Жыхары вёскі Новыя Доктаравічы расказваюць, што памерла настаўніца Натальля А., якую шпіталізавалі з пнэўманіяй каля двух тыдняў таму.
УЖЫВУЮ. Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
Пра сьмерць Натальлі А. Свабодзе расказаў яе сусед Мікалай, былы настаўнік Доктаравіцкай школы.
«Памерла Натальля, памерла сёньня ўначы, — паведаміў у размове са Свабодай Мікалай. — Я быў раніцай у краме, там людзі расказалі пра гэта. У Доктаравічах ужо ведаюць».
Па словах Мікалая, апошнія пяць дзён Натальля была ў рэанімацыі, лекары змагаліся за яе здароўе. Мэдыкі казалі аднавяскоўцам, што ў яе нібыта быў каранавірус.
У Капыльскай лякарні не адказваюць на тэлефанаваньні.
У Новыя Доктаравічы Натальля А. пераехала разам з мужам зь Менску каля 4 гадоў таму. У мясцовай школе яна выкладала ангельскую мову. Муж доўгі час быў вайскоўцам, цяпер на пэнсіі. Яго разам з дачкой шпіталізавалі 30 сакавіка.
У той жа дзень каля мэдыкі забралі зь вёскі каля 20 дарослых і столькі ж дзяцей. Паводле інфармацыі Свабоды, атрыманай ад бацькоў вучняў доктаравіцкай школы, у некаторых зь дзяцей аналіз на каранавірус даў станоўчы вынік.
1 красавіка Мініздароўя Беларусі заявіла пра 2 сьмерці пацыентаў з COVID-19.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.