Расейская кампанія «Яндэкс» штодзень абнаўляе дасьледаваньне аб самаізаляцыі людзей у Расеі і краінах СНД, у тым ліку Беларусі, і «мапу самаізаляцыі». Рэйтынг складзены на падставе зьвестак аб геалякацыі карыстальнікаў сэрвісаў «Яндэксу» і не ахоплівае ўсё насельніцтва.
Зь нядаўняга часу на мапе зьявіліся ня толькі Менск і абласныя цэнтры Беларусі, але і буйныя гарады кшталту Жодзіна (найменш «самаізаляваны» ў Беларусі на момант публікацыі), Рэчыцы і Салігорску (найбольш «самаізаляваныя»). Гарадам выстаўляюцца балы ад 0 (як у час пік у звычайны дзень) да 5 (на вуліцах нікога).
У Менску з пачатку сакавіка ў будныя дні было 0,7–0,8 «бала самаізаляцыі», па выходных — 2,5–3,0 бала. Ды паступова «самаізаляцыя» расьце, на мінулым тыдні дасягнула 1,7–1,9 бала ў будныя дні, 3,3–3,7 у выходныя.
Для параўнаньня, у Маскве, дзе абвясьцілі месяц выходных, увялі абавязковую самаізаляцыю і неўзабаве ўвядуць прапускны рэжым, на мінулым тыдні ў будні было 2,9–3,1 бала, у выходныя 3,5–3,7 бала. У Ерэване і Нур-Султане балы нават вышэйшыя.
У найбольш «самаізаляваных» беларускіх гарадоў на момант публікацыі 3,0 бала, у найменш ізаляваных — 2,2. У расейскім Навасібірску цяпер 1,9 бала, у Маскве — 3,3, а ў Благавешчанску, што на мяжы з Кітаем, 0,9 бала — як у Менску ў пачатку сакавіка.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.