Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрымалі магілёўскага каардынатара ініцыятыўнай групы Бабарыкі, экс-намесьніка старшыні гарвыканкама

абноўлена

Збор подпісаў за Віктара Бабарыку, ілюстрацыйнае фота
Збор подпісаў за Віктара Бабарыку, ілюстрацыйнае фота

У Магілёве затрымалі каардынатара ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі па Магілёўскай вобласьці Ўладзімера Дударава. Пра гэта Свабодзе паведамілі ў мясцовым выбарчым штабе Бабарыкі. Сьледчы камітэт пакуль не камэнтуе затрыманьне.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Уладзімер Дудараў да мінулага году працаваў намесьнікам старшыні Магілёўскага гарвыканкаму, курыраваў пытаньні будаўніцтва і жыльлёва-камунальнай гаспадаркі. Летась сышоў з пасады.

Некалькі гадоў таму сілавікі ўжо мелі да яго пытаньні, калі ён перарабіў кватэру ў двухузроўневую. Справа дайшло да суду, рэгістрацыя нерухомасьці была прызнаная несапраўднай. Пасьля гэтага яго не турбавалі.

Хто яго затрымаў цяпер і зь якой прычыны, невядома. У Сьледчым камітэце карэспандэнту Свабоды адмовілі ў камэнтары пра затрыманьне.

У магілёўскім штабе Бабарыкі Свабодзе паведамілі, што Дудараў знаходзіцца ва Ўпраўленьні барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю, цяпер прадстаўнікі штабу едуць туды высьвятляць падрабязнасьці.

У цэнтральным штабе Бабарыкі паведамілі, што іх юрыдычная служба знайшла Дудараву адваката і той прыступіў да працы.

11 чэрвеня ў галаўны офіс «Белгазпрамбанка» прыйшлі супрацоўнікі ДФР. Ператрус таксама праходзіў у людзей, зьвязаных з Бабарыкам. Ператрусы праходзяць у рамках крымінальнай справы па ч. 2 арт. 243 «Ухіленьне ад выплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры» і па ч. 2 арт. 235 «Легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, у асабліва буйным памеры». Падзеі не паўплываюць на фінансавую ўстойлівасьць банку, заявіла прэс-служба «Белгазпрамбанку».

У якасьці падазраваных праходзяць прадстаўнікі камэрцыйных структураў, былыя і дзейныя работнікі банкаўскай сыстэмы. Як адзначылі ў Камітэце дзяржкантролю, Віктар Бабарыка ў рамках працэсуальнага статусу ня мае.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG