Як у ЗША лечаць ад каранавірусу тых, хто ня мае страхоўкі? Ці праўда, што там справа ідзе да нацыяналізацыі мэдычнай галіны? Ці адраджаюцца рэцэпты знакамітага брытанскага эканаміста Джона Кейнса, якімі карыстаўся Франклін Рузвэльт падчас «Вялікай дэпрэсіі» на мяжы 20-30 гадоў ХХ стагодзьдзя?
На гэтыя пытаньні Свабоды адказаў прафэсар паліталёгіі Ўнівэрсытэту штата Тэнэсі (ЗША) Андрэй Карабкоў.
— Тысячы людзей у ЗША ўжо захварэлі на каранавірус, сотні людзей памерлі. Лячэньне ад гэтай хваробы — дарагое, гэта ня тое, што далі асьпірынчыку і ідзі гуляй. Падключэньне да «вэнтылятара», да апарату штучнай вэнтыляцыі лёгкіх — гэта дарагое лячэньне. Нават тэсты нятанныя, даводзілася чытаць, што нават за тэсты на каранавірус людзі плацяць сотні даляраў. А што рабіць тым, у каго няма страхоўкі? Іх лечаць ці кажуць — у вас няма страхоўкі, дык памірайце?
— Зараз прэзыдэнцкая кампанія ідзе на фоне жорсткай барацьбы ў межах Дэмакратычнай партыі адносна будучыні сыстэмы аховы здароўя ў ЗША. Абама быў першым прэзыдэнтам, які здолеў сфармаваць фактычна грамадзкую мэдыцыну, увесьці паўабавязковую страхоўку. Пры Трампе адбыўся адкат.
Цяпер у Дэмакратычнай партыі ідзе жорсткая канкурэнцыя паміж Бэрні Сандэрсам і Элізабэт Ўорэн з аднаго боку, і Джо Байдэнам з другога. Сандэрс і Ўорэн проста хочуць увесьці грамадзкую мэдыцыну, абавязковую страхоўку і мінімум мэдычнага абслугоўваньня. Іншыя дэмакраты спрабуюць захаваць існую сыстэму прыватных страховак і забясьпечыць мэдычную дапамогу ўсім, хто такіх страховак ня мае. Трамп выступаў супраць такіх прапановаў, як і большасьць рэспубліканцаў, Але зараз аб’ектыўная рэальнасьць штурхае яго ў тым жа накірунку.
Мы ведаем, што кейнсіянства ўмацоўвае свае пазыцыі менавіта ў пэрыяды заняпаду. Так было ў гады «Вялікай дэпрэсіі», калі былі створаныя сыстэма абавязковага сацыяльнага страхаваньня і сыстэма мэдычнага страхаваньня, якая распаўсюджвалася толькі на маламаёмасных і інвалідаў. Сыстэмы лібэртарыянскія, манэтарысцкія, у стылі падыходаў Мілтана Фрыдмэна, умацоўваюць свой уплыў у гады працьвітаньня, калі ёсьць тэндэнцыя да скарачэньня ролі дзяржавы і ўмацаваньня прыватных інстытутаў.
Але тут мае месца яшчэ адзін парадокс. Трамп, пры ўсёй сваёй ваяўнічай манэтарысцкай рыторыцы, абапіраўся на многія кейнсіянскія мэханізмы ўсе гады свайго кіраваньня. Ён вельмі арыентаваўся на дзяржаўныя замовы, на стымулюючую ролю такіх замоваў у разьвіцьці эканомікі. Тут варта прыгадаць бюджэт Пэнтагону, які перавышае 700 мільярдаў даляраў. І цяпер, калі стала відавочна, што прыватная мэдыцына ня справіцца з маштабамі крызісу, які спарадзіў каранавірус, відавочна, што дзяржава ўмацоўвае свае пазыцыі ў гэтай сфэры.
Пакет дапамогі ў памеры 2 трыльёнаў даляраў прадугледжвае павялічэньне дапамогі мэдычнай сфэры і фактычна адчыняе дзьверы для бясплатнага мэдычнага абслугоўваньня тых групаў насельніцтва, якія ня маюць ніякіх мэдычных страховак. А гэта дзясяткі мільёнаў чалавек. Магчыма, што гэта не апошнія трыльёны, якія выдаткоўваюцца на гэтыя мэты. А гэта ізноў жа — навідавоку чарговы паварот да кейнсіянскіх эканамічных падыходаў, паколькі зразумела, што гэтых грошай няма, што яны будуць надрукаваныя дзяржавай і гэта яшчэ больш павялічыць доўг.
І гэта тычыцца ня толькі мэдыцыны, гэта тычыцца і дапамогі тым людзям, якія губляюць працу. Уводзіцца мэханізм базавага даходу, прынамсі на некалькі месяцаў, будзе выплачана па 1200 даляраў кожнаму амэрыканцу, у якога даход ніжэй за 75 тысячаў даляраў на год. 500 даляраў будзе выплачвацца на кожнае дзіця. Больш заможныя людзі ня будуць атрымліваць гэтую дапамогу. Але на гэтыя выдаткі адразу выдзяляюцца 500 мільярдаў даляраў.
— Андрэй, ну а вось практычная сытуацыя. Стары амэрыканскі бомж, у Нью-Ёрку, скажам, дзе зараз пік эпідэміі. Ніякай страхоўкі ў яго няма. Ён захварэў, яго прывозяць у шпіталь на хуткай. У яго цяжкі каранавірус, яму патрэбны «вэнтылятар» — апарат вэнтыляцыі лёгкіх. Сёньня, 26.03.20, яго будуць лячыць ці скажуць — у вас няма страхоўкі, ідзіце пад ваш мост над Гудзанам, памірайце там?
— Бомж заўсёды меў магчымасьць атрымаць дапамогу па хуткай. Хуткая не пытае напачатку, ці ёсьць у вас страхоўка. Яны дапамагаюць вам, а потым разьбіраюцца, ці можаце вы плаціць. І ці маеце вы страхоўку. Так што мэдычную дапамогу такі чалавек атрымае. Іншая справа, што зь ім будзе потым, яму потым давядзецца ўсё роўна ісьці пад мост.
— Вы сказалі — дапамогу ён атрымае. А «вэнтылятар» яму дадуць? Гэта дорага, гэта не тэрміновая паслуга.
— «Вэнтылятар» — гэта наагул праблема, іх не хапае і для іншых катэгорыяў насельніцтва. Зараз Трамп увёў у дзеяньне палажэньне закону аб абароннай эканоміцы, які быў прыняты ў 1950 годзе пры прэзыдэнце Трумане, падчас вайны ў Карэі, і які нават тады выклікаў скандал і дайшоў да Вярхоўнага суду. А сутнасьць закону — што прэзыдэнт можа прымусіць прыватныя прадпрыемства выпускаць тое, што трэба дзяржаве ва ўмовах ваеннага часу.
Тады, 70 гадоў таму, Вярхоўны суд сказаў, што гэта фактычна працэс паўзучай нацыяналізацыі, і рашэньні наконт гэтага ня можа прымаць выканаўчая ўлада. Гэта ставіць пад сумнеў пэўныя пункты Канстытуцыі і гэта па-за кампэтэнцыяй прэзыдэнта.
Таму ў Трумана адрэзалі шэраг паўнамоцтваў, якія яму даваў гэты закон. Зараз Трамп вяртаецца да гэтага закону, зараз нават дэмакраты ў кангрэсе ня выказалі пярэчаньняў з гэтай нагоды. Трамп кажа, што вымусіць пэўныя кампаніі перайсьці на вытворчасьць таго, што трэба грамадзтву — «вэнтылятараў», масак, сродкаў дэзынфэкцыі. Зараз шэраг кампаніяў, якія вытвараюць алькаголь, пераходзяць на вытворчасьць сродкаў дэзынфэкцыі. Мяркую, што Трамп будзе ціснуць на вытворцаў, вымушаючы іх рэзка павялічыць вытворчасьць тых жа «вэнтылятараў».
Але ўжо зараз ясна, што ў дастатковай колькасьці іх выраблена ня будзе. Таму гэтае пытаньне — хто іх атрымае, а хто не — застаецца актуальным, і зусім ня толькі для бамжоў. Гэта агульнанацыянальная праблема. Зараз даволі складана трапіць ня толькі ў шпіталь, але і на прыём да доктара. Каб атрымаць лячэньне, трэба мець доказы, што ў вас менавіта каранавірус, а ня проста прастуда. А каб гэта даказаць, трэба прайсьці тэст, а гэтых набораў для тэстаў недастаткова. Многія людзі застаюцца дома, нават мяркуючы, што ў іх кранавірус, бо ім па сутнасьці няма куды ісьці.
У мяне сын зараз у такой сытуацыі. У яго цяжкі грып. У яго прыватны бізнэс, няма страхоўкі. Ён тэлефануе доктару, а той кажа — напэўна, у вас звычайны грып. Праверыць, ці гэта звычайны грып ці каранавірус — практычна няма куды зьвярнуцца без страхоўкі. І ён адлежваецца дома.
І ў такой сытуацыі дзясяткі мільёнаў людзей. Сыстэма разгортваецца — ствараюцца дадатковыя шпіталі ў гаражах паліклінік, у спартовых комплексах. Адначасна адчуваецца дэфіцыт тэстаў, самага элемэнтарнага абсталяваньня, кшталту масак і хімікатаў для дэзынфэкцыі і, што самае галоўнае, «вэнтылятараў». Іх вытворчасьць зараз будзе агрэсіўна павялічвацца, але іх усё роўна ня будзе хапаць для ўсіх.
Учора быў адкрыты канфлікт паміж губэрнатарам Нью-Ёрку Куома, які, зразумела, гуляе ў сваю палітычную гульню, і Белым домам. Куома казаў, што ён папрасіў у фэдэральнага ўраду 20 тысячаў «вэнтылятараў», а яны яму далі адну тысячу. Хаця ён выдатна ведае, што 20 тысячаў «вэнтылятараў» пакуль проста няма дзе ўзяць, іх яшчэ ня вырабілі.
— Андрэй, вы ўжо сказалі пра вяртаньне кейнсіянскіх рэцэптаў. Сёньня пра гэта быў артыкул у New York Times. А ці ня могуць вярнуцца кейнсіянскія рэцэпты, якія былі выкарыстаныя Рузвэльтам падчас яго «Новага курсу» напрыканцы 20-х- напачатку 30-х мінулага стагодзьдзя, калі было вялікае беспрацоўе і дзяржава штучна стварала працоўныя месцы, можа і ня вельмі патрэбныя, але якія давалі людзям працу і заробак?
Зараз супрацоўнікі некалькіх галінаў масава страчваюць працу — авіябізнэс, рэстараны бізнэс, турыстычны бізнэс. Прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка некалі раіў сваім апанэнтам паехаць папрацаваць у калгас. І рэакцыяй быў шокінг — фу, дыктатар, савок. Але сёньня францускі міністар прапануе афіцыянтам і цырульнікам папрацаваць у полі. Дык Кейнс вяртаецца і ў гэтым сэнсе?
— Гэта ня толькі магчыма, гэта непазьбежна. Трамп спрабаваў пайсьці па гэтым шляху яшчэ два гады таму. Ён прапаноўваў дэмакратам зьдзелку, прапаноўваў пачаць калясальную праграму аднаўленьня інфраструктуры коштам прыкладна паўтара трыльёны даляраў — вярнуцца да будаўніцтва дарог, мастоў, разьвіцьця чыгункі. І ўсе разумелі, што гэта мае ня толькі эканамічную, але і сацыяльна-палітычную подбіўку. Але нянавісьць дэмакратаў да Трампа перашкодзіла ім прыняць гэтую праграму, яна не адпавядала іх ідэалёгіі і інтарэсам. Я мяркую, што зараз дэмакраты трапяць пад моцны ціск, каб прыняць гэтую прапанову і пачаць укладаць грошы ў аднаўленьне інфраструктуры, транспартнай найперш, і ў часткова штучнага стварэньня мільёнаў працоўных месцаў у гэтай сфэры.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ