Ні каталікі, ні праваслаўныя ня будуць пераносіць набажэнстваў Вялікадня і Вербніцы, нягледзячы на сытуацыю з каранавірусам.
Аднак вонкавыя абставіны ўсё ж прымусілі зьмяніць звыклы фармат: Каталіцкая царква заклікае вернікаў сачыць за імшой онлайн, Праваслаўная царква будзе асьвячаць вербы, яйкі і булкі толькі на вуліцы.
Каталіцкі касьцёл: галоўнае — духоўны ўдзел
Каталіцкі Вялікдзень сёлета прыпадае на 12 красавіка. Службы пераносіцца ня будуць, але кіраўніцтва загадзя зьвярнулася да парафіянаў з просьбай застацца дома і глядзець імшу праз адмысловую трансьляцыю. Такія наўпроставыя ўключэньні ўжо апрабаваныя ў менскім Архікатэдральным касьцёле Найсьвяцейшай Панны Марыі і Чырвоным касьцёле сьвятых Сымона і Алены.
10 красавіка а 19-й гадзіне на тэлеканале «Беларусь-3» пачнецца трансьляцыя набажэнства Вялікай пятніцы з адарацыяй крыжа з касьцёла Найсвяцейшага Панны Марыі.
З аднаго боку, гэта мінімізуе небясьпеку заражэньня каранавірусам, з другога, забясьпечыць духоўны ўдзел, патлумачыў прадстаўнік Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі ксёндз Юры Санько. Паводле яго, не вада асьвячае стравы на велікодным стале, а малітва, якую прамаўляе сьвятар.
З улікам таго, што пэўная частка некампутарызаваных вернікаў, асабліва пажылога ўзросту, усё ж захоча прыйсьці ў храм, цэнтральныя службы мяркуецца правесьці на вуліцы. Пры гэтым ярархі папярэджваюць: менавіта такія людзі складаюць асноўную групу рызыкі, асабліва з хранічнымі захворваньнямі органаў дыханьня, сардэчна-сасудзістай сыстэмы, цукровым дыябэтам.
Для сталых наведнікаў унутры касьцёльных памяшканьняў у дастатковай колькасьці ёсьць раствор для антыбактэрыяльнай апрацоўкі рук, штодня праводзіцца дэзынфэкцыя з праветрываньнем, праціраннем лавак, мыцьцём падлогі.
Праваслаўная царква: асьвячэньне яек — па-за храмам
У праваслаўных Велікоднае богаслужэньне адбудзецца ў ноч з 18 на 19 красавіка. А за тыдзень да таго, 12 красавіка, будзе Вербніца.
Паводле старшыні Сынадальнага інфармацыйнага аддзелу Беларускай праваслаўнай царквы пратаярэя Сергія Лепіна, службы пераносіцца ня будуць, але падвысяць нормы бясьпекі. Напрыклад, асьвячаць яйкі, булкі і іншую ежу будуць ня ў храме, а на вуліцы. Таксама як і вербы.
Паколькі і вернікі, і значная частка духавенства — людзі ўзроставыя, раней прыходам было рэкамендавана ўстрымацца ад прыкладаньня да абразоў, цалаваньня крыжоў і рук. Абразы дэзынфікуюць спэцыяльнымі растворамі. Святары ўскладаюць верніку крыж на галаву, а не даюць яго цалаваць. Афіцыйных онлайн-трансьляцый, адрозна ад каталікоў, у праваслаўных храмах не прадугледжана, але некаторыя храмы трансьлююць нядзельныя службы ў інтэрнэце. Афіцыйная трансьляцыя з катэдральнага сабора Менску, як заўжды, будзе ўвечары 18 красавіка па БТ.
Сьвяты сынод разам са службамі санэпідэмкантролю распрацавалі інструкцыі для храмаў — абавязковая дэзынфэкцыя, стэрылізацыя, праветрываньне, павязкі і пальчаткі для пэрсаналу.
Прадстаўнік БПЦ адзначае, што прапаноў перанесьці сьвятое набажэнства не было, паколькі няма гарантыі, што ў акрэсьлены тэрмін сытуацыя нармалізуецца.
Аднак некаторыя вернікі ў зьвязку з эпідэміалягічнай сытуацыяй ўсё ж вырашылі адмовіца ад рызыкоўных масавых збораў. Як паведаміла Натальля Гарковіч, каардынатарка службаў на беларускай мове ў прыходзе сьвятой Ксеніі Міхайлаўскага прыходу ў менскім мікрараёне Сухарава, літургія па-беларуску ў Вербную нядзелю 12 красавіка адмяняецца. Такое рашэньне было прынятае пасьля папярэдняга абмеркаваньня са сьвятарамі.
На афіцыйным партале БПЦ ёсьць графік служэньняў мітрапаліта Менскага і Заслаўскага Паўла на красавік. Зь яго вынікае, што патрыяршы экзарх адслужыць у Сьвята-Духавым катэдральным саборы літургію на Ўваход Госпада ў Ерусалім (Вербную нядзелю) і ў Вялікую суботу, а таксама Велікодную паўночніцу і ўтраню, узначаліць хрэсны ход і адправіць у нядзелю Велікодную вячэрню.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ