, паводле прагнозу Белгідрамэту, гарачае надвор’е захаваецца. На большай частцы тэрыторыі чакаюцца навальніцы.

Як паводзіць сябе ў сьпёку?

У сьпёку раяць насіць лёгкае адзеньне з натуральнай тканіны і галаўны ўбор, меней карыстацца дэкаратыўнай касмэтыкай, заўсёды мець пры сабе ваду, старацца менш знаходзіцца пад прамымі сонечнымі промнямі, унікаць заняткаў спортам у самы сквар, але і не сядзець пад уключанымі на максымум кандыцыянэрамі, каб не застудзіцца.

Каб надаць першую дапамогу пацярпеламу ад сонечнага ўдару, трэба да прыбыцьця лекараў перанесьці яго ў зацененае халаднаватае памяшканьне, вызваліць ад тугога адзеньня (расшпіліць папругу і тугі каўнер, зьняць абутак), адчыніць вокны, пры магчымасьці пакласьці пад пахі пакеты зь лёдам або мокры халодны ручнік, напаіць вадой. Калі чалавек страціць прытомнасьць, даць панюхаць нашатырны сьпірт.

Сьпёка, як і мароз, ня спыніць эпідэміі новага каранавірусу. Пры наведваньні пляжаў або іншых грамадзкіх месцаў варта трымаць дыстанцыю мінімум у паўтара мэтра ад іншых асобаў, у месцах высокай шчыльнасьці людзей насіць маскі. Цалкам забіць вірус SARS-CoV-2 у чалавечых клетках змаглі толькі пры нагрэве да +92°С, а да такой тэмпэратуры чалавечае цела не награецца ні ў якую сьпёку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG