Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скласьці пагадненьне, расказаць пра парнаграфію. Гаджэт-этыкет для дзяцей і бацькоў у карантыне


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Беларусі падоўжаныя школьныя вакацыі. У шэрагу краін сьвету пачаўся другі месяц карантыну, дзеці працягваюць вучыцца дыстанцыйна і шмат часу праводзяць онлайн. Як зрабіць непазьбежнае онлайн-жыцьцё дзяцей бясьпечным, раяць амэрыканскія і беларускія экспэрты. Прапануем вам па 8 правілаў гаджэт-этыкету ад The New York Times і ад беларускага псыхоляга Юліі Макоўскай, маці двух дзяцей.

Як данесьці да малога дзіцяці інфармацыю пра інтэрнэт-этыкет

Аўтарка The New York Times Мэлінда Вэнэр Моер прызнаецца: яшчэ два месяцы таму яна плянавала, што яе дзеці ня будуць актыўна карыстацца сучаснымі прыладамі і зарэгіструюцца ў сацсетках гадоў у 13, бо да гэтага ўзросту яшчэ цяжка зразумець, як сябе паводзіць у лічбавым сьвеце. Але пандэмія каранавірусу паламала ўсе гэтыя «разумныя пляны», і яе 8-гадовае дзіця «практычна жыве ў сямейным пляншэце — крыху вучобы онлайн, гульні, чаты, FaceTime і электронная пошта. Не адстае і 5-гадовае дзіця». «Сапраўды, хто можа нас вінаваціць? Мы з мужам хочам, каб нашы дзеці мелі сацыяльныя сувязі, нават калі мы ізалюем сябе ў сваім доме», — тлумачыць журналістка.

Аўтарка прызнаецца, што ў хаосе пандэміі сьпярша нават падзабылася, чаму яны былі настолькі асьцярожныя ў лічбавым сьвеце. Неўзабаве, аднак, пачало адбывацца дрэннае — у размовах праз Zoom дзеці пачалі абмяркоўваць часткі цела, зьявіліся грубыя электронныя лісты, скрыншоты чатаў без дазволу ўдзельнікаў і шмат чаго яшчэ.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Але як данесьці да малога дзіцяці інфармацыю пра інтэрнэт-этыкет, сэксуальныя фатаздымкі і нават парнаграфію? Мэлінда Вэнэр Моер разам са спэцыялістамі, у тым ліку Даянай Грэбэр, заснавальніцай кампаніі Cyberwise і аўтаркай кнігі «Raising Humans in a Digital World», склалі парады для бацькоў і дзяцей у карантыне.

Патлумачце дзецям, што да лічбавых прыладаў трэба ставіцца з пэўнай павагай

Трэба вызначыць правілы, каб дзеці пыталіся дазволу на выхад у сеціва ці на карыстаньне гаджэтам, гэтаксама як яны просяць дазволу зайсьці ў суседзкі дом. «Кажучы дзецям пытацца дазволу, вы гэтым самым ужо даяце ім зразумець, што будзеце больш-менш ведаць, што яны там робяць», — кажа Ліз Клайн, віцэ-прэзыдэнтка ў адукацыйных праграмах незалежнай некамэрцыйнай арганізацыі Common Sense Media.

Вызначце правілы, дзе і калі дзеці будуць мець доступ да прыладаў або канкрэтных праграмаў

Магчыма, ім варта забараніць карыстацца пляншэтамі ў пакоях за зачыненымі дзьвярыма і дазволіць гэта рабіць у агульных памяшканьнях. Праўдападобна, у сваім пакоі ім можна чытаць кнігі, але, напрыклад, у чаты і відэачаты трэба заходзіць з агульных месцаў, дзе вы можаце спраўдзіць, што яны робяць. Калі вашы дзеці сустракаюцца зь сябрамі ў рэальным жыцьці ў вашым доме, то вы, найхутчэй, часам падыходзіце да іх і прапануеце закускі. Таму сустрэчы онлайн не павінны адрозьнівацца, тлумачыць Дэвора Хайтнэр, заснавальніца кампаніі Raising Digital Natives і аўтар кнігі «Screenwise».

Складзіце расклад такім чынам, каб дзеці выкарыстоўвалі свае прылады ў той час, калі вы можаце максымальна сачыць за імі

Магчыма, калі вы запускаеце для іх нейкае шоў ці фільм на Netflix праз тэлевізар, варта пакінуць пульт дыстанцыйнага кіраваньня ў сябе. Іншымі словамі, арганізуйце ўсё такім чынам, каб, пакуль вы занятыя нечым іншым, вашы дзеці не сутыкнуліся з праблемамі ў сеціве, раіць Дэвора Хайтнэр.

Заключыце зь дзецьмі пагадненьне

Гэта можа дапамагчы стварыць і запомніць правілы. Вось узоры такога пагадненьня, якія прапануе рэсурс Common Sense Media і Cyberwise. Пасьля падпісаньня наляпіце яго на лядоўню. Калі дзеці парушаюць правілы, прыдумайце адпаведныя наступствы — кшталту немагчымасьці быць онлайн пэўны час. Але калі яны зрабілі нешта дрэннае, не ўсьведамляючы гэтага, то моцна караць ня трэба.

Варта патлумачыць дзіцяці, што прылада, якой яны карыстаюцца, на самой справе не была распрацаваная для дзяцей іх узросту, і калі яна не працуе добра для іх і іх сяброў, то вы будзеце шукаць іншыя варыянты.

Напэўна, вы плянуеце адмовіцца ад пэўных лічбавых прывілеяў для дзяцей, пасьля таго як скончыцца каранавірусны крызіс, і таму, калі вы пагодзіцеся загрузіць канкрэтную праграму, патлумачыце дзецям, што гэта часова, пакуль усе ў карантыне.

Не забудзьцеся пагаварыць зь дзецьмі пра прыватнасьць — альбо яе адсутнасьць

Гэта вельмі важна. «Трэба гэта зрабіць на самым пачатку», — кажа Клайн. Дзеці часта не разумеюць, што ўсё, што адбываецца ў онлайн-сьвеце, можа застацца там назаўсёды, і натрапіць на гэта можа хто заўгодна — і бацькі, і настаўнікі, і супрацоўнікі прыёмнай камісіі каледжу (скрыншоты могуць разысьціся, нават калі ваш чат прыватны).

У Клайн ёсьць так званае «правіла бабулі»: яна кажа дзецям, што яе бабуля ўскладае на яе і на ўсіх астатніх вельмі вялікія спадзяваньні, і калі дзеці ў сеціве, то яны не павінны «рабіць нічога, што не ўхваліла б бабуля Іда».

Акрамя таго, варта растлумачыць дзецям, што чаты і электронныя лісты лёгка зразумець няправільна, таму трэба быць ветлівымі, каб выпадкова не засмуціць ці абразіць сяброў ды блізкіх.

Дзіця можа думаць, што адправіць добраму сябру фатаграфію сваіх частак цела — гэта дасьціпны жарт. Важна растлумачыць, што адпраўка і нават атрыманьне такога фатаздымку падпадае пад заканадаўства аб дзіцячай парнаграфіі.

Дапамажыце дзецям запаўняць свае профілі такім чынам, каб там не было поўных імёнаў, і хай яны ніколі не паведамляюць свайго хатняга адрасу або іншых асабістых зьвестак.

Знайдзіце час, каб падумаць, што прымальна, а што не прымальна для дзяцей у сеціве

Напрыклад, вы ня хочаце, каб дзеці кантактавалі ў сеціве зь незнаёмымі людзьмі, і таму ня ўсімі праграмамі дазваляеце карыстацца. Можна падпісаць іх на рассылку па электроннай пошце, калі папярэдне вы будзеце праглядаць і зацьвярджаць кожны атрыманы ліст ад людзей, якія ня значацца ў папярэдне зацьверджаным сьпісе кантактаў дзяцей. Праграмы электроннай пошты, якія працуюць такім чынам, — Kids Email, Tocomail і Zoobuh.

Клайн прызнаецца, што не адчувае сябе камфортна, дазваляючы сваім дзецям глядзець YouTube Kidsі. Хоць сайт нібыта прыдатны для дзяцей, але часам там трапляецца і недарэчны кантэнт, таму яна абмяжоўвае выкарыстаньне дзецьмі пэўных каналаў і знаходзіцца побач, пакуль яны на гэтым сайце.

Для чатаў яна падпісала свайго сына на Messenger Kids, дзіцячую вэрсію Facebook Messenger, бо тая дае кантроль над людзьмі, зь якімі можна мець зносіны, і дазваляе бачыць выявы і відэа, якія дзіця пасылае і атрымлівае. Акрамя таго, там няма рэклямы.

Іншыя зручныя для дзяцей праграмы — Blinx, Cocoon і Franktown Rocks. Калі вашы дзеці гуляюць у онлайн-гульні, пераканайцеся, што вы прачыталі іх правілы і стандарты.

Магчыма, час пагаварыць пра парнаграфію

«Размовы пра парнаграфію могуць і павінны пачынацца вельмі рана», — кажа Эмілі Ротман, навуковая супрацоўніца аддзелу аховы здароўя ў Бостанскім унівэрсытэце. Пад «вельмі рана» яна мае на ўвазе дзіцячы садок.

Вы можаце растлумачыць сваім дзецям, што як дарослыя п’юць каву ці алькаголь, а дзеці не павінны, — гэтаксама дарослыя часам любяць глядзець фатаграфіі ці відэа з аголенымі людзьмі, але гэта не падыходзіць для дзяцей, і можа іх зьбянтэжыць ці нават запалохаць. Скажыце ім: «Вы павінны мне сказаць, калі калі-небудзь пабачыце гэта — не таму, што я на вас злуюся ці вы зрабілі нешта дрэннае, а проста таму, што я хачу ведаць, як зрабіць ваш кампутар больш бясьпечным, каб гэтага не адбылося», — кажа Ротман.

Каб мінімізаваць верагоднасьць таго, што ваш дзіця выпадкова наткнецца на парнаграфію (гэта прасьцей, чым вы думаеце!), актывуйце бацькоўскі кантроль на сваіх прыладах; тут па спасылцы некалькі спосабаў, як гэта зрабіць. Ёсьць і прыстасаваныя для дзяцей браўзэры, якія абмяжоўваюць вынікі пошуку.

Памятайце: дзеці застаюцца дзецьмі, у тым ліку і ў сеціве

Дзеці ўзаемадзейнічаць зь лічбавымі носьбітамі па-рознаму, у тым ліку і спосабамі, якія для нас ня маюць сэнсу. І пакуль яны ў бясьпецы і ветлівыя, усё ў парадку. Іх знаходжаньне ў сеціве можа цяпер выглядаць для нас дзіўна і нечакана — з прычыны трывогі, якую яны адчуваюць праз каранавірус. Але мы павінны дазволіць ім быць крыху дзіўнымі, бо яны дзеці.

8 парадаў ад беларускага псыхоляга Юліі Макоўскай

Юлія Макоўская
Юлія Макоўская

Псыхоляг Юлія Макоўская больш за месяц знаходзіцца на карантыне з двума дзецьмі. Паводле яе, празьмернае карыстаньне гаджэтамі ўплывае амаль на ўсе сфэры разьвіцьця дзіцяці — і на фізычны стан, і на мову ды эмоцыі. Адначасова гэта і адна з найважнейшых формаў камунікацыі паміж людзьмі дзеля працы і атрыманьня інфармацыі, і ў часы пандэміі гэта відаць асабліва добра. Варта ведаць, як дапамагчы і сабе, і дзецям бясьпечна карыстацца гаджэтамі, асабліва інтэрнэтам", — адзначае псыхоляг.

1. Найперш трэба зьвяртаць увагу на ўзрост дзіцяці

Чым дзіця меншае, тым больш трэба абмяжоўваць час з гаджэтам. Дзецям да 18 месяцаў увогуле нельга мець дачыненьні зь лічбавымі прыладамі, нават калі маці карыстаецца імі, кормячы дзіця. Паводле навукоўцаў, гэта можа нэгатыўна паўплываць на эмацыйную сувязь паміж маці і дзіцем.

2. Дзецям ва ўзросьце ад 2 да 5 гадоў можна карыстацца гаджэтамі адну гадзіну ў дзень і толькі з бацькамі

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота


Прычым ня важна, ці глядзіць дзіця тэлевізар, ці гуляе на пляншэце альбо тэлефоне: агулам — ня больш за гадзіну. Я і як маці, і як псыхоляг разумею, што гэта вельмі складана зрабіць, асабліва калі гаджэты паўсюль, і мы самі імі безупынна карыстаемся. Але варта зацікавіць малых навакольным сьветам, гульнямі, маляваньнем, фізычнай актыўнасьцю, чытаньнем казак і г. д. Ведаю, многія скажуць, што гэта банальная парада і часта цяжка яе прытрымлівацца, бо, напрыклад, бацькі шмат працуюць. Але для гэтага ўзросту, калі мы хочам, каб нашае дзіця правільна расло і разьвівалася, гэта найбольш слушнае, што мы можам зрабіць.

Зразумела, што ўсе мы людзі і можам мець кепскі дзень і дазволіць дзецям трохі даўжэй пагуляць, ці паглядзець тэлебачаньне. Нічога дрэннага не адбудзецца, калі гэта выключныя моманты. Але варта памятаць пра патрэбы псыхічнага і фізычнага разьвіцьця дзяцей у гэтым узросьце і перадусім дапамагаць ім іх задавальняць і адпаведна стымуляваць.

3. Старэйшым дзецям варта растлумачыць, дзеля чаго патрэбныя гаджэты і як імі карыстацца

І таксама — як карыстацца інтэрнэтам увогуле. Расказаць пра карысьць, але таксама і пра небясьпеку.

4. Варта паказаць, як і дзе шукаць у інтэрнэце інфармацыю, здымкі і г. д.

Паказаць толькі тыя старонкі, якімі дзіця можа карыстацца самастойна і якія падаюць толькі правераную інфармацыю.

5. Кантралюйце, у якія гульні гуляе ваша дзіця ў сеціве

Ці адпавядаюць яны ўзросту паводле зьместу.

6. Вырашыце разам зь дзіцем, як часта, як доўга і зь якой мэтай дзіця можа карыстацца гаджэтам

Найлепш, каб час карыстаньня быў падзелены на некалькі пэрыядаў.

7. У нас дома забаронена карыстацца гаджэтамі перад сном

Каб нэрвовая сыстэма магла супакоіцца.

8. Мае дзеці могуць столькі часу карыстацца гаджэтам, колькі чытаюць

Часам, калі гэта магчыма, спалучаем чытаньне і вучэньне з гульнёй на пляншэце.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG