Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нам патрэбна свая ракета». Лукашэнка ня хоча залежаць ад замежных вытворцаў тактычнай зброі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў працягнуць распрацоўку ўласных ракетаў з далёкасьцю паражэньня да 300 кілямэтраў, каб пазбавіцца залежнасьці ад замежных партнэраў.

«Ня трэба перад расейцамі станавіцца на калені, — перадае словы Лукашэнкі ягоная прэс-служба. — Гэта сыгнал, калі наш найбліжэйшы саюзьнік мала таго, што не пагадзіўся з намі ракету зрабіць, а палігон не прадстаўляе... Слухайце, гэта пытаньне».

Так Лукашэнка адрэагаваў на зьвесткі пра тое, што Расея пакуль не прапануе свой палігон для выпрабаваньняў ракеты, заплянаваных папярэдне на верасень. Цяпер разглядаюць палігоны ў Кітаі, Казахстане, Савудаўскай Арабіі і Ўзбэкістане.

«Нам патрэбная свая ракета. Мы ня можам ствараць зброю, у якой будзем залежаць ад іншых краінаў. Ніхто нам гэтай зброі проста так ня дасьць. Гэта нам яшчэ пашанцавала дамовіцца з кітайцамі, але далей залежнасьці быць не павінна», — сказаў Лукашэнка падчас азнаямленьня з распрацоўкамі зэнітнага ракетнага ўзбраеньня на вытворчай базе ў Мачулішчах.

Як інфармуе ягоная прэсавая служба, ідзе распрацоўка ўласнага ўзбраеньня, здольнага дасягаць цэляў на адлегласьці да 300 км, аднак пакуль тэрміны не вытрымліваюцца.

«Распрацоўнікі запэўнілі кіраўніка дзяржавы, што да верасьня павінен зьявіцца першы досьледны ўзор. Для выпрабаваньня гэтай ракеты разглядаюцца палігоны ў Кітаі, Расеі, Казахстане, Узбэкістане, Саудаўскай Арабіі», — гаворыцца ў паведамленьні.

Раней Лукашэнка ўжо даручаў павялічыць далёкасьць паражэньня беларускай распрацоўкі РСЗА «Палянэз». Комплекс быў прыняты на ўзбраеньне беларускай арміі ў 2016 годзе. Першапачаткова яна складала да 200 км, у наступным, за кошт выкарыстаньня новых ракет, была павялічана да 300 км.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG