Ліза Пракопчык вучылася на 4-м курсе Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту.
У сакавіку дзяўчына актыўна заклікала студэнтаў да самаізаляцыі, хоць афіцыйнага карантыну адміністрацыя ўнівэрсытэту ня ўводзіла.
«Адлічылі за пропускі», — кажа Ліза Пракопчык і тлумачыць, што зь юрыдычнага боку адлічэньне законнае. Але сама яна лічыць яго палітычна матываваным.
«На факультэце ёсьць людзі, у якіх па 150 гадзін пропускаў у месяцаў, і іх не адлічаюць. У мяне за сакавік было 60–65 гадзін пропускаў, і мяне адлічылі», — кажа яна.
Лізавета кажа, што ў сьнежні зьяжджала за мяжу па грамадзкіх справах і таксама мела іншыя пропускі заняткаў. За ўвесь час вучобы, кажа, яна ня мела пераздач, апроч фізкультуры.
Дзяўчына кажа, што ў сувязі зь ейнай актыўнасьцю яе ў адміністрацыю не выклікалі.
«Калі я была на самакарантыне, мне нават не званілі з адміністрацыі, хоць усім маім аднагрупніцам званілі і пыталі, дзе яны знаходзяцца», — кажа Лізавета.
«Я думаю, што я сама вінаватая, але гэта і палітычна матывавана. Я ведаю шмат людзей, якія ня ходзяць на заняткі, здаюць сэсіі з чацьвёртага разу, і іх не выключаюць, — тлумачыць Ліза. — Я буду абскарджваць гэтае рашэньне, бо ва ўнутраным дакумэнце ўнівэрсытэту напісана, што ў працэсе навучаньня студэнты маюць права на захаваньне свайго жыцьця і здароўя. Я лічу, што самакарантын — гэта і ёсьць захаваньне майго жыцьця і здароўя. Хутчэй за ўсё, гэта не спрацуе, але паспрабаваць трэба».
Сытуацыя Лізаветы адмысловая, бо яна паступала па мэтавым накіраваньні. Гэта азначае, што яна будзе абавязаная вярнуць грошы за атрыманую адукацыю. Сума можа сягаць некалькіх тысяч даляраў.
Кіраўніцтва ВНУ: «Яна не наведвала заняткі і не выконвала заданьні»
«Лізавета была выключаная за сыстэматычнае на працягу навучальнага году неналежнае выкананьне абавязкаў навучэнца, калі да яго раней ужываліся меры дысцыплінарнага спагнаньня, — тлумачыць Радыё Свабода прарэктар па выхаваўчай працы МДЛУ Ўладзімер Пашкевіч. — Гэта артыкул 79, пункт 5.8 Кодэксу РБ аб адукацыі. У Лізаветы зь верасьня па красавік тры вымовы за тое, што яна не наведвала заняткі».
Натальля Лапцева, дэкан факультэту нямецкай мовы, на якім вучылася Лізавета, дадае:
«Тое, што яна ў гэтым месяцы не была атэставаная па ўсіх дысцыплінах першай замежнай мовы, гэта для нас сур’ёзнае адхіленьне, бо з наступнага году нашыя студэнты ідуць на практыку ў школу. І мы б хацелі, каб яны там годна выкладалі нямецкую мову».
«Таму далей такая сытуацыя не магла працягвацца, — кажа Ўладзімер Пашкевіч. — Чалавек не наведвае заняткі і не выконвае заданьні. Яна кажа, што яна знаходзілася на самаізаляцыі. Але тыя студэнты, якія не наведваюць [заняткі. — РС], яны хоць выконваюць хатнія заданьні, а Лізавета гэтага не рабіла».
Натальля Лапцева кажа, што Лізавета прыйшла ва ўнівэрсытэт з добрай падрыхтоўкай. «Першыя яе дасягненьні былі — 7 балаў па ўсіх дысцыплінах, якія яна ў нас вывучала. Але пропускі заняткаў прыводзілі да таго, што яе навучальныя дасягненьні пачалі зьніжацца. І ўжо на апошняй сэсіі яе сярэдні бал быў 5,3», — кажа дэкан.
Палітычныя падставы адлічэньня Пракопчык адміністрацыя адмаўляе.
«Чаму Лізавета зь першага курсу не казала пра гэта, калі яна адбывала 13 сутак арышту, і ніхто ж яе не выключаў, — кажа прарэктар Пашкевіч. — У нас студэнты розных палітычных поглядаў і выказваюць свае пазыцыі па-рознаму. Тыя, хто вучыцца, яны і працягваюць вучыцца».
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ