Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў указ, які накіраваны на тое, каб «выдаліць або зьмяніць» палажэньне артыкула 230 закону аб тэлекамунікацыях 1996 году. Трамп назваў яго «ўказам, які прадухіліць цэнзуру ў сацсетках».
Артыкул абараняе сацсеткі ад адказнасьці (у тым ліку ад перасьледу ў судзе) за кантэнт, які разьмяшчаецца карыстальнікамі. Даслоўна ён гучыць так: «Ніводзін уладальнік або карыстальнік інтэрактыўнага кампутэрнага сэрвісу не павінен разглядацца як той, хто разьмяшчае або агучвае любую інфармацыю, прадстаўленую іншым пастаўшчыком інфармацыйнага кантэнту». Артыкул дае Twitter, Facebook і іншым сацсэрвісам права мадэраваць кантэнт, але не абавязвае іх гэта рабіць.
Трамп пры гэтым лічыць, што артыкул таксама дае магчымасьць сацыяльным сэрвісам «глушыць» пазыцыю палітычных сілаў, якія не падабаюцца кіраўніцтву гэтых сэрвісаў. У прыватнасьці, кансэрватараў і рэспубліканцаў.
Трамп заявіў, што пасьля падпісаньня ўказу генэральны пракурор ЗША Ўільям Бар «неадкладна» прыступіць да распрацоўкі заканадаўства, якое дазволіць рэгуляваць працу сацсетак.
Кіраўніцтва Twitter ужо назвала ўказ «рэакцыйным і палітызаваным падыходам да важнейшага закону» і паведаміла, што спробы зьмены артыкула 230 будуць «пагражаць будучаму онлайн-дыскурсу».
Неўзабаве пасьля падпісаньня ўказу Twitter схаваў пост Трампа, дзе прэзыдэнт выказваў сваё меркаваньне аб беспарадках у амэрыканскім горадзе Мінэапалісе. Сэрвіс павесіў на яго папярэджаньне, што Трамп парушыў правілы карыстаньня сацсеткай, а ягоны пост «услаўляе гвалт».
У сваім посьце Трамп напісаў:
«Гэтыя бандыты проста няславяць памяць [загінулага] Джорджа Флойда, і я гэтага не дапушчу. Пагаварыў з губэрнатарам Цімам Вальцам і сказаў яму, што войска на ягоным баку. Калі будуць складанасьці — мы возьмем сытуацыю пад свой кантроль: калі пачынаецца марадэрства, пачынаецца стральба».
Перад гэтым Twitter таксама дадаў папярэджаньне на некаторыя твіты Трампа са спасылкамі на артыкулы ў СМІ; гэтае папярэджаньне заклікае чытачоў спраўджваць у газэтах факты зь ягоных заяваў.
Трамп тады заявіў, што Twitter «душыць свабоду слова», а пасьля новага блякаваньня ягонага поста заўважыў, што «Twitter нічога ня робіць з хлусьнёй і прапагандай, якая паходзіць ад Кітаю і дэмпартыі ЗША».
Заснавальнік Facebook Марк Цукербэрг заняў больш стрыманую пазыцыю і заявіў тэлеканалу Fox News, што ягоная кампанія «павінна адысьці ад рэгуляваньня онлайн-кантэнту» і ёй ня варта быць «арбітрам праўды».