Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што адбываецца з грашыма, якія забіраюць падчас вобшукаў? Тры гісторыі


Грошы, якія знайшлі на лецішчы маці Сяргея Ціханоўскага
Грошы, якія знайшлі на лецішчы маці Сяргея Ціханоўскага

Які будзе лёс знойдзеных на лецішчы блогера Сяргея Ціханоўскага 900 тысяч даляраў? Ці канфіскуюць іх у бюджэт як сродак зьдзяйсьненьня злачынства? Ці, калі суд прызнае блогера невінаватым, грошы яму вернуць?

Свабода сабрала тры гісторыі пра грошы, якія былі забраныя падчас вобшукаў. Чым яны скончыліся?

2010 год. 10 тысяч даляраў ад Анатоля Лябедзькі

Анатоль Лябедзька, архіўнае фота
Анатоль Лябедзька, архіўнае фота

У ноч на 20 сьнежня 2010 году, пасьля разгону Плошчы, дзе дзясяткі тысяч грамадзян пратэставалі супраць фальсыфікацыі выбараў, супрацоўнікі КДБ арыштавалі лідэра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку. У той жа дзень у ягонай кватэры адбыўся вобшук, знайшлі і забралі 10 тысяч даляраў. За кратамі апазыцыйны палітык прабыў 3,5 месяца, яго падазравалі ў арганізацыі масавых забурэньняў, але ў выніку абвінавачваньне зьнялі. А ці вярнулі апазыцыянэру ягоныя грошы?

«Грошы былі сапраўдныя, нашы з жонкай, іх ніхто не падкідваў, і ляжалі яны не пад канапай, а, як кажуць, у адкрытым доступе — у шафцы. Незадоўга да таго мы якраз прадалі аўтамабіль, дадалі да ранейшых назапашаных сродкаў гэтыя, гэтак атрымалася тая неблагая сума. Але даказваць, што гэта нашы сродкі, давялося амаль год. У СІЗА КДБ мяне трымалі больш за 3,5 месяца, я ўжо рыхтаваўся да суду, прамову падрыхтаваў, але мая справа канчаткова рассыпалася, і мяне вызвалілі. Вось толькі грошы вяртаць не хацелі.

Памятаю, што давялося рабіць шмат запытаў, спасылацца на дэклярацыі, якія я раней здаваў, бегаць па кабінэтах. Мурыжылі недзе год, і нарэшце аддалі. Запрасілі ў КДБ, завялі ў нейкі пакой на першым паверсе і пад відэакамэру аддалі грошы. Навошта здымалі, ня ведаю. Можа, баяліся, што буду потым казаць, нібыта нічога не вярнулі? Дарэчы, я таксама баяўся, што падсунуць якую фальшыўку, таму адразу пайшоў і ўсё праверыў. Не падманулі. У выніку грошы вярнулі, але добра памятаю, што гэта мне каштавала шмат сапсаваных нэрваў», — сказаў Анатоль Лябедзька.

2017 год. 5 тысяч даляраў ад Віктара Данілава

Віктар Данілаў
Віктар Данілаў

21 сакавіка 2017 году пачалася гэтак званая «справа патрыётаў», у якой фігуравалі 35 актывістаў розных арганізацый, у тым ліку былых сябраў «Белага легіёну», незарэгістраванага «Маладога фронту», клюбу вайскова-патрыятычнага выхаваньня з Бабруйску ды іншых актывістаў. Спачатку арыштаваных абвінавачвалі ў падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў, потым у стварэньні незаконнага вайсковага фармаваньня. У выніку ўсіх вызвалілі, а ў чэрвені таго ж году справу закрылі.

Аднак яшчэ шмат месяцаў фігуранты вярталі арыштаваную маёмасьць і грошы. Пасьля вобшуку ў доме былога актывіста «Белага легіёну» Віктара Данілава супрацоўнікі КДБ забралі 5 тысяч даляраў. Сваякі Данілава адразу казалі сьледчым, што гэта іхныя сродкі, але іх не хацелі слухаць. Дык ці вярнулі 5 тысяч даляраў?

«Грошы ўрэшце вярнулі, але толькі ў верасьні, і давялося пазмагацца, даказваючы, што гэта былі нашы сродкі. Дакладна гэта былі ашчаджэньні нашай бабулі, якой ужо няма ў жывых. А тады, дарэчы, яна гэтак перахвалявалася, што трапіла ў шпіталь і ўжо не паправілася. Грошы былі яе, але яна ўжо даўно была хворая, у яе балелі ногі, таму банкаўскі рахунак адкрывала яе дачка, і яна ж потым здымала тыя грошы з рахунку. У нас іх знайшлі падчас вобшуку і забралі. Сказалі, што паколькі гэта маці Віктара зьняла грошы, дык гэта ягоныя, а ён абвінавачаны, значыць, па законе можна забіраць.

А потым справу закрылі, Віктара даўно вызвалілі, але грошы ўсё не вярталі. І толькі ў верасьні, як Віктар пайшоў забіраць кампутар, дык вярнулі і грошы. Мы праверылі нумары купюр — усё супала, гэта былі менавіта тыя грошы, якія ў нас забралі», — сказала Свабодзе сваячка Віктара Данілава.

2018. 500 тысяч даляраў ад фігуранта справы мэдыкаў

У 2018 годзе аднаго за адным арыштоўвалі высокапастаўленых мэдыкаў, абвінавачаных у хабарніцтве, у тым ліку ў асабліва вялікім памеры.

У зьвестках ад КДБ пра арыштаваных фігуравалі сумы адабраных у іх падчас вобшуку тысяч даляраў. Паведамлялася, што ў аднаго з затрыманых знайшлі і забралі 500 тысяч даляраў. Праз год пачаліся судовыя працэсы, на якіх ніхто з арыштаваных ня быў апраўданы. Мэдыкі з высокімі пасадамі атрымалі шматгадовыя тэрміны з канфіскацыяй маёмасьці.

Аднак у тым жа 2019 годзе канфіскацыя маёмасьці як мера пакараньня за злачынствы была выключаная з Крымінальнага кодэксу, і сваякі асуджаных пачалі дамагацца вяртаньня сродкаў. Дык ці вярнула дзяржава тыя 500 тысяч даляраў, якія забралі пасьля вобшуку ў аднаго з мэдыкаў?

Карэспандэнт Свабоды размаўляў з жонкай гэтага асуджанага мэдыка. Паводле суразмоўцы, грошы, забраныя пасьля вобшуку, ім дагэтуль не вярнулі.

«Раней суд прыняў рашэньне вярнуць нам грошы, але пракуратура яго аспрэчыла. Грошы не вяртаюць. На якіх законных падставах, мне незразумела. Ведаю, што ёсьць пазоў за подпісам намесьніка генпракурора па выманьні грошай „у інтарэсах дзяржавы“. То бок гэта нават не кампэнсацыя нанесеных стратаў, а невядома што. Падазраю, што ёсьць загад зьверху, таму нічога не вырашаецца, хоць закон цяпер забараняе канфіскоўваць маёмасьць, а гэта дакладна маёмасьць нашай сям’і», — сказала суразмоўца.

Жанчына прасіла не называць яе прозьвішча і адмовілася ўдакладніць суму, пра якую ідзе спрэчка.

«Канчаткова справа яшчэ ня вырашаная», — сказала жонка фігуранта гучнай справы мэдыкаў.

Калі дзяржава можа не вярнуць грошы?

Павал Сапелка
Павал Сапелка

Свабода спытала ў былога адваката Паўла Сапелкі: якая верагоднасьць таго, што забраныя падчас вобшуку грошы застануцца ў дзяржавы?

«Калі суд прызнае, што гэтыя грошы былі сродкам зьдзяйсьненьня злачынства, дык па законе яны падлягаюць канфіскацыі. Гэта нават мае сваю назву — „спэцыяльная канфіскацыя“. Яшчэ суд можа пастанавіць забраць у бюджэт частку маёмасьці для забесьпячэньня штрафу ці кампэнсацыі нанесеных стратаў. Але калі ня гэтыя тры варыянты, дык грошы мусяць вярнуць. Бо канфіскацыі маёмасьці як пакараньня ў законе зь мінулага году больш няма», — сказаў юрыст Павал Сапелка.

З колішняй сваёй адвакацкай практыкі Павал Сапелка згадаў, што некалькі гадоў таму абараняў інтарэсы кліента, якому ў выніку ўдалося вярнуць арыштаваныя падчас вобшуку грошы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG