Экспэрты аднаго з найбуйнейшых дабрачынных фондаў сьвету лічаць, што менавіта Вялікая Брытанія можа больш сур’ёзна, чым іншыя эўрапейскія краіны, пацярпець ад каранавірусу. Ад COVID-19 там ужо памерлі амаль 10 тысяч чалавек.
Вялікая Брытанія можа стаць эўрапейскай краінай, якая найбольш сур’ёзна пацярпіць ад пандэміі каранавірусу. Так лічаць экспэрты аднаго з найбуйнейшых у сьвеце дабрачынных фондаў Wellcome Trust, які фінансуе мэдычна-біялягічныя дасьледаваньні. Пра гэта дырэктар фонду Джэрэмі Фарара заявіў у нядзелю, 12 красавіка, у інтэрвію мэдыякампаніі Бі-Бі-Сі.
Фарара, які кансультуе брытанскі ўрад, заклікаў вучыцца на зробленых памылках і наладзіць масавую вытворчасьць і прымяненьне тэстаў, якія б дазволілі выйграць час на перааснашчэньне сыстэмы аховы здароўя. Ён лічыць, што Брытанію чакае другая і трэцяя хваля захворваньняў, якія ўдасца зьмякчыць толькі стварэньнем прышчэпкі і масавай вакцынацыяй, на што спатрэбіцца ня менш за год. «Я надалей спадзяюся, што мы ўсё гэта зробім на працягу дванаццаці месяцаў, але гэта, вядома, беспрэцэдэнтна амбіцыйная мэта», — заявіў дырэктар фонду.
Паводле Сусьветнай арганізацыі здароўя (САЗ), у Вялікай Брытаніі каранавірусам былі заражаныя амаль 80 тысяч чалавек, амаль 10 тысяч чалавек памерлі ад яго наступстваў. У нядзелю прэм’ер-міністар краіны Борыс Джонсан, у якога дыягнаставалі каранавірусную інфэкцыю, быў выпісаны з шпіталя Сэнт-Томас у Лёндане пасьля курсу лячэньня.