Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«З падвышанай тэмпэратурай не пускалі ў частку» — «дэмбелі» расказалі пра каранавірус у войску


Ілюстрацыйнае фота. Вайскоўцы падчас рэпэтыцыі параду да Дня Перамогі. Менск, 8 траўня 2020 году
Ілюстрацыйнае фота. Вайскоўцы падчас рэпэтыцыі параду да Дня Перамогі. Менск, 8 траўня 2020 году

Як каранавірус закрануў беларускае войска і як ад яго сьцерагуцца? Ці засталася дзедаўшчына пасьля справы салдата Коржыча? Пра гэта Свабодзе на ўмовах ананімнасьці расказалі тры «дэмбэлі» і салдат тэрміновай службы, які працягвае служыць.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

«Раптам пачалі хварэць. Па 10 чалавек штодня дадавалася»

Мікіта служыў мэханікам рэлейнай сувязі ў 11-й мэханізаванай брыгадзе, што дысьлякуецца ў Слоніме. Хлопец дэмабілізаваўся некалькі дзён таму і сам захацеў расказаць пра сытуацыю з каранавірусам у сваёй частцы.

Паводле Мікіты, на пачатку сакавіка ў іх увялі абмежаваньні, але не зьвязалі гэта зь вірусам. Забаранілі наведваньні і звальненьні, але сказалі, што нібыта ў сувязі з манэўрамі. І толькі недзе праз два тыдні, калі ў краіне загаварылі пра першых памерлых, на пастраеньні абвясьцілі, што меры прынятыя з прычыны пандэміі, — кажа былы вайсковец.

Паводле Мікіты, спачатку ўсім шарагоўцам загадалі штодня наведваць мэдпункт для абсьледаваньняў. Салдаты правяраліся, усё было спакойна, пакуль у сярэдзіне красавіка раптам не пачалі масава хварэць: кашаль, насмарк, болі ў галаве. Ці быў гэта каранавірус, Мікіта ня ведае. Кажа, што толькі адзінкі з вайскоўцаў, якія захварэлі, трапілі ў стацыянар, а астатнія працягвалі хадзіць у мэдпункт па лячэньне. Які ім ставілі дыягназ?

«Пра каранавірус ня чуў. Толькі пра пнэўманію. Адзін салдат з нашай роты праляжаў з пнэўманіяй месяц, за ім захварэў камандзір роты — тое самае. І толькі потым у аднаго салдата, са 105 батальёну, прызналі каранавірус і нам пра гэта сказалі. Тады ўвесь той батальён адправілі на палігон у карантын, а ў казарме правялі дэзынфэкцыю», — згадаў Мікіта.

Паводле салдата, у канцы красавіка каля мэдпункту 11-й мэхбрыгады пачалі дыстанцыйна адмысловай прыладай замяраць тэмпэратуру і больш не пускалі ў мэдпункт бяз маскі. Між тым хвароба, як вынікае з назіраньняў Мікіты, не адступала.

«У кожным батальёне чалавек па 10 хварэла, усяго дайшло чалавек да 70. Але можа ім пнэўманію ставілі? Ня ведаю. Толькі ў канцы маёй службы дакладна сказалі пра яшчэ два выпадкі каранавірусу: у падпалкоўніка, намесьніка камандзіра па тыле, і ў ягонага кіроўцы, салдата-„срочніка“. Падпалкоўніка адправілі на самаізаляцыю, салдата паклалі ў мэдроту», — кажа Мікіта. Паводле ягоных зьвестак, усе, хто ў частцы захварэў на каранавірус, выздаравелі.

«Напісалі пнэўманію, а была „карона“»

Гамяльчук Даніла служыў у палку сувязі, ягоная частка разьмяшчаецца ў вайсковым гарадку № 99 у Горадні. Паводле Данілы, там прыкладна 500 вайскоўцаў і цывільных, якія працуюць у гарадку па кантракце. Зь іх захварэлі на каранавірус «чалавек 20», лічыць Даніла, які прызнае, што афіцыйных зьвестак ня бачыў.

«Як пра гэта даведаўся? Бо падразьдзяленьні з хворымі паставілі на карантын, а тых, хто паправіўся, накіравалі да нас у батальён. І яны расказвалі, як было: што проста напісалі пнэўманію, а была „карона“, лекары ім самі казалі», — расказвае Даніла.

Адкуль, на думку Данілы, у іх у палку зьявіўся каранавірус? Сяржант запасу мяркуе, што прафіляктычныя захады ў частцы рабіліся са спазьненьнем, да таго ж яны былі абмежаваныя.

«Забаранілі нам выходзіць, але ж афіцэры як хадзілі дамоў і ў горад, гэтак і працягваюць. Тут у нас Заходняе апэратыўнае камандаваньне разьмяшчаецца, нашых там заўсёды шмат, вось і занесьлі. А што мы кантактуем з афіцэрамі — нікога не турбуе. На падлозе ў сталоўцы намалявалі меткі, каб захоўваць дыстанцыю 1,5 мэтра, але які сэнс, калі мы ў шыхтах ходзім плячо ў плячо? Паказуха», — мяркуе адносна прафіляктыкі ў частцы суразмоўца.

Даніла згадаў, як у Горадні таксама рыхтаваліся да вайсковага параду на 9-га траўня. Што часткі, якія мусілі ўдзельнічаць у парадзе, звозілі былі для рэпэтыцый на тэрыторыю 6-й брыгады, але потым перадумалі. «Пайшло абвастрэньне па каранавірусу, і ў нас парад адмянілі, а нам і добра», — сказаў Даніла.

«Кожны вайсковец прайшоў праз рэнтген, і шмат у каго знайшлі пнэўманію»

Служба Ўладзімера праходзіла ў Слуцку, у брыгадзе транспартных войскаў. Шараговец згадаў, што ў сакавіку ў ягонай частцы праз рэнтген праверылі ўсіх вайскоўцаў і шмат у каго вызначылі двухбаковую пнэўманію.

«Нават у тых, хто не падазраваў, што хворы», — дзівіцца Ўладзімер. Такіх, паводле Уладзімера, было «чалавек 30».

«Тады нават тэстаў не рабілі, мазок ня бралі», — згадаў Уладзімер і пералічыў сымптомы, якія мелі ягоныя сябры, што захварэлі: цяжка дыхаць, павышаная тэмпэратура, кашаль, прыкладна на тыдзень прападае адчуваньне пахаў. Сваю ўпэўненасьць у тым, што ў іх была менавіта «карона», вайсковец тлумачыць уласным досьведам: ягоная маці, якая жыве ў Менску і працуе на «Крыстале», перахварэла на каранавірус, і ў яе былі падобныя сымптомы.

«У выніку каранавірус знайшлі толькі ў аднаго камандзіра роты і адправілі яго на ізаляцыю, а роту — на карантын. Але мы ўсе перасякаемся, у тым ліку ў сталоўцы. Усе гэтыя захады перасьцярогі — бачнасьць», — падсумаваў сытуацыю салдат.

Ці засталася ў войску дзедаўшчына?

Малады чалавек адказаў, што такой зьявы ў ранейшым выглядзе ў іх няма, бо пасьля справы Коржыча (шараговец Аляксандар Коржыч загінуў у Печах у 2018 годзе. — РС) афіцэры навялі парадак. «Як гульня дзедаўшчына ёсьць. Малады стаіць на „фішцы“ (на варце. — РС), каб „дзедушка“ ноччу кавы мог папіць. Стаіць хутчэй добраахвотна, самому цікава пагуляцца. Але калі нехта спрабуе маладога прымусіць, дык дастаткова адной скаргі, і супраць яго будзе справа», — кажа Ўладзімер і спасылаецца яшчэ на такі парадак у частцы: кожны тыдзень салдаты ходзяць у лазьню, дзе іх аглядаюць мэдыкі. «Калі ёсьць сінякі, дык адразу ўзьнікнуць пытаньні — адкуль?»

«Дзяды» сьцішыліся, прызнае Ўладзімер, але адзначае іншую праблему: маральны ўзровень прызыўнікоў, на ягоную думку, зьнізіўся, і ў войска часта трапляюць тыя, «каму толькі дай уладу — потым пашкадуеш».

У Памежнай групе — два выпадкі каранавірусу

Пра тое, што каранавірус знайшлі ў памежнікаў, Свабодзе расказаў Максім, які служыў у памежнай частцы ў Гомлі. Зь ягоных словаў, у Гомельскай памежнай групе сама меней два выпадкі каранавірусу: спачатку захварэў мэдык, потым — афіцэр з аддзелу фізычнай падрыхтоўкі. Але Максім ведае яшчэ пра трох памежнікаў, якія меркавана захварэлі на «карону», але ім пазначылі двухбаковую пнэўманію.

Максім збольшага задаволены захадамі бясьпекі, якія былі зробленыя ў Гомельскай памежнай групе адразу, як выявілі каранавірус.

«„Срочнікам“ кожныя 5–6 гадзін замяралі тэмпэратуру, кантрактнікам таксама. Калі вызначалі завышаную, дык не пускалі ў частку — сам такое бачыў. Падразьдзяленьні адразу расьсялілі па паверхах, а да таго жылі ўсе на трэцім паверсе. У сталоўках падзялілі месцы прыёму ежы, інтэрвалы зрабілі ў 20 хвілін, цягам якіх праводзяць дэзынфэкцыю. Маскі з 20 траўня прымусілі ўсіх насіць, нават шарагоўцаў, а афіцэры і раней надзелі маскі», — каж былы памежнік Максім.

У прэсавай службе Дзяржаўнага памежнага камітэту пацьвердзілі, што ў Гомельскай памежнай групе было 2 выпадкі каранавірусу.

«Так, такое было, але ў мяккай форме», — сказаў прэсавы сакратар камітэту Антон Бычкоўскі. Агульнай статыстыкі памежнікаў, якія захварэлі на каранавірус, Антон Бычкоўскі не прывёў.

Атрымаць апошнія зьвесткі пра сытуацыю з каранавірусам у беларускім войску не ўдалося. Тэлефон прэсавай службы Міністэрства абароны не адказваў.

Паводле ранейшых зьвестак, выпадкі каранавірусу фіксаваліся ў 72-м вучэбным цэнтры ў Печах, у 83-м інжынэрна-аэрадромным палку ў Бабруйску, а таксама ў адной з вайсковых частак у Слоніме.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG