Дасьледаваньне пандэміі грыпу 1918 году паказвае, што тыя гарады ЗША, якія агрэсіўней баранілі здароўе людзей, спраўней адбудоўвалі эканоміку.
Дасьледаваньне «Пандэмія прыгнятае эканоміку, захады ў галіне аховы здароўя — не: сьведчаньні грыпу 1918 году» было разьмешчана ў Social Science Research Network як працоўны матэрыял 26 сакавіка. Дасьледаваньне яшчэ не прайшло рэцэнзаваньня, аднак на сайце Масачусэцкага інстытуту тэхналёгій (MIT) публікуюцца яго галоўныя высновы.
Большая частка ЗША апошнім часам перайшла ў рэжым «адключэньня», каб абмежаваць распаўсюджваньне хваробы COVID-19. У зьвязку з гэтым пачаліся дыскусіі пра тое, калі краіна зможа «зноў адкрыць» гандаль, каб абмежаваць адмоўныя эканамічныя наступствы пандэміі. Але, як паказвае гэтае дасьледаваньне, адзін з суаўтараў якога — эканаміст з MIT, менавіта клопат найперш пра здароўе насельніцтва абумоўлівае потым спраўнейшую адбудову эканомікі.
У дасьледаваньні выкарыстоўваліся дадзеныя пра пандэмію грыпу, якая ахапіла ЗША ў 1918–1919 гадах. Яно паказала, што гарады, якія абмяжоўвалі сацыяльнае і грамадзянскае ўзаемадзеяньне больш рашуча, паказалі пасьля пэрыяду абмежаваньняў большы эканамічны рост.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Так, гарады, якія ўвялі сацыяльнае дыстанцыяваньне і іншыя захады ў галіне аховы здароўя ўсяго на 10 дзён раней за іншыя, паказалі пасьля завяршэньня пандэміі — да 1923 году — 5-працэнтнае адноснае павелічэньне занятасьці на вытворчасьці. Аналягічна, лішнія 50 дзён сацыяльнага дыстанцыяваньня карэлююць з 6,5-працэнтным павелічэньнем занятасьці на вытворчасьці ў гэтым горадзе.
«Мы не знаходзім ніякіх доказаў таго, што гарады, якія рабілі больш агрэсіўныя захады ў сфэры аховы здароўя, станавіліся горшымі ў эканамічным пляне, — кажа Эміль Вэрнэр, дацэнт факультэтут мэнджмэнту MIT і суаўтар новага дакумэнту з падрабязным выкладам дадзеных і высноваў дасьледаваньня. — Гарады, якія дзейнічалі больш агрэсіўна, далі лепшы вынік».
Пры гэтым ён адзначае, што ідэя «кампрамісу» паміж аховай здароўя і эканамічнай дзейнасьцю, пры пільнейшым разглядзе не вытрымлівае крытыкі: мясьціны, якія пацярпелі ад пандэміі больш, наўрад ці адновяць свой эканамічны патэнцыял настолькі ж хутка, як менш пацярпелыя раёны.
«Гэта ставіць пад сумнеў ідэю, што паміж узьдзеяньнем вірусу і эканамічнай дзейнасьцю існуе кампраміс — бо сама пандэмія надзвычай разбуральная для эканомікі», — лічыць Вэрнэр.
Акрамя Вэрнэра, суаўтарамі дасьледаваньня выступаюць Сэрхіё Карэя, эканаміст з Фэдэральнай рэзэрвовай сыстэмы ЗША, і Стывэн Лак, эканаміст з Фэдэральнага рэзэрвовага банку Нью-Ёрку.
Ацэнка эканамічных наступстваў
У сваім дасьледаваньні трое навукоўцаў абапіраліся на статыстыку сьмяротнасьці, сабраную амэрыканскімі Цэнтрамі па кантролі захворваньняў (CDC), на гістарычныя дадзеныя пра эканоміку, пададзеныя Бюро перапісу насельніцтва ЗША, і на банкаўскую статыстыку, апрацаваную фінансавым эканамістам Маркам Д. Флудам на падставе ўрадавага выданьня Annual Reports of the Comptroller of Currency.
Як адзначае Вэрнэр, матывам дасьледчыкаў было вывучыць пандэмію грыпу 1918-1919 гадоў, каб даведацца, якія яе ўрокі могуць прыдацца ў цяперашні крызіс.
«Генэзіс дасьледаваньня заключаецца ў тым, што нас цікавіць, якога эканамічнага ўплыву чакаць ад сёньняшняга каранавірусу і што думаць пра эканамічныя наступствы сацыяльнага дыстанцыяваньня і захадаў у сфэры аховы здароўя, якія мы назіраем па ўсім сьвеце», — кажа Вэрнэр.
Навукоўцам вядома, што ў розных гарадах у 1918 і 1919 гг. уводзіліся розныя «нефармацэўтычныя захады», альбо меры сацыяльнага дыстанцыяваньня, і гэта карэлюе з рознымі вынікамі ў пляне здароўя. У час той пандэміі гарады, якія пазакрывалі школы раней, напрыклад. Сэнт-Луіс, лепш трымаліся супраць грыпу, чым месцы, дзе такія адмены адбыліся пазьней, напрыклад, Філадэльфія. Новае дасьледаваньне паказвае, што аналягічна было і з эканамічнай дзейнасьцю.
Меры сацыяльнага дыстанцыяваньня тады, як збольшага і сёньня, уключалі ў сябе закрыцьцё школ і тэатраў, забароны на правядзеньне грамадзкіх сходаў і абмежаваньні дзелавой актыўнасьці.
«Цікава, што нефармацэўтычныя ўмяшаньні, якія рабіліся ў 1918 годзе, нагадваюць шмат якія мэтады, якія выкарыстоўваюцца сёньня для зьніжэньня распаўсюджваньня COVID-19», — кажа Вэрнэр.
У цэлым, як паказвае дасьледаваньне, пандэмія нанесла эканоміцы цяжкі ўдар. Выкарыстоўваючы дадзеныя ў маштабе ўсяе дзяржавы, дасьледчыкі выявілі падзеньне вытворчасьці на 18 % аж да 1923 году, хоць апошняя хваля грыпу прайшла яшчэ ў 1919 годзе.
Аднак, разгледзеўшы гэты эфэкт па 43 гарадах, навукоўцы выявілі, што розныя мэтады сацыяльнага дыстанцыяваньня прынесьлі ў эканоміцы вельмі розныя вынікі. Найлепш было ў такіх гарадах, як Оклэнд (Каліфорнія), Омаха (Нэбраска), Портлэнд (Орэган) і Сіетл — усе яны ў 1918 годзе вытрымлівалі рэжым сацыяльнага дыстанцыяваньня больш за 120 дзён. Гарады ж, якія ў 1918 годзе захоўвалі сацыяльнае дыстанцыяваньне менш за 60 дзён, пасьля гэтага сутыкаліся з цяжкасьцямі ў вытворчасьці, — гэта Філадэльфія, Сэнт-Пол (Мінэсота) і Лоўэл (Масачусэтс).
«Мы бачым, што рэгіёны, якія больш пацярпелі ад пандэміі грыпу 1918 году, зазнаюць рэзкі і працяглы спад шэрагу паказчыкаў эканамічнай актыўнасьці, такіх як занятасьць на вытворчасьці, аб’ёмы прамысловай прадукцыі, банкаўскія крэдыты і запасы спажывецкіх тавараў працяглага карыстаньня», — кажа Вэрнэр.
Банкаўскія праблемы
Што тычыцца банкаўскай справы, дасьледаваньне разглядала як паказчык эканамічнага здароўя сьпісаньні банкаўскіх актываў (banking write-downs), паколькі «банкі прызнавалі страты па крэдытах, па якіх хатнія гаспадаркі і прадпрыемствы пераставалі плаціць з прычыны эканамічных разладаў, выкліканых пандэміяй», — заявіў Вэрнэр.
Дасьледчыкі выявілі, што ў Олбані (Нью-Ёрк), Бірмінгэме (Алабама), Бостане і Сыракузах (Нью-Ёрк) — гэта значыць у гарадах, дзе ў 1918 годзе сацыяльнае дыстанцыяваньне трывала менш за 60 дзён, — банкаўскаму сэктару было цяжэй, чым дзе-колечы ў краіне.
Як адзначаюць аўтары, эканамічныя цяжкасьці пасьля пандэміі грыпу ў 1918-1919 гадах зьнізілі здольнасьць фірмаў вырабляць тавары — але зьніжэньне занятасьці азначала, што, з другога боку, зьменшылася і пакупніцкая здольнасьць насельніцтва.
«Зьвесткі, якія мы сабралі ў нашай працы... наводзяць на думку, што пандэмія стварае праблемы як у пляне прапановы, так і ў пляне попыту», — адзначае Вэрнэр.
Вэрнэр пагаджаецца, што структура амэрыканскай эканомікі вельмі зьмянілася з 1918–1919 гадоў. Сёньня адносна менш вытворчасьці і адносна больш актыўнасьці ў сфэры паслуг. Пандэмія 1918–1919 гадоў, да таго ж, асабліва зьнішчальна ўдарыла па дарослых працоўнага веку, што зрабіла яе эканамічны ўплыў яшчэ цяжэйшым. І ўсё ж эканамісты лічаць, што дынаміку папярэдняй пандэміі можна перанесьці на цяперашні крызіс.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ