Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Знайшлі зьвесткі пра расстралянага ў Курапатах


Урочышча Курапаты, від з дрону
Урочышча Курапаты, від з дрону

Гісторык Зьміцер Дрозд апублікаваў на сайце Беларускага дакумэнтацыйнага цэнтру зьвесткі пра расстралянага ў Курапатах Мардыхая Шулькеса.

Як знайшлі цела Шулькеса?

У 1997-1998 гадах аднавілі крымінальную справу па факце выяўленьня ва ўрочышчы Курапаты парэшткаў людзей з прыкметамі гвалтоўнай сьмерці. Справу даручылі весьці Вайсковай пракуратуры. Падставай для аднаўленьня справы паслужылі сьведчаньні, што нібыта ў Курапатах хавалі ахвяраў Галакосту.

Для правядзеньня эксгумацыі целаў пры Інстытуце гісторыі НАН Беларусі рганізавалі спэцыяльную групу археолягаў. У кастрычніку 1997 і траўні 1998 гадоў вывучылі 23 абʼекты, з якіх 9 аказаліся магіламі.

У адным з раскопаў, дзе было выяўлена 74 целы, археолягі знайшлі тры партманэ з трыма турэмнымі квітанцыямі. У дзьвюх зь іх алоўкам былі ўпісаны дадзеныя: турма Горадні, дата 10 чэрвеня 1940 году і імёны: Мойша Ёсевіч Крамэр і Мордух Шулькес. Паводле адзеньня на целах было ўстаноўлена, што расстрэл, хутчэй за ўсё, праходзіў у цёплую пару году.

У выніку сьледзтва ня выявіла ніякіх доказаў, якія маглі б пацьвердзіць «нямецкую вэрсію», але матэрыялы дасьледаваньня былі засакрэчаныя і да гэтага часу не даступныя.

Ахвяра сталінскіх рэпрэсій патрапіла ў сьпіс ахвяраў Галакосту

Дрозд паспрабаваў знайсьці хоць нейкія сьляды Крамэра і Шулькеса. Прозьвішча Крамэр аказалася занадта распаўсюджаным, каб за нешта зачапіцца. А вось Шулькес, як выявілася, — наадварот. Для дасьледаваньня гісторык зьвярнуўся да велізарнай базы даных ахвяр Галакосту на сайце Яд Вашэм.

Першая анкета на Мардухая Шулькеса была запоўненая яшчэ ў 1955 годзе, але заставалася толькі на паперы. Нядаўна яе алічбавалі, і цяпер яна даступная любому ахвочаму.

«Мяркуючы з імёнаў, гэтыя карткі запаўнялі бацька і малодшая сястра Мордуха Шулькеса. Абодва яны былі далёка ад Беларусі і нічога ня ведалі пра лёс Мордуха — таму і меркавалі, што ён стаў ахвярай Галакосту. У адной з картак запісана, што меркавана ён загінуў ад бамбаваньня», — расказаў «Новаму часу» Зьміцер Дрозд.

Калі рэпрэсавалі, то за што

Даследчык сталінскіх рэпрэсій Сяргей Раманаў знайшоў фатаграфію 1932 году, на якой Мордух Шулькес адзначаны як удзельнік горадзенскай сэкцыі моладзевай сіянісцкай арганізацыі «Бэйтар», мэтай якой была падрыхтоўка байцоў за Ізраільскую дзяржаву. «Бэйтар» значыцца ў сьпісах НКУС як контррэвалюцыйная і антысавецкая суполка. Гэта значыць, усе яе ўдзельнікі падлягалі пастаноўцы на сьпісачны ўлік, а кіраўнікі і найбольш актыўныя сябры – арышту. І ў гэтым, магчыма, адказ на пытаньне, як і чаму рэпрэсавалі Шулькеса.

Пакуль застаецца адкрытым пытаньне, калі ён быў арыштаваны: у 1939 або ў 1940 годзе. Потым яго этапавалі ў Менск, дзе і расстралялі ў Курапатах, мяркуе Зьміцер Дрозд.

Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыла архівы. Беларусы лічацца трэцімі паводле колькасьці ахвяраў рэпрэсіяў у сталінскія часы.

Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі — асноўнае, што трэба ведаць
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:38 0:00

Чаму беларускі рэжым не прызнае сталінскія рэпрэсіі

Асноўнае пра Курапаты

Расстраляныя літаратары. Гісторыя 12 творцаў, забітых 80 год таму

Як унукі і праўнукі шукаюць зьвесткі пра рэпрэсаваных сваякоў

«Баюся ўлады, якая пачне забіваць». Стогадовая беларуска, асуджаная ў СССР за шпіянаж, распавядае пра рэпрэсіі

Картатэка Сталіна

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG