Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У сацсетках расейскія рабочыя зь БелАЭС сьцьвярджаюць, што ў іх няма каранавірусу. ВІДЭА


Ілюстрацыйнае фота. Беларуская АЭС у Астраўцы
Ілюстрацыйнае фота. Беларуская АЭС у Астраўцы

15 расейскіх рабочых з будоўлі Астравецкай АЭС трымаюць у ізаляцыі ў Смаргонскай раённай лякарні.

Пра тое, што на будоўлі Астравецкай АЭС выявілі адразу 15 выпадкаў захворваньня на каранавірус, стала вядома 8 красавіка. Пра гэта расказаў міністар аховы здароўя Беларусі Ўладзімер Каранік.

Па словах Караніка, усе яны знаходзіліся на 14-дзённым карантыне перад пачаткам працы на БелАЭС. Яны ўсе не пачыналі працаваць, а менавіта чакалі ў ізаляцыі, як і іншыя іншаземцы, якія прыяжджаюць для працы на будоўлі ў Астраўцы, падкрэсьліў міністар. Акрамя 15 шпіталізаваных у смаргонскую лякарню расейцаў, ізалявалі таксама каля 100 чалавек, якія мелі зь імі кантакт.

Гісторыю пракамэнтаваў міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей.

«Ці ж вось гэтыя 15 заражаных чалавек прыехалі зь Ніжняга Тагіла — гэта таксама дапамога Расеі? — сказаў міністар у інтэрвію парталу Tut.by. — Мы ўсіх вылечым, усім дапаможам, справімся з усім. Але хацелася б, каб, калі робяцца заявы, яны мелі пад сабой падставы».

11 красавіка на прэс-канфэрэнцыі з нагоды завяршэньня місіі САЗ у Беларусі міністар аховы здароўя Уладзімер Каранік паведаміў, што сытуацыя з расейскімі будаўнікамі БелАЭС неадназначная. Іх паўторныя тэсты на каранавірус былі адмоўнымі. Расейцам зрабілі трэці тэст, вынікі якога пакуль невядомыя.

Як стала вядома Свабодзе, усе 15 будаўнікоў пакуль застаюцца ў ізаляцыі ў інфэкцыйным аддзяленьні смаргонскай раённай лякарні (у Астраўцы такога аддзяленьня няма. — РС). Мясцовыя жыхары расказваюць пра эмацыйныя паводзіны расейцаў. Ля вокнаў інфэкцыйнага аддзяленьня пастаянна дзяжурыць нарад міліцыі. У лякарні Свабодзе адмовіліся камэнтаваць сытуацыю, аднак пацьвердзілі, што расейскія грамадзяне па-ранейшаму ў іх і пакуль невядома, як надоўга.

Таксама ў рэдакцыю трапіла некалькі відэазапісаў, аўтары якіх сьцьвярджаюць, што яны зробленыя ў інфэкцыйным аддзяленьні смаргонскага шпіталя расейскімі будаўнікамі. На відэа можна пабачыць некалькіх мужчын, адзін зь якіх называе сваё імя і эмацыйна размаўляе з супрацоўнікамі лякарні, якія спрабуюць узяць у яго аналізы.

«Хачу разьвеяць чуткі наконт гэтага каранавірусу ў Беларусі, — гаворыць аўтар роліка. — Мяне завуць Расьцягаеў Канстанцін. Я працую ў кампаніі „Сезам“. Мы прыехалі ў Беларусь 27 сакавіка. Адпрацавалі тыдзень, усё нармальна. Потым нас зь нейкіх незразумелых прычын адправілі на карантын на кватэры, на самаізаляцыю.

Там мы былі тры дні. Потым сярод ночы да нас уварваліся людзі ў масках, зь міліцыяй. Загадалі хапаць рэчы, ехаць. Прывезьлі невядома куды, нічога не тлумачылі. У Смаргоні. Закрылі ў палаце. Узялі паўторны аналіз, ён быў адмоўны. Потым яшчэ адзін, ён таксама адмоўны. Мы ляжым з хлопцамі, ні тэмпэратуры, ні кашлю. Ніякіх сымптомаў няма. Ніякіх аналізаў нам не паказваюць. Чытаем у інтэрнэце інфармацыю, што мы прывезьлі ў Беларусь вірус. Усё гэта брахня».

На другім роліку, які таксама даслалі ў рэдакцыю Свабоды, відаць, што супрацоўнікі лякарні ў ахоўных камбінэзонах спрабуюць узяць у расейскіх рабочых аналізы. Расейцы адмаўляюцца ад супрацы.

Зьвязацца з аўтарам ролікаў пакуль не атрымалася. Тэлефоны беларускага прадстаўніцтва кампаніі «Сезам», на якую працуюць расейцы, таксама маўчаць. У амбасадзе Расейскай Фэдэрацыі паабяцалі пракамэнтаваць сытуацыю, як толькі гэта будзе магчыма.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG