У сюжэце «Галоўнага эфіру» БТ аб «Белгазпрамбанку» прагучала інфармацыя пра «паўтары сотні карцін коштам у як мінімум 20 мільёнаў даляраў», якія, паводле БТ, «рыхтаваліся да тэрміновага вывазу з краіны».
Як сказала вядоўца «Галоўнага эфіру» Паліна Шуба, сьледзтву ўдалося сабраць пераканаўчыя доказы, што экс-кіраўнік «Белгазпрамбанку» Віктар Бабарыка датычны да проціпраўнай дзейнасьці.
Другі вядоўца, старшыня Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант, дадае, што адначасова з аднаўленьнем праверачных дзеяньняў кіраўнік «Белгазпрамбанку» Віктар Бабарыка, да гэтага абсалютна непублічная асоба, даў шэраг гучных інтэрвію недзяржаўнай прэсе. І робіць выснову: не паводле палітычных матываў пачалі перасьлед Віктара Бабарыкі, а наадварот: спачатку былі праблемы з законам, а потым удзел у выбарах.
Паводле вядоўцаў БТ, у выніку ператрусаў у офісе «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых камэрцыйных структураў было вынята каля 4 мільёнаў даляраў, атрыманых, як лічыць сьледзтва, незаконным шляхам. Каштоўныя паперы коштам у 500 тысяч даляраў, золата, аблігацыі, дыгіпасы (інструмэнты для кіраваньня рахункамі за мяжой) і шмат іншага. Усё гэта суправаджаецца паказам пачак даляраў, эўра, манэтаў, зьліткаў золата.
«Зьвярніце ўвагу на наступнае відэа — яго яшчэ не было ў эфіры, паўтары сотні карцін коштам у 20 мільёнаў таксама далучаныя да справы. Ёсьць інфармацыя, што іх рыхтавалі да тэрміновага вывазу з краіны. Сапраўдны кошт гэтых актываў можа быць значна вышэйшы», — рэзюмуе Іван Эйсмант.
«Можна толькі ўявіць, за колькі яны маглі быць прададзеныя на аўкцыёнах!» — дадае ён.
Сярод сканфіскаваных карцін — «Зялёны пейзаж» Марка Шагала і «Ева» Хаіма Суціна. Карціны ўваходзілі ў карпарацыйную калекцыю «Белгазпрамбанку». Банк купіў іх на аўкцыёне Sotheby’s у 2013 годзе і прывёз у Беларусь.
Як сьцьвярджае Іван Эйсмант, сьледзтва мае пераканаўчыя доказы проціпраўнай дзейнасьці экс-кіраўніка «Белгазпрамбанку» Віктара Бабарыкі.
«Фактычна, як лічаць праваахоўнікі, на базе банку была створаная арганізаваная злачынная група, якая ажыцьцяўляла вываз грашовых сродкаў за мяжу».
«Пацьвердзіла дачу прызнальных паказаньняў сьледзтву і прэс-сакратарка Аляксандра Лукашэнкі Натальля Эйсмант. У тым ліку і аб факце зьдзяйсьненьня проціпраўных дзеяньняў кіраўніка «Белгазпрамбанку». Пракамэнтавала яна і словы Бабарыкі пра застрашваньні ў ягоны адрас, заявіўшы, што „цяперашняму прэзыдэнту запалохваньні і ціск зусім не патрэбныя. Абсалютна. Больш за тое, магчыма, і на шкоду. Але закон ёсьць закон“», — сказала Паліна Шуба.