Кампанія «Крыніца» апублікавала фінансавую справаздачу за 2019 год, зь якой бачна, што чыстыя страты склалі 6,35 млн беларускіх рублёў, адзначае БелаПАН.
За пазамінулы 2018 год кампанія атрымала чысты прыбытак у 406 тысяч рублёў. Сёлета ж выручка нават вырасла на паўадсотка, да 99,9 млн рублёў, а сабекошт рэалізаванай прадукцыі вырас на 9%, да 78,5 млн рублёў. Продажы алькаголю агулам па краіне за 2019 год вырасьлі і ў аб’ёмах, і грашовым вымярэньні. Ды ў выніку ў «Крыніцы» выйшлі страты.
ААТ «Крыніца» — найбуйнейшы вытворца піва ў Беларусі, вырабляе таксама квас і безалькагольныя напоі. Большая частка акцыяў належыць дзяржаве. У 2018 годзе ўрад заключыў мэмарандум з Эўрапейскім банкам рэканструкцыі і разьвіцьця аб падрыхтоўцы «Крыніцы» да прыватызацыі.
Прадугледжваецца, што да канца 2020 году ЭБРР будзе аказваць падтрымку ў пошуку стратэгічнага інвэстара для «Крыніцы», а таксама дасьць спэцыялізаваную тэхнічную падтрымку. Сам ЭБРР плянаваў разглядаць падтрымку кампаніі ў форме ўдзелу ў акцыянэрным капітале.
Акрамя «Крыніцы» ЭБРР цяпер рыхтуе да прыватызацыі Белінвэстбанк і «Віцебскдрэў». Паводле кіраўніка прадстаўніцтва ЭБРР у Беларусі Аляксандра Піваварскага, пасьпяховае завяршэньне гэтых «пілётных праектаў» будзе «добрым сыгналам» — банк дапускае, што тады зоймецца і іншымі прыватызацыйнымі праектамі ў краіне.