Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зялёны ачаг. Амазонія як вечная крыніца каранавірусаў


Вільготны экватарыяльны лес, Эквадор
Вільготны экватарыяльны лес, Эквадор

Катастрафічнае зьнішчэньне і «прамысловае асваеньне» дзікіх рэгіёнаў Амазоніі, дзе яшчэ захоўваюцца самыя буйныя масівы некранутых джунгляў на плянэце, спрыяюць зьяўленьню ўсё новых небясьпечных хваробаў, якія перадаюцца ад жывёлаў да чалавека. На фоне пандэміі COVID-19 эколягі заклікаюць чалавецтва задумацца над тым, што цяперашні каранавірус — гэта, магчыма, толькі пачатак,​ піша аглядальнік расейскай Свабоды Аляксандар Госьцеў.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Наступная пандэмія якога-небудзь сьмяротнага вірусу, пра існаваньне якога мы пакуль нават не падазраём, можа распаўсюдзіцца па Зямлі з трапічных лясоў Амазоніі. Пра гэта​ заявіў некалькім заходнім выданьням вядомы бразыльскі эколяг, блогер і палітычны актывіст Давід Лапола. Ён папярэджвае, што ўварваньне людзей у месцы пражываньня дзікіх жывёлаў — праз што, верагодна, і пачалася сёньняшняя пандэмія новага каранавірусу, — у Амазоніі імкліва расьце з прычыны нястрымнага высяканьня лясоў. Пранікненьне «цывілізацыі» ў некалі зусім некранутыя, гіганцкія па плошчы раёны амазонскай сэльвы спрыяе ўзьнікненьню масы заанозных хваробаў, то бок такіх, якія перадаюцца ад жывёлаў чалавеку.

Каранавірус SARS-CoV-2, як ужо амаль упэўненыя сусьветныя навукоўцы, перадаўся людзям ад кажаноў, верагодна, праз трэці від у кітайскай правінцыі Хубэй, якая хутка ўрбанізуецца. Давід Лапола, які вывучае, як чалавечая дзейнасьць мяняе экасыстэмы трапічных лясоў, перакананы, што ў Амазоніі адбываюцца такія самыя працэсы. «Басэйн Амазонкі — гэта велізарны рэзэрвуар розных вірусаў, — сказаў ён у інтэрвію агенцтву AFP. — І нам лепей не выпрабоўваць свой лёс».

Індзейцы племені Мура на месцы высечанага ўчастку сэльвы, Бразылія
Індзейцы племені Мура на месцы высечанага ўчастку сэльвы, Бразылія

Трапічныя і дажджавыя лясы басэйну Амазонкі найбуйнейшыя ў сьвеце, яны вырабляюць кісларод ня толькі для Лацінскай Амэрыкі, але і для ўсёй плянэты. З Амазоніяй зьвязана і самая вялікая па плошчы экалягічная катастрофа на Зямлі — з прычыны працэсу абязьлесеньня, спрычыненага выключна дзейнасьцю людзей, ужо больш за 20 адсоткаў амазонскіх лясоў незваротна страчаныя.

Амазонская сэльва адзначаецца і найбольшай біялягічнай разнастайнасьцю на плянэце — жывога там больш, чым у трапічных лясах Азіі і Афрыкі, разам узятых. Гэта прыкладна 40 тысячаў відаў расьлінаў, у тым ліку 16 тысячаў відаў дрэваў, 3 тысячы відаў рыб, амаль 2 тысячы відаў птушак, больш за тысячу відаў млекакормячых, земнаводных і паўзуноў і амаль 130 тысяч відаў розных беспазваночных.

Але сёньня самы вялікі ў сьвеце трапічны лес зьнікае з пагрозьлівай хуткасьцю. У мінулым годзе, на пачатку кіраваньня цяперашняга прэзыдэнта Бразыліі Жаіра Балсанару, высяканьне лясоў у бразыльскай Амазоніі павялічылася на 85 адсоткаў і склала больш за 10 тысячаў квадратных кілямэтраў у год. Гэта плошча, роўная тэрыторыі такіх дзяржаў, як, напрыклад, Лібан, Кіпр, Ямайка або Катар. У абязьлесеньні рэгіёну ў першую чаргу вінаватыя гіганцкія карпарацыі, якія карыстаюцца падтрымкай бразыльскага ўраду, але таксама і невялікія фэрмэрскія гаспадаркі, шахцёры і лесанарыхтоўшчыкі, якія нярэдка дзейнічаюць у Амазоніі нелегальна.

Тэндэнцыя працягваецца і ў гэтым годзе. Са студзеня па красавік 2020 году было зьнішчана больш за 1200 квадратных кілямэтраў джунгляў, што стала новым антырэкордам за першыя чатыры месяцы году, паводле дадзеных, атрыманых са спадарожнікавых здымкаў Нацыянальнага інстытуту касьмічных дасьледаваньняў Бразыліі (INPE).

«Гэта дрэнныя навіны ня толькі для здароўя плянэты, але і для здароўя чалавека, — кажа Давід Лапола, які атрымаў доктарскую ступень у галіне мадэляваньня сыстэм Зямлі ў інстытуце Макса Планка ў Нямеччыне; цяпер ён працуе ва ўнівэрсытэце Кампінас у Бразыліі. — Як толькі вы правакуеце і ствараеце экалягічныя нераўнавагі, вірус адразу „пераскоквае“ ад жывёлаў да чалавека. Падобныя заканамернасьці можна назіраць пры распаўсюдзе ВІЧ, ліхаманкі Эбола і ліхаманкі Дэнге. Усё гэта вірусы, якія паўсталі і распаўсюджваюцца ў велізарных маштабах з прычыны экалягічных дысбалянсаў».

Да цяперашняга часу такія ўсплёскі збольшага канцэнтраваліся ў Паўднёвай Азіі і Афрыцы, часта яны былі зьвязаныя з кантактамі чалавека з пэўнымі відамі кажаноў. Але неверагодная біялягічная разнастайнасьць Амазоніі можа зрабіць менавіта гэты рэгіён самай вялікай у сьвеце крыніцай каранавірусаў, перакананы Давід Лапола, які падкрэсьлівае, што ён кажа пра сямейства каранавірусаў у цэлым, а не пра тыя канкрэтныя, што фігуруюць у цяперашняй пандэміі. Пры гэтым, па словах эколяга, цяперашнія ўлады Бразыліі пастаянна аказваюць ціск на нацыянальнае прыродаахоўнае агенцтва IBAMA. Яно сутыкнулася з скарачэньнем пэрсаналу і бюджэту амаль адразу пасьля таго, як Жаір Балсанару заняў прэзыдэнцкае крэсла.

Пажары ў Бразыліі, жнівень 2019
Пажары ў Бразыліі, жнівень 2019

Балсанару, які лічыцца адным з галоўных у сьвеце скептыкаў адносна небясьпекі глябальных кліматычных зьмяненьняў, не аднойчы казаў, што абарона трапічных лясоў ляжыць на эканоміцы Бразыліі вялікім цяжарам і тармозіць яе разьвіцьцё. Найбольшы працэнт галасоў, якія прынесьлі яму перамогу на выбарах у 2018 годзе, ён атрымаў якраз у трох галоўных «лясных» штатах — Амазонас, Мату-Гросу і Мату-Гросу-ду-Сул, дзе ідзе зьнішчэньне сэльвы і разьвіцьцё агракультурнага бізнэсу. Тут фэрмы і прадпрыемствы наступаюць на амазонскія джунглі, а іх уладальнікі і работнікі нішчаць унікальны расьлінны і жывёльны сьвет і асяродзьдзе пражываньня архаічных індзейскіх грамадаў, якія жылі там тысячы гадоў.

Улетку 2019 году ў Амазоніі з гэтай прычыны бушавалі катастрафічныя пажары. Высяканьне лясоў пад пашы і палі прывяло да татальнага «высыханьня» рэгіёну. Але ў асноўным прычынай пажараў, якія бязьлітасна выпальвалі велізарныя масівы амазонскай сэльвы, нагадвае Давід Лапола, сталі наўмысныя падпалы — дзеля расчысткі тэрыторыі, якая прыносіць даход дзялкам.

«Прырода нам за гэта яшчэ адпомсьціць, — кажа бразыльскі эколяг. — Аднак помста яе будзе ня толькі бязьлітаснай, яна будзе яшчэ і татальнай. Бо каранавірусу і кожнай іншай небясьпечнай хваробе пляваць на тое, хто вы, прамысловец-мільярдэр ці просты навуковец, як я сам. Ён будзе забіваць усіх без разбору».

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG