Гадавая інфляцыя ў I квартале 2020 году паскорылася «з прычыны часовага неспрыяльнага ўзьдзеяньня зьнешніх фактараў», гаворыцца ў аглядзе дынамікі спажывецкіх цэн і тарыфаў Нацбанка Беларусі.
Цэны ў параўнаньні з сакавіком 2019 году вырасьлі на 4,9%. Нацбанк ставіў плянку — ня больш за 5%.
У пачатку першага кварталу 2020 году цэны расьлі павольней, але потым пачалося «нэгатыўнае ўзьдзеяньне зьнешніх фактараў»:
- рост попыту на прадукты з доўгімі тэрмінамі захоўваньня і тавары першай неабходнасьці, калі ў сьвеце ўвялі абмежаваньні ў сувязі з пандэміяй каранавірусу;
- сьледам за расейскім патаньнеў і беларускі рубель, што выклікала рост дэвальвацыйных і інфляцыйных чаканьняў у эканоміцы, гаворыцца ў аглядзе.
Па выніку 1-га кварталу адчувальна падараэжла садавіна — аж на 20%, у той час як гародніна — на 4%.