Сэнат Польшчы адхіліў закон аб завочным галасаваньні на прэзыдэнцкіх выбарах, якія маюць адбыцца ў гэтую нядзелю, паведамляе Польскае радыё.
За адхіленьне прагаласавалі 50 сэнатараў, супраць — 35, яшчэ адзін устрымаўся. Большасьць у польскім Сэнаце належыць апазыцыі, у адрозьненьні ад Сэйма, дзе большасьць у кіроўнай кансэрватыўнай партыі «Права і Справядлівасьць», якая падтрымлівае прэзыдэнта Анджэя Дуду.
Адхілены Сэнатам закон цяпер вернецца ў Сэйм. Каб пераадолець вета Сэнату ў ніжняй палаце парлямэнту спатрэбіцца абсалютная большасьць дэпутатаў.
Выбары ў Польшчы павінны прайсьці 10 траўня. Закон аб завочным галасаваньні прадугледжвае магчымасьць пераносу сьпікерам Сэйма гэтай даты на 17 або 23 траўня 2020 года.
На завочным паштовым галасаваньні настойвае кіроўная партыя. Апазыцыя патрабуе перанесьці выбары на пазьнейшы тэрмін. Паводле сацыялягічных апытаньняў, калі б выбары адбыліся ў бліжэйшую нядзелю, то перамог бы на іх Анджэй Дуда.