Якая грамадзкая рэакцыя на пандэмію каранавірусу? Чаму Лукашэнка кажа, што пандэмія — адно «псыхоз»?
На гэтыя пытаньні адказвае Свабодзе сацыёляг, кіраўнік Беларускай аналітычнай майстэрні, прафэсар Андрэй Вардамацкі.
Сьцісла:
- Людзі параўноўваюць сытуацыю ў іншых краінах, у тым ліку і ў суседніх, з беларускай
- Прадказаньне інфапалiтыкi у нас – лёгкая справа. Заўсёды дзьве стадыi: першая – зьявы няма, другая – зьява пад кантролем
- У розных сыстэмах розная хуткасьць прыняцьця рашэньняў. У нас яна павольная
- Калі ў 1962 годзе можна было схаваць факт навачэркаскага расстрэлу, то цяпер нават адну сьмерць схаваць немагчыма
- На Захадзе кожны палітык разумее, што яго рашэньне адабʼецца на ягоным палітычным лёсе, на ягонай карʼеры, iмгненна
- Трамп ужо зрабіў два крокі, у нас ня зроблена ніводнага
— Расейскі Лявада-цэнтар на пачатку сакавіка правёў апытаньне пра стаўленьне расейцаў да эпідэміі. Паводле дадзеных гэтага дасьледаваньня, амаль траціна расейцаў 20 дзён таму адказалі, што баяцца заразіцца новым каранавірусам. Пры гэтым 33% былі дакладна ўпэўненыя ў сваёй абароненасьці, а яшчэ 35% «хутчэй не асьцерагаліся» вірусу.
Толькі адзін з шасьці чалавек прызнаўся, што ніяк не зьмяніў свае звычкі. Часьцей мыць рукі, паводле вынікаў апытаньня, стаў кожны другі расеец, а радзей выходзіць з дому і сустракацца зь іншымі людзьмі — кожны чацьвёрты.
У Беларусі адпаведных апытаньняў не было ні тады, ні пазьней. Тым ня менш — ці можна ацаніць рэакцыю беларусаў, супаставіўшы яе з рэакцыяй расейцаў, зафіксаваных у апытаньні Лявады-цэнтру?
— Тое, што атрымалася ў апытаньні «Лявады» — гэта тыповая схема першапачатковай рэакцыi грамадзкай думкі пры ацэнцы любой новай зьявы. Грамадзкасьць тыпова падзяляецца на трацiны — 30% — за, 30% — супраць, 30% — ня ведаюць. А ўжо потым iдзе пераструктураваньне. Што тычыцца Беларусі, то тут жыхары атрымліваюць простыя тлумачальныя схемы таго, што адбываецца. Гэта сутнасьць падыходу — складаным зьявам даюцца спрошчаныя тлумачэньнi: трактар, лазьня, гарэлка. А мы маем новы від вірусу, які мае свае асаблівасьці распаўсюду і небясьпекі. Гэтая інфармацыя беларусам не прадʼяўляецца, гаворыцца, што гэта проста сацыяльна-псыхалягічная зьява, паніка і г.д.
Паводле ацэнак насельніцтва, тая інфармацыя, якая ёсьць,успрымаецца як недастатковая па такiх парамэтрах — якія вынікі эпідэміі, як сябе паводзіць, якія ёсьць індывідуальныя сродкі абароны.
Акрамя таго, вельмі нізкі ўзровень даверу той інфармацыі, якая ўсё ж даецца. Як i у iншых драматычных сытуацыях, крывая даверу недзяржаўным сродкам масавай iнфармацыі паўзе ўверх параўнальна з дзяржаунымi. Людзі параўноўваюць сытуацыю ў іншых краінах, у тым ліку і ў суседніх, з беларускай. Менавiта тэхнiчная лёгкасьць параўнаньня прадукуе рост недаверу.
— А наколькі людзі вераць чуткам, якія звычайна ўзьнікаюць у такіх сытуацыях. Сьвятлана Алексіевіч нядаўна ў інтэрвію Свабодзе прыгадала, як пасьля Чарнобылю хадзілі фантастычныя чуткі, гаварылі пра цэлыя паязды з памерлымі, якія таемна адпраўлялі ў Сібір. Гэта ўзьнікае і зараз, маўляў, насамрэч памерлых ня нуль, а гэта дзясяткі, сотні памерлых. У іх вераць?
— Абʼём панікі адваротна прапарцыйны абʼёму інфармацыі. І чым менш інфармацыі даецца, тым вышэйшы ўзровень панікі. І цяпер людзі маюць лёгкую магчымасьць параўноўваць з сытуацыяй у суседніх і далёкіх краінах. У інтэрнэце, у сацсетках гэтай інфармацыі мора. Гэта адрозьненьне ад сытуацыі і Чарнобылю, і пачатку Другой Усясьветнай вайны.
І вось гэты дэфіцыт інфармацыі і лёгкасьць параўнаньня з сытуацыяй у іншых краінах будуць прадукаваць настроі, які набліжаюцца да панічных. І ў гэтым адрозьненьне ад сытуацыі на пачатку Чарнобыльскай катастрофы.
Цяпер мэсыдж дзяржаўных беларускіх мэдыя — расслабцеся, усё ў парадку. Тут схема аднолькавая — што на пачатку Другой Усясьветнай вайны, што напачатку Чарнобылю, што падчас крызісу 2008-2009 гадоў — у нас крызісу няма.
Наперадзе — другая стадыя інфармацыйнай палітыкі: крызіс ёсьць, але ўсё пад кантролем. Прадказаньне інфапалiтыкi у нас — лёгкая справа. Заўсёды дзьве стадыi: першая — зьявы няма, другая — зьява пад кантролем.
Правілы паводзінаў на рынку катастрафічных зьменаў
— Усіх зьдзіўляюць ня столькі дзеяньні, колькі рыторыка Лукашэнкі, яго ўпартае адмаўленьня крызісу, маўляў, гэта ўсё псыхоз. Ён жа ўжо ня можа так думаць, гэта ўжо чыста палітычны разьлік. І гэта вялікая рызыка.
— Я не хацеў бы разважаць у катэгорыях пэрсаналіяў, я хацеў бы разважаць у катэгорыях спэцыфікі пэўных палітычных сыстэмаў. У розных сыстэмах розная хуткасьць прыняцьця рашэньняў. У нас яна павольная. Ёсьць розьніца паміж усьведамленьнем дактароў, эпідэміёлягаў, і палітычным iстэблiшмэнтам. Сыстэма неадаптыўная да новых сытуацыяў. Рынкавыя адносiны ў іншых сыстэмах прывучылі людзей да імгненных рэакцыяў. Як на рынку эканамічным, гэтак і палітычным, гэтак і на рынку, выбачаюся за цынізм, катастрафічных зьменаў.
— А тое, што Пуцін зьвярнуўся да народу з такім алярмічным зваротам, адправіў расейцаў на тыднёвыя выходныя — гэта неяк паўплывае на беларускае грамадзтва і беларускую ўладу?
— Геапалітычныя арыентацыі ўплываюць на палітычныя рашэньні. Ва ўмовах пандэміі ёсьць жаданьне паказаць, што ў нас непаўторная, унікальная сытуацыя і найлепшая рэакцыя. І гэта была падспудная прычына павольнасьці рашэньняў і іншага характару рашэньняў. Рух да больш жорсткіх рашэньняў па барацьбе з каранавірусам у Расеі паслужыць паскарэньню рашэньняў і ў Беларусі.
— Яшчэ раз да чутак пра тое, што насамрэч захварэлых і памерлых нашмат больш, чым пра гэта паведамляецца. Людзі будуць у гэта верыць?
— Самі па сабе факты хаваньня інфармацыі робяцца ўсім вядомымі. Калі ў 1962 годзе можна было схаваць факт навачэркаскага расстрэлу, то зараз нават адну сьмерць схаваць немагчыма. Лёгіка дзяржаўных мэдыя, лёгіка ўлады сыходзяць са схемы часоў навачэркаскага расстрэлу. А лёгіка грамадзкай думкі ўжо іншая. Робяцца ўсім вядомымі факты, калі прыходзіць міліцыя і кажа — нічога не кажыце. Але ў дадзенай сытуацыі гэта надзвычай нефункцыянальна. У сучасным сьвеце гэта і ёсьць асноўны мэханізм прадукаваньня, правакаваньня панікі.
Уратаваць шарагоўца Раяна
— На што разьлічвае Лукашэнка ў сваёй пазыцыі? Ён можа спадзявацца на пэўныя бонусы — ня будзе панікі, эканоміка застанецца на плыву. Але калі, барані Бог, сьмерці пойдуць касяком — шмат людзей скажуць яму: гэта ж празь цябе, праз тое, што ты не абвясьціў карантын. Чаму ён ня лічыць гэта пагрозай для сябе?
— Вельмі павольная рэакцыя тлумачыцца тым, што ў iстэблiшмэнту няма дакладнага прагнозу, якой будзе рэакцыя соцыюму. Цяжкасьць сытуацыі для топавага эшалёну — у адказе на пытаньне, ці спрацуе звычайны мэханізм — народ выцерпіць усё. На Захадзе кожны палітык разумее, што ягонае рашэньне адабʼецца на яго палітычным лёсе, на ягонай карʼеры, імгненна. У Беларусі схема іншая.
— Ну вось Трамп гаворыць, што трэба зьмякчаць карантын. Трамп — дэмакратычны лідэр. Лукашэнка — не. Але яны гавораць адно і тое ж.
— Розьніца ёсьць і яна істотная. Яна ў хуткасьці прыняцьця рашэньняў Трампам. Трамп ужо зрабіў два крокі, — і ў бок пандэміі, і ў бок эканомікі. У нас ня зроблена ніводнага. Розныя сыстэмы каштоўнасьцяў, розныя адказы на пытаньне, ці будуць ратаваць шарагоўца Раяна.