Наваполацкі гарвыканкам рэкамэндаваў арганізацыям «дзеля прафіляктыкі неспрыяльных эпідэміялягічных умоваў» выключыць працу асобаў, старэйшых за 65 гадоў, у месцах масавага знаходжаньня людзей.
Пра гэта гаворыцца ў дакумэнце з пазнакай «тэрмінова», падпісаным старшынёй выканкаму Дзьмітрыем Дзямідавым.
Таксама асобам, старэйшым за 65 гадоў, прапануецца памяняць рэжым работы: арганізаваць дыстанцыйную працу, даць працоўныя, сацыяльныя водпускі і так далей.
Работнікаў, якія знаходзіліся ў службовай выправе ў краіне са складаным эпідэмічным становішчам, будуць адхіляць ад працы, каб выключыць рызыку магчымага распаўсюду інфэкцыі.
Выканкам прапануе ўвесьці і «масачны рэжым» у арганізацыях, якія непасрэдна абслугоўваюць насельніцтва, у тым ліку на аб'ектах гандлю і грамадзкага харчаваньня.
Яшчэ на працоўных месцах павінны кантраляваць наяўнасьць дэзынфэкцыйных сродкаў, антысэптыкаў для апрацоўкі рук.
Акрамя таго, прапануецца зрабіць неабходныя захады «для прафіляктыкі і папярэджаньня ня толькі прафэсійных, але і іншых захворваньняў работнікаў».
Намесьніца начальніка ўпраўленьня працы, занятасьці і сацыяльнай абароны выканкаму Алена Макеева сказала карэспандэнту Свабоды, што «гэта не распараджэньне, а прапанова ў мэтах памяншэньня пагаршэньня сытуацыі».
«Навошта людзей падстаўляць пад рызыку? Але гэта рэкамэндацыі, бо нельга сказаць кіраўніку ўсіх адправіць у водпуск. Кожнае прадпрыемства вырашае само, што яно можа зрабіць для сваіх работнікаў у рамках дзейнага заканадаўства», — сказала яна.
У Наваполацку з канца сакавіка дзейнічае плян дадатковых захадаў для прафіляктыкі і зьніжэньня распаўсюджваньня вострых рэсьпіраторных інфэкцый, сярод якіх COVID-19. Дакумэнт прапануе, як зьменшыць кантакты паміж людзьмі, паведамляе сайт Novaya.by.
Сярод патрабаваньняў, якія прад'яўляюцца да прамысловых абʼектаў:
- праводзіць прыборку з выкарыстаньнем дэзсродку памяшканьняў з масавым знаходжаньнем работнікаў;
- забясьпечыць эфэктыўную працу сыстэм вэнтыляцыі і кандыцыянаваньня;
- абмежаваць колькасьць працоўных у зьмену, разьмежаваць іх патокі пры двухзьменным рэжыме працы зь перапынкам ня менш як 20 хвілін;
- не дапускаць наведваньня староньнімі асобамі вытворчых і бытавых памяшканьняў прадпрыемстваў і арганізацый.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.