Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палата прадстаўнікоў ратыфікавала дамову пра «шэнген за 35 эўра» для беларусаў


©Shutterstock
©Shutterstock

Палата прадстаўнікоў 2 красавіка ратыфікавала пагадненьне паміж Эўразьвязам і Беларусьсю аб спрашчэньні візавага рэжыму. Згодна зь ім, цана шэнгенскіх візаў для беларусаў паменшыцца зь цяперашніх 80 да 35 эўра.

Дакумэнт прадставіў намесьнік міністэрства замежных спраў Алег Краўчанка.

Збор за шэнгенскую візу для грамадзян Беларусі паніжаецца да 35 эўра — раней ён складаў 60 эўра, але ад 2 лютага быў падвышаны да 80 эўра. Пагадненьне пра зьніжэньне да 35 эўра Эўразьвяз і Беларусь падпісалі яшчэ ў студзені, ратыфікуюць жа толькі цяпер.

Калі менавіта дамова набудзе моц, яшчэ не паведамлялася. Спачатку беларускі і эўрапейскі бакі павінны паведаміць адзін адному пра завяршэньне працэдураў ратыфікацыі. Дамову зь беларускага боку яшчэ павінен ратыфікаваць Савет Рэспублікі і падпісаць Аляксандар Лукашэнка, з эўрапейскага — зацьвердзіць Эўрапарлямэнт і Рада Эўразьвязу. Дамова набудзе моц на першы дзень другога месяца пасьля гэтага. Гэта значыць, не раней за 1 чэрвеня, калі ўсё згаданае адбудзецца ў красавіку.

Пагадненьне рэлюгуе выключна кароткатэрміновыя візы, а ня тычыцца доўгатэрміновых візаў для вучобы ці працы ў шэнгеснкіх краінах. Кароткачасовыя візы афармляюцца на знаходжаньне ў шэнгенскай зоне цягам ня больш як 90 дзён у любы 180-дзённы пэрыяд. Грамадзяне могуць зьвяртацца па афармленьне візаў непасрэдна ў амбасаду, а ня ў візавы цэнтар.

Акрамя таго:

  • Шэраг грамадзянаў на пэўных падставах вызваляецца ад аплаты візы.
  • Спрошчаны сьпіс дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць мэты паездкі.
  • Каб атрымаць візу на 5 гадоў ня трэба падаваць шмат папер адносна мэты паездкі, дастаткова прадставіць ліст ад прымаючай арганізацыі, блізкім сваякам дастаткова пісьмовае хадайніцтва ад сваякоў.
  • Падаўжаецца тэрмін знаходжаньня замежных грамадзян на тэрыторыі Беларусі — пакуль той не перавышае 90 дзён у каляндарным годзе.
  • Шматразовыя беларускія візы для шэрагу катэгорыяў змогуць выдавацца на тэрмін ад аднаго да пяці гадоў (цяпер замежныя грамадзяне могуць атрымаць беларускую візу тэрмінам да 1 году, а ў выключных выпадках да 3 гадоў).

Таксама Беларусь ратыфікавала дамову пра рэадмісію асобаў з Эўразьвязу, якія прыбылі туды без дазволу. Беларусі даецца 2 гадовы пэрыяд, цягам якога рэадмісія грамадзян трэціх краін ажыцьцяўляцца ня будзе. За гэты час плянуецца стварыць адпаведныя інфраструктуры для ўтрымаеньня замежнікаў: памяшканьні, тэхніка і іншае.

Пагадненьне сярод іншага дазваляе рабіць рэадмісію паводле паскорнай працэдуры ў выпадку затрыманьня асобаў у памежных раёнах (у ліку якіх аэрапорты) цягам 10 сутак.
Для Беларусі гэта ўжо 6-е пагадненьне аб рэадмісіі – раней былі заключаныя з Расеяй, Казахстанам, Грузіяй, Турэччынай і Украінай. У рамках гэтым пагадненьняў Беларусь штогод выдае каля 200 замежнікаў, а прымае адзінкі.

Беларусі вылучаная дапамога на стварэньне пунктаў для ўтрыманьня замежнікаў у межах дамовы – 2,8 мільёна даляраў. Гэтыя пункты будуць разьмешчаныя ў Жодзіне на 115 чалавек (у сыстэме МУС) і Полацку на 40 чалавек (у сыстэме Памежнага камітэту). На гэтыя грошы будзе закуплена неабходная тэхніка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG