Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лявон Вольскі выдаў новы альбом «Амэрыка». АЎДЫЁ і ВІДЭА


Беларускі сьпявак Лявон Вольскі 15 красавіка выпусьціў сольны альбом «Амэрыка». Яго ўжо можна бясплатна паслухаць або купіць у інтэрнэце. На загалоўную песьню альбому зьнялі кліп.

У альбоме Лявон Вольскі «сьпявае пра прэрыі, вецер і каўбойскі капялюш», але песьні не адносяцца да чыстага кантры, стылю амэрыканскай «сельскай музыкі».

Вольскі кажа, гэтыя песьні «натхнёныя амэрыканскай музыкай 60-х і вэстэрнамі», песьнямі Боба Дылана, Джоні Кэша, The Byrds, Creedence Clearwater Revival і The Beach Boys.

Усе песьні былі запісаны ў Вільні з нарвэскім саўндпрадусарам Снорэ Бэргерудам, зь якім сьпявак запісваў ранейшыя альбомы праекту Volski. Прадусар вырашыў скарыстаць для запісу адмысловыя інструмэнты і кампанэнты, як струны без абмоткі для бас-гітары і скураныя плястыкі для бубнаў.

«Я зь дзяцінства люблю вэстэрны, — тлумачыць Лявон Вольскі. — Гэтыя чырвоныя выпаленыя землі, заселеныя суворымі шукальнікамі прыгодаў, драўляныя мястэчкі з салунам, касьцёлам, банкам і, час ад часу, чыгуначнай станцыяй. Мужныя героі, асьляпляльныя спадарожніцы, падступныя зламысьнікі... Верны конь, паходнае вогнішча, дарожныя торбы... І хэпі-энд, ворагі глытаюць пыл, сылюэт героя павольна зьнікае на тле крывавага захаду сонца».​

Дзьве песьні з альбому Вольскі прэзэнтаваў на інтэрнэт-канцэрце на Дзень Волі. Адну зь іх ён аднойчы выконваў раней — «Палон» на словы дырэктара беларускай службы Радыё Свабода Аляксандра Лукашука на прэзэнтацыі кнігі «Тантамарэскі» Сяргея Дубаўца. І кніга, і песьня прысьвечаныя суду над краязнаўцам і мытнікам Алесем Юркойцем і ягонымі калегамі.

Цяпер сьпявак ладзіць «сусьветны тур» — але ва ўмовах карантынаў гэты тур адбудзецца з дапамогай інтэрнэт-трансьляцыі. Акустычныя канцэрты заплянаваныя адмыслова для Польшчы (16 красавіка), Вялікай Брытаніі (17-га), ЗША (18-га) і іншых краінаў.

Лявон Вольскі вядомы як колішні лідэр гуртоў «Мроя» і N.R.M., лідэр «Крамбамбулі», удзельнік «Народнага альбому» і іншых праектаў.

Але яшчэ да пачатку сольнага праекту Volski ён запісваў сольныя альбомы: жартаўлівыя «Куплеты і прыпевы» (2008) у стылі «блатняку» і сур’ёзную «Белую яблыню грому» (2010) на вершы славутых беларускіх паэтаў.

З праектам Volski ён выдаў ужо тры альбомы: «Грамадазнаўства» (2014), «Псыхасаматыка» (2016» і «Гравітацыя» (2019).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG