Афіцыйны прадстаўнік Вэнэсуэлы заявіў, што раніцай да сьвітанку ўзброеная група спрабавала уварвацца ў краіну на катэры праз партовы горад Ля Гуайра за 20 кілямэтраў ад Каракасу.
Пра гэта паведамляе агенцтва АР.
Міністар унутраных справаў Нэстар Рэвэроль заявіў па дзяржаўным тэлебачаньні, што вэнэсуэльскія вайскоўцы адбілі атаку і што маюцца ахвяры. Міністар не ўдакладніў, кім былі нападнікі, але сказаў, што яны прыбылі з суседняй Калюмбіі. Ён таксама не паведаміў пра колькасьць нападнікаў і вадаплаўную тэхніку, якую яны задзейнічалі.
Рэвэроль назваў нападнікаў «наёмнымі тэрарыстамі», якія мелі намер зрынуць урад Вэнэсуэлы і стварыць «хаос».