Апэратара тэлеканалу «Белсат» Аляксандра Баразенку, які раніцай 9 траўня быў затрыманы ў Мар’інай Горцы (Менская вобласьць), адпусьцілі з міліцыі.
Алесь Баразенка паведаміў Свабодзе, што каля 9 раніцы 9 траўня яго затрымалі супрацоўнікі ДАІ на падʼезьдзе да Марʼінай Горкі. У яго запыталіся дакумэнты, пачалі аглядаць машыну, паведамілі, што падобная машына можа быць ва ўгоне і прададзеная ў Расею. Папрасілі праехаць у РАУС.
У міліцыі відэаапэратара пратрымалі 2,5-3 гадзіны, склалі пратакол апытаньня, сфатаграфавалі машыну, сказалі, што будзе праводзіцца праверка па факце ўгону аўтамабіля і адпусьцілі каля 12:00. Журналіст адзначыў, што зь ягоным аўтамабілем ня можа быць праблемаў, бо ён набываў машыну ў афіцыйнага дылера Kia Motors у Менску.
Каля 12 гадзін Баразенку адпусьцілі. Аўтамабіль таксама вярнулі, атрымаўшы тлумачэньні.
Баразенка мяркуе, што яму хацелі перашкодзіць асьвятляць «АнтыПарад» у Бабруйску, які меўся адбыцца апоўдні.
За апошнія дні ў шэрагу гарадоў Беларусі адбылося некалькі затрыманьняў журналістаў, якія асьвятлялі несанкцыянаваныя ўладамі акцыі.