Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы заявілі аб пераносе прэзыдэнцкіх выбараў 10 траўня праз COVID-19


Анджэй Дуда, дзейны прэзыдэнт Польшчы, які лічыўся фаварытам будучых выбараў
Анджэй Дуда, дзейны прэзыдэнт Польшчы, які лічыўся фаварытам будучых выбараў

Польскія партыі «Права і справядлівасьць» (PiS) і «Паразуменьне» выступілі 6 траўня з супольнай заявай аб прэзыдэнцкіх выбарах: праз пандэмію каранавірусу яны не адбудуцца 10 траўня.

«У сувязі з адмовай апазыцыі ад усіх канструктыўных прапановаў, якія дазволілі б сёлета правесьці прэзыдэнцкія выбары ў канстытуцыйны тэрмін, партыі „Права і справядлівасьць“ і „Паразуменьне“ падрыхтавалі рашэньне, якое гарантуе палякам магчымасьць узяць удзел у дэмакратычных выбарах», — перадае заяву Польская прэсавая агенцыя (PAP).

Кансэрватары PiS маюць 235 крэслаў з 460 у ніжняй палаце і 48 са 100 у верхняй. «Паразуменьне» не прадстаўлена ў парлямэнце. Дзейны прэзыдэнт Анджэй Дуда цяпер фармальна беспартыйны, але балятаваўся ад PiS — партыя яго па-ранейшаму падтрымлівае.

Апазыцыя раней патрабавала пераносу выбараў і адмовілася ад удзелу ў прапанаваных PiS выбарах па пошце.

Пасьля 10 траўня, мяркуюць PiS і «Паразуменьне», Вярхоўны суд скасуе выбары 10 траўня празь немагчымасьць іх правядзеньня, а маршалак Сойму (сьпікер ніжняй палаты парлямэнту) абвесьціць новыя выбары як мага хутчэй.

У заяве партыяў сьцьвярджаецца, што новыя выбары прэзыдэнта пройдуць праз пошту ў інтарэсах бясьпекі палякаў у сувязі з эпідэміяй COVID-19.

Раней Сэнат (верхняя палата парлямэнту Польшчы) адхіліў законапраект PiS, які прапаноўваў галасаваньне на прэзыдэнцкіх выбарах выключна праз пошту. Цяпер PiS пры падтрымцы «Паразуменьня» прапануюць папраўкі ў той законапраект.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG