Са сьнежня 2019 году колькасьць карыстальнікаў аплікацыі для відэаканфэрэнцый Zoom вырасла ў 20 разоў — у многіх краінах кампанія зараз лідэруе на рынку шматкарыстальніцкіх відэазванкоў. Адзін з канкурэнтаў, Google Meet, можа пахваліцца ростам спампаваньняў у ЗША у 30 разоў.
Паводле зьвестак сэрвісу аналітыкі App Annie, выбуховы рост папулярнасьці гэтых праграмаў — у параўнаньні з усярэдненых тыднёвым значэньнем за IV квартал 2019-га — адбыўся за тыдзень у другой палове сакавіка. Аплікацыя для дыстанцыйнай працы Microsoft Teams (з падтрымкай відэазванкоў) за той самы пэрыяд вырасла паводле спампаваньняў у 11 разоў на амэрыканскім рынку, у 30 разоў — у Італіі, у 15 разоў — у Гішпаніі.
Каранавірус падштурхнуў попыт на праграмы відэасувязі для дыстанцыйнай працы і вучобы. Тэлеканал «Настоящее время» дапамагае разабрацца ў новых лідэрах тэлесувязі і зразумець, якія праграмы могуць спатрэбіцца вам.
Zoom: ва ўсіх на відавоку
З разьвіцьцём эпідэміі каранавірусу і пераходам мільёнаў людзей на карантын праграма Zoom прыкметна ўмацавала свае пазыцыі і дэ-факта стала стандартам для многіх дыстанцыйных працаўнікоў. Нават вельмі высокапастаўленых: брытанскі прэм’ер Барыс Джонсан зьбіраў праз Zoom пасяджэньне кабінэту міністраў.
Zoom забясьпечвае якасную відэасувязь і дазваляе бясплатна праводзіць канфэрэнцыі працягласьцю да 40 хвілін (калі трэба даўжэй — давядзецца перазапускаць сустрэчу і ўсім падключацца нанава). На зачыненыя праз каранавірус школы гэтае абмежаваньне не распаўсюджваецца, а прафэсійная вэрсія здымае яго для ўсіх за $14,99 у месяц, дадаючы магчымасьці па кіраваньні ўдзельнікамі і дадатковыя наладкі для канфэрэнцый.
Абмежаваньне на колькасьць удзельнікаў у бясплатнай і прафэсійнай вэрсіях — 100 чалавек, але за дадатковую аплату яго можна пашырыць да 1000. Больш дарагія карпаратыўныя пляны дадаюць дзясяткі новых функцый: напрыклад, аўтаматычныя стэнаграмы і панэлі кіраваньня для адміністратараў.
Нават у базавай вэрсіі хапае наладак і магчымасьцяў: вы можаце досыць гнутка кіраваць удзельнікамі і наладжваць фармат канфэрэнцыі. Zoom умее аўтаматычна і даволі якасна аддзяляць людзей ад фону, таму вы можаце пазбавіць калегаў ад выгляду вашай кватэры на заднім пляне і паказаць замест яе, напрыклад, бераг мора — хопіць пакарыстацца папулярнай функцыяй virtual backgrounds, яна даступная для ўсіх карыстальнікаў.
Ці праўда, што Zoom не зусім бясьпечны?
З ростам папулярнасьці аплікацыі да яго нязьменна ўзрастае цікавасьць зламысьнікаў, спэцыялістаў па кібэрбясьпецы і змагароў за лічбавыя правы. Zoom не выключэньне. У ім ужо знайшлі мноства праблем з бясьпекай і абаронай асабістых зьвестак: як сурʼёзных, так і надуманых.
Напрыклад, многія скардзяцца на «зумбомбінг» — падключэньне да асабістых размоваў незнаёмцаў. Але гэта магчыма толькі для ня абароненых паролем сэсій, калі арганізатар у дадатак яшчэ і ня ўжыў дадатковых захадаў абароны ад выпадковых наведвальнікаў накшталт «вітальні» (waiting room) — іх Zoom ужо ўключыў па змаўчаньні.
Яшчэ адна зь нядаўніх праблем зьвязаная з асаблівасьцямі сыстэмы назваў для захаваных відэаканфэрэнцый: імёны нескладана вылічыць і многія потым лёгка адшукаць у адкрытым доступе, калі арганізатар паленаваўся памяняць назву ці ўсталяваць пароль.
Узьнікалі пытаньні і да ўцечкі інфармацыі ў Facebook (ужо выпраўлена), і да кіраваньня трафікам (часам размовы карыстальнікаў па-за Кітаем маглі праходзіць праз сэрвэры ў Кітаі), і нават да шыфраваньня Zoom.
Кампанія прызнала складанасьці росту і пытаньні з бясьпекай, абвясьціўшы аб 90-дзённым прыпыненьні працы над новымі функцыямі Zoom, каб накіраваць усе рэсурсы на ўзмацненьне бясьпекі і абароны асабістых зьвестак карыстальнікаў.
Калі ня Zoom, то хто?
Zoom не ўнікальны, у сэрвісу хапае аналягаў. Пройдземся па галоўных.
Акрамя Zoom, часьцей і вышэй за ўсё ў топах продажу ў крамах Apple i Google у ЗША і Расеі апыналіся праграмы для відэаканфэрэнцый ад Google. Для простых відэачатаў праз Google Hangouts (да 10 удзельнікаў) вам хопіць і бясплатнай gmail-скрыні, а для больш функцыянальнай аплікацыі Google Meet трэба будзе падключыцца на платны тарыф Google G Suite (ад $6 у месяц, да 100 удзельнікаў адначасова).
Адукацыйным установам пакет G Suite for Education выдаюць бясплатна, а яшчэ да 1 ліпеня для іх (і для ўсіх камэрцыйных карыстальнікаў G Suite) Google адкрыла шэраг магчымасьцяў з больш дарагой Enterprise вэрсіяй: пабольшаны ліміт удзельнікаў відэаканфэрэнцый (да 250), дададзеная падтрымка запісу канфэрэнцый у воблака на Google Drive, а таксама сталі даступныя жывыя трансьляцыі на аўдыторыю да 100 тысяч чалавек.
Яшчэ адна папулярная праграма для відэаканфэрэнцый — Cisco WebEx. На час каранавіруснай эпідэміі кампанія ўзмацніла свой бясплатны плян: цяпер працягласьць канфэрэнцый не абмежаваная, а максымальны лік удзельнікаў вырас да 100. Адрозтненняў ад Zoom таксама хапае: напрыклад, у WebEx зьмена фону падтрымліваецца толькі ў дадатку для iPhone/iPad, затое апытаньні даступныя нават у бясплатнай вэрсіі. WebEx часта выкарыстоўваецца ў буйных кампаніях, дзе ўжо працуюць іншыя прадукты Cisco.
Адзін з найпапулярнейшых пакетаў для сумеснай працы Microsoft Teams даўно падтрымлівае відэазванкі, а з сакавіка яго бясплатная вэрсія ўзмацнілася дадатковымі магчымасьцямі. Так што Teams — цалкам лягічны выбар для бізнэсовых вэб-канфэрэнцый, асабліва калі ваша кампанія актыўна карыстаецца праграмамі Microsoft.
У адрозьненьне ад канкурэнтаў, Teams прапануе дадатковыя прылады для сумеснай працы — чаты, сховішча файлаў, бясплатныя вэб-вэрсіі Word і Excel. Відэаканфэрэнцыі — не галоўная і не адзіная функцыя аплікацыі, так што па гнуткасьці і функцыянальнасьці ў гэтым пляне Teams можа прайграваць сваім вузкаспэцыялізаваным канкурэнтам. Але нават у бясплатнай вэрсіі Teams падтрымлівае групавыя відэазванкі да 50 чалавек і ўмее размываць фон (пакуль толькі ў вэрсіі для кампутараў, але абяцаюць хутка дадаць і ў Teams для iPhone/iPad). Праўда, арганізацыя буйных нарадаў (да 250 удзельнікаў), запіс і плянаваньне відэаканфэрэнцый ужо запатрабуюць платнага акаўнта — а ён каштуе ад $60 у год.
Гаворачы аб аплікацыях для відэаканфэрэнцый з прыцэлам на дыстанцыйную працу, ня варта забываць і пра звыклыя масавыя праграмы відэазванкоў: Apple FaceTime падтрымлівае да 32 удзельнікаў, Facebook Messenger — да 50. Назва аплікацыі Google Duo зманліва намякае, што яно падтрымлівае толькі відэазванкі адзін на адзін, але нядаўна кампанія павялічыла ліміт удзельнікаў да 12.
Адзін з вэтэранаў рынку відэазванкоў — Skype — нядаўна прапанаваў функцыю Meet Now для хуткай арганізацыі відэаканфэрэнцый, прычым удзельнікам нават неабавязкова ўсталёўваць аплікацыю і ствараць уліковы запіс — хопіць проста браўзэра, апошніх вэрсій Chrome або Edge. Максымум адначасовых удзельнікаў канфэрэнцый у Skype — 50 чалавек.
З адносна новых гульцоў варта зьвярнуць увагу на Houseparty: у ЗША папулярнасьць гэтай праграмы для нефармальных відэасутрэч зь сябрамі расьце выбуховымі тэмпамі. Яно бясплатнае, і хоць відэазванкі абмежаваныя васьмю ўдзельнікамі адначасова, максымальна нефармальны фармат і ўбудаваныя гульні прыцягваюць мільёны людзей. Houseparty падтрымлівае відэапошту і інтэгруецца з вашымі кантактамі з Facebook/Snapchat.