Ён працаваў у кампаніі 18 гадоў. Інфармацыю карэспандэнту Свабоды пацьвердзіў начальнік аддзелу карпаратыўных камунікацый Мікалай Брэдзелеў.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Нябожчык працаваў начальнікам упраўленьня інжынірынгу, памёр ён сёньня ўначы.
«Апошнія некалькі дзён ён знаходзіўся ў бальніцы з пацьверджаным вынікам тэставаньня на COVID-19, да моманту выхаду на бальнічны і шпіталізацыі працаваў дыстанцыйна ў адпаведнасьці з унутраным рэглямэнтам кампаніі ў пэрыяд эпідэміі.
Цягам больш як 18 гадоў наш калега быў часткай каманды А1 і ўнёс істотны ўклад у будаўніцтва і разьвіцьцё адной з найлепшых сетак мабільнай сувязі ў краіне. Для ўсіх нас гэта вялікая страта. Ад імя кіраўніцтва А1 выказваем глыбокае спачуваньне родным і блізкім Уладзімера Міхайлавіча. Кампанія акажа яго сям’і ўсю неабходную матэрыяльную дапамогу і падтрымку», — сказаў Мікалай Брэдзелеў.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ