Сваякі дваіх памерлых з COVID-19 заявілі, што тыя захварэлі пасьля адпачынку ў санаторыі «Сьвітанак-Любань».
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Пра закрыцьцё ўстановы на травень карэспандэнту Свабоды расказаў дырэктар установы Васіль Усік.
«Санаторый не працуе, на травень закрыты», — сказаў ён.
Васіль Усік спаслаўся на распараджэньне Рэспубліканскага цэнтру аздараўленьня і санітарна-курортнага лячэньня насельніцтва.
«Гэта зьвязана з эпідэміялягічным становішчам», — сказаў дырэктар.
Кліенты, якія набылі пуцёўкі, а гэта ня толькі грамадзяне Беларусі, змогуць адпачыць у іншы час, «калі сытуацыя стабілізуецца».
Паводле Васіля Усіка, у адной з санітарак санаторыя тэст на каранавірус даў станоўчы вынік.
«Больш ніхто не прыяжджаў і не выяжджаў ад нас са станоўчым тэстам. Усіх, хто тэмпэратурыў ці меў нейкія прыкметы, мы накіроўвалі ў раённую лякарню.
У Віцебскай абласной лякарні 4 траўня ад пнэўманіі з каранавірусам памёр дырэктар Глыбоцкага хлебазаводу, дэпутат райсавету, 64-гадовы Алег Толкач. Яго сын Аляксандр распавёў TUT.BY, што бацька захварэў пасьля адпачынку ў санаторыі «Сьвітанак-Любань».
Пра сытуацыю з дырэктарам Васіль Усік сказаў, што «гэта ж прайшло ўжо 20 дзён».
Раней таксама паведамлялася, што памерла 30-гадовая работніца дзіцячага садка Ганна Яцкевіч з Мікашэвічаў, якая адпачывала ў санаторыі «Сьвітанак-Любань». Сваякі кажуць, што яна нічым не хварэла. У санаторыі жанчына прабыла больш за тыдзень, ёй стала дрэнна, павысілася тэмпэратура. 14 красавіка муж забраў яе дахаты. Потым яе паклалі ў лунінецкую лякарню, выявілі пнэўманію. Тэст на каранавірус быў станоўчым. Сваякі кажуць, што Ганьне тэлефанавалі жанчыны, якія адпачывалі разам зь ёй, і таксама скардзіліся на дрэннае самаадчуваньне.
«Хто сказаў, што яна заразілася ў санаторыі? Мы пакуль ня ведаем, высьвятляем», — сказаў дырэктар санаторыя Васіль Усік.
Дырэктар кажа, што праводзілася дэзынфэкцыя памяшканьня санаторыя.
«Калі ў Менску ці ў Гомлі выяўляўся станоўчы тэст, прыяжджала санстанцыя, мы вызначалі кола і ізалявалі людзей, прымалі ўсе меры адпаведна з рэглямэнтам».
У ААТ «Белаграздраўніца», да якога належыць любанскі санаторый, карэспандэнту Свабоды паведамілі, што «сталі ўсе філіялы». У Рэспубліканскім цэнтры аздараўленьня сказалі, што ў «Сьвітанак-Любань» адпачывальнікаў не прымаюць з 1 траўня, «да паляпшэньня санітарна-эпідэміялягічнай сытуацыі».
«Ужо даўно закрылі ўсе санаторыі. Да якога часу, канкрэтна не ўказваецца. Кожны ўласьнік вырашаў, калі спыніць прыём кліентаў. Узяць пуцёўку можна хіба толькі ў санаторыі кіраўніцтва спраў прэзыдэнта», — сказала начальнік Менскага абласнога прадстаўніцтва Ірына Яўсеева.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ