Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабарыка адказаў на прэтэнзіі Лукашэнкі, пра АЭС і магчымую супрацу з Румасам


Віктар Бабарыка, архіўнае фота
Віктар Бабарыка, архіўнае фота

Вяртаньне ва ўрад адпраўленага ў адстаўку прэм'ер-міністра Сяргея Румаса не зьяўляецца тэмай для абмеркаваньня, заявіў прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Віктар Бабарыка, адказваючы на пытаньні журналістаў і сяброў сваёй ініцыятыўнай групы 4 чэрвеня ў Віцебску. Трансьляцыя была арганізаваная на Youtube-канале Бабарыкі.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Пра Румаса

«Я многіх людзей ведаю. У мяне няма цяпер адказу на гэтае пытаньне. І, як я заўсёды кажу, фармаваньне каманды — гэта сустрэчны рух. Я ж ня ведаю, можа, Сяргей Мікалаевіч не захоча працаваць са мной», — перадае БелаПАН словы Бабарыкі.

Румас у 2014–2018 гадах быў у радзе дырэктараў «Белгазпрамбанку», які да сыходу ў палітыку ў траўні гэтага году ўзначальваў Бабарыка.

Пра БелАЭС

Бабарыка назваў тры праблемы, зьвязаныя з атамнай станцыяй у Астраўцы.

АЭС «нам не патрэбна з пункту гледжаньня ўнутранага спажываньня электраэнэргіі, і, мяркуючы па ўсім, ніхто ў нас ірвацца купляць яе не зьбіраецца — гэта праблема нумар адзін», сказаў прэтэндэнт на найвышэйшую дзяржаўную пасаду.

«Другая праблема — гэта яе бясьпека як унутры краіны, так і для яе суседзяў. І трэці бок: мы вінаватыя за яе ўжо 10 млрд даляраў. Ужо вінаватыя, нават без адкрыцьця і закрыцьця. Гэтыя тры праблемы павінны быць вырашаныя», — падкрэсьліў Бабарыка.

На яго думку, шляхоў вырашэньня некалькі, а самы аптымальны — «фармаваньне міжнароднай камісіі, якая ацэньвае варыянты для ўсіх больш-менш прымальныя. Гэта значыць, за кошт каго мы будзем яе закрываць». Паводле яго, праблема АЭС — такая ж, як і з «палацамі» Лукашэнка, «але нашмат горшая».

Пра палацы Лукашэнкі і Чаўшэску

Наконт Палаца Незалежнасьці ў Менску Бабарыка адзначыў:

«Ёсьць вельмі непрыемны прыклад — гэта палац Чаўшэску ў Румыніі, у Бухарэсьце. Ён настолькі велізарны, і зь ім нічога нельга зрабіць, гэта значыць, з аднаго боку, яго разбурыць — гэта яшчэ велізарныя грошы, эксплюатаваць — ня меншыя грошы. Я ня ведаю, што можна зрабіць з такім будынкам. я ня ведаю, навошта ён патрэбен. Працаваць, я лічу, напэўна, недзе трэба, але жыць я б хацеў у сябе ў доме. Гэты дом нашмат лепшы, чым усе рэзыдэнцыі».

Пра пытаньне Лукашэнкі аб «ПрыватЛізінгу»

На сустрэчы ў Віцебску Віктара Бабарыку папрасілі пракамэнтаваць словы Аляксандра Лукашэнкі, які, не называючы імёнаў, згадаў кампанію «ПрыватЛізінг» і намякнуў на махлярства.

«Ці другі дзеяч. Тут некаторыя ўжо запісвалі, прыйдзе да ўлады, буду ў яго працаваць. Задайце адно пытаньне: што такое „ПрыватЛізінг“? Другое пытаньне: дзе грошы трымае, якія ашуканскім чынам атрымаў у Беларусі?» — сказаў Лукашэнка, не згадаўшы, каго ж спытаць.

Віктар Бабарыка адзначыў, што паколькі ягонае прозьвішча не прагучала, то ён мог бы не камэнтаваць гэтага пытаньня.

«Я ведаю кампанію „ПрыватЛізінг“, — заявіў Бабарыка. — Гэта даўні кліент „Белгазпрамбанку“. Кампанія „ПрыватЛізінг“ мае структуру валоданьня, у якую ўваходзяць, калі я не памыляюся, два ці тры былыя супрацоўнікі „Белгазпрамбанка“. На гэтым гісторыю я магу скончыць.

Маленькі дадатак такі. Мяне заўсёды здзіўляе нашае стаўленьне. Мы ведаем, што ёсьць махляр, жулік, шпіён. Мы за ім глядзім гадоў 10, 15, 20 гадоў, даючы магчымасьць падманваць, ня ведаю, можа, нават забіваць і яшчэ нешта, а потым — раз! — у патрэбны момант мы яго і накрылі. Я ўвесь час думаю: што ж гэта за сыстэма такая, якая дазваляе шмат-шмат гадоў красьці, махлярыць. Пра гэта ведае ўлада. Дык слухайце, наогул гэта называецца патураньне як мінімум, а то і саўдзел».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG