Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стылістыка Бабарыкі — гэта жанр маленькага мяккага цуду, а Лукашэнку будуць як мага менш паказваць, — экспэрт


Віктар Бабарыка
Віктар Бабарыка

Палітоляг, галоўны рэдактар інтэрнэт-выданьня «Наше мнение» Валерыя Касьцюгова сьцьвярджае, што апошнія гады зьнізіўся «плот» паміж элітай і контрэлітай, ацэньвае фэномэн Бабарыкі і заяўляе, што менавіта ўлады будуць рабіць усё, каб зьнізіць яўку.

Сьцісла

  • Апошнія гады назіраецца трэнд на паступовы рост палітызацыі грамадзтва
  • Калі Цапкала і Бабарыка ня сядуць па выніках кампаніі — у будучым магчымы прыход у палітыку іншых бізнэсоўцаў.
  • Галоўны матыватар падтрымкі — ацэнка шанцаў кандыдата
  • Утварыўся гіганцкі разрыў у настроях паміж Лукашэнкам і насельніцтвам.

— Ці можна сказаць, што архітэктура гэтай прэзыдэнцкай кампаніі пасьля рэгістрацыі ўсіх ініцыятыўных групаў зусім не такая, як яна выглядала яшчэ некалькі тыдняў таму?

— Так, гэта слушнае сьцьвярджэньне. Але архітэктура, якая склалася, адпавядае тым трэндам, якія праяўляліся яшчэ на парлямэнцкіх выбарах 2019 году. Гэта трэнд на паступовы рост палітызацыі грамадзтва. Ён павольны, малазаўважны, няяркі. Нагадаю, парлямэнцкая кампанія стала рэкорднай паводле колькасьці вылучаных кандыдатаў, якія выйшлі з новымі, нестандартнымі парадкамі дня.

Супольнасьць блогераў была заўважная ўжо тады, падчас парлямэнцкіх выбараў. Яны падтрымлівалі адзін аднаго, езьдзілі на мітынгі адзін да аднаго. Ціханоўскі, Маслоўскі, Ганцэвіч сталі вядомымі ўжо тады.

Рэдактар інтэрнэт-выданьня «Наше мнение» Валерыя Касьцюгова
Рэдактар інтэрнэт-выданьня «Наше мнение» Валерыя Касьцюгова

Гэтая прэзыдэнцкая кампанія стала рэкорднай (прынамсі за апошнія некалькі разоў) па колькасьці вылучаных прэтэндэнтаў. І, як мне падаецца, гэта адлюстроўвае тое, чаго чакаюць ад палітыкі шырокія масы людзей, а не настроі на байкот і няўдзел часткі палітызаванай публікі.

Так званыя «мірныя перамены», мяккая лібэралізацыя, працэсы, якія не давалі ніякага бачнага для актыўнай публікі выніку, — што яны азначаюць на практыцы? Па-першае, зьніжэньне «плоту» паміж элітамі і контрэлітамі. Так ці іначай, ужо 5 гадоў яны неяк сустракаюцца, размаўляюць — гэта, прынамсі, стала не небясьпечна.

Па-другое, прымяненьне грубай сілы да палітычных апанэнтаў фактычна ўжо не сустракаецца. Так, рэпрэсіі працягваюцца, але ў менш людажэрных формах. Палітычная дзейнасьць ужо не настолькі небясьпечная, як гэта было ў 2010 годзе.

— То бок нядаўнія арышты і штрафы людзям за тое, што проста прыйшлі на сустрэчы з блогерамі — вашую фармулёўку пра зьніжэньне рэпрэсій не абвяргаюць?

— Не. Мы ж з вамі даўно ў Беларусі жывём, памятаем, што было раней. Рызыка была нашмат большая. Адноснасьць рызыкі ўдзелу ў палітыцы таксама зьмянілася.

Таксама я б адзначыла некалькі адносных посьпехаў у грамадзкай актыўнасьці, якія не прывялі ні да якіх рэпрэсій. Гэта БНР-100, гэта ўдзел апазыцыйных кандыдатаў у парлямэнцкай кампаніі, гэта цяперашняя кампанія дапамогі мэдыкам і іншыя зборы сродкаў на грамадзкія мэты. Усё гэта склала ў грамадзтве ўяўленьне пра тое, што палітыка ў Беларусі цяпер не настолькі небясьпечны занятак.

У выніку мы бачым, што ў палітыку прыйшоў бізнэс, высокапастаўлены бізнэс, адтуль вылучыліся кандыдаты. І калі яны ня сядуць па выніках кампаніі — то гэта створыць атмасфэру, у якой будзе магчымы прыход у палітыку іншых бізнэсоўцаў. І ўвогуле магчыма ўзаемадзеяньне паміж палітычнай і грашовай сфэрай.

— Калі казаць пра гэтыя пэрсаналіі — то як вы ацэніце фэномэн Віктара Бабарыкі, які нечакана для многіх даволі хутка набірае папулярнасьць, сабраў вялікую ініцыятыўную групу і для пэўнай часткі грамадзтва становіцца «кандыдатам надзеі»?

— Я знаходжу гэта цалкам заканамерным. Калі вылучаецца чалавек такога маштабу, то зразумела, што значная частка публікі ацэньвае яго з усіх бакоў. І галоўны матыватар падтрымкі — ацэнка шанцаў.

Я думаю, што ФБ-публіка ня можа не падтрымаць Бабарыку, шанцы якога расцэньваюцца як больш-менш высокія. Пры гэтым стылістыка кампаніі, якую ён вядзе, мне нагадвае і БНР-100, і ByCovid-19. Гэта стылістыка маленькага мяккага грамадзкага цуду. Не агрэсіўнага. Салідарнасьці, якая дае вынік. Ня супраць некага, а за нейкі вынік.

— Але наколькі гэта ўсё арыентавана на шырокі электарат, а ня толькі актыўную публіку? Як можа выглядаць электаральная столь у Бабарыкі?

— Хоць мы і ня маем ніякіх дакладных сацыялягічных апытаньняў, я мяркую, што ніякая з групаў у беларускім грамадзтве ня мае на сёньня большасьці. Грамадзтва глыбока сэгмэнтаванае цяпер. І гэтая «негвалтоўная» рыторыка Бабарыкі — відаць, ня тая мова, якая можа быць блізкая масам.

Публіка, якая падтрымлівае Ціханоўскага, — гэта людзі, якія жывуць сваёй цяжкай самастойнай працай, на мяжы выжываньня. Для іх Бабарыка, магчыма, не зусім іхні кандыдат

— Да зьяўленьня Цапкалы і Бабарыкі Андрэй Дзьмітрыеў, магчыма, спрабаваў заняць нішу ня ўлады і не апазыцыі, нейкай трэцяй сілы. Але цяпер выглядае, што на гэтых выбарах кандыдат ад «Гавары праўду» застанецца на пэрыфэрыі ўвагі.

— І Дзьмітрыеў, і Караткевіч арыентаваліся зусім на іншую публіку, іх ніколі асабліва не любілі ў Фэйсбуку. Яны арыентуюцца ўмоўна на найманых работнікаў, даходы якіх дазваляюць жыць ад заробку да заробку. У іх свая ніша захоўваецца, яна там упарта працуюць, а ўвагі прэсы ў іх асабліва не было і, відаць, ня будзе. Слой людзей, зь якімі ГП працуюць, — гэта не палітычная кляса.

— Магчыма, на гэтых выбарах упершыню ня будзе прадстаўнікоў той часткі насельніцтва, якая выступае за эўрапейскую інтэграцыю. Каму могуць пайсьці іхнія сымпатыі і галасы? Ці адназначна яны аддадуць галасы Бабарыку, ці, можа, частку іх забярэ Ганна Канапацкая?

— На сёньня такой гамагеннай групы не існуе. Яна расьцягнулася па розных уяўленьнях пра палітычную тактыку, яна вельмі неаднародная. Па сутнасьці, ужо другія прэзыдэнцкія выбары гэтая група не прадстаўленая. Але ў Канапацкай у камандзе шмат прадстаўнікоў БНФ, магчыма, часткова менавіта яе яны падтрымаюць. Часткова гэты электарат пойдзе за Бабарыкам. Людзі, для якіх вельмі важныя каштоўнасьці беларускай культуры, будуць падтрымліваць хто Бабарыку, хто Канапацкую, хто, дарэчы, Алеся Таболіча.

— Наколькі кандыдатуры Цапкалы і Бабарыкі могуць прывесьці на выбары тых людзей, якія раней не галасавалі, не хадзілі на выбары? Не прынцыповыя палітычныя прыхільнікі байкоту, а тыя абывацелі, якія раней проста ня бачылі прымальных для сябе кандыдатур?

— Для прыхільнікаў байкоту гэта маральная каштоўнасьць. Але насельніцтва ня ходзіць на выбары, бо ня бачыць шанцаў на тое, што ад гэтага нешта зьменіцца. Хаця трэба адзначыць, што на прэзыдэнцкіх выбарах яўка звычайна большая, чым на любых іншых.

Але на гэтых выбарах ёсьць чыньнік каранавірусу, і невядома, як дакладна ён спрацуе. Калі падумаць, наўрад ці «карона» акажа нейкі істотны ўплыў на яўку. Але я думаю, што ўлады будуць рабіць усё, каб гэтую яўку зьнізіць.

— Што можа стаць дэвізам кампаніі Аляксандра Лукашэнкі? Традыцыйная «стабільнасьць», падаецца, ужо можа выклікаць толькі раздражненьне ў насельніцтва. Што тады можа стаць галоўнай ідэяй? Абарона сувэрэнітэту, асаблівы шлях Беларусі?

— Галоўнай ідэяй стане нешта кшталту «працягваем працаваць». Яны на самой справе ўсё ніяк ня могуць вызначыцца. Магчыма, што якраз яны думалі пра «асаблівы шлях», але я не ўяўляю, як можна прэзэнтаваць гэтую пазыцыю. Вось гэтыя заявы пра лепшую ў сьвеце мэдыцыну — беларусы так ня думаюць, яны дастаткова сьціплыя людзі. Гэта гіганцкі разрыў у настроях паміж ім і насельніцтвам. Таму, думаю, яго будуць як мага менш паказваць — зь нейкімі палітычнымі заявамі.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG