Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юваль Гарары: Сьвет пасьля каранавірусу


Юваль Гарары
Юваль Гарары

Ізраільскі гісторык, аўтар бэстсэлераў пра гісторыю чалавецтва Юваль Ной Гарары апублікаваў у брытанскай Financial Times артыкул пра тое, якія зьмены адбудуцца і ўжо адбываюцца ў сувязі з пандэміяй.

Гарары папярэджвае пра небясьпеку татальнага сачэньня, якое ня зьнікне і пасьля пандэміі, і заклікае да міжнароднай салідарнасьці ў барацьбе з каранавірусам.

Прапануем вам пераклад публікацыі ў скароце.

Сьцісла:

  • У апошнія гады ідзе вялікая бітва за нашую канфідэнцыйнасьць. Крызіс каранавірусу можа стаць пераломным момантам у гэтым супрацьстаяньні
  • Калі людзей інфармуюць пра навуковыя факты і калі яны давяраюць дзяржаўным органам, грамадзяне могуць паступаць правільна, нават калі Вялікі Брат не назірае за імі
  • Сёньня мільярды людзей штодня мыюць рукі не таму, што баяцца «мыльнай паліцыі», а таму, што разумеюць важнасьць гэтага
  • Каб перамагчы вірус, нам трэба абменьвацца інфармацыяй ва ўсім сьвеце
  • Калі кожны ўрад будзе рабіць сваю справу, цалкам ігнаруючы іншых, вынікам будзе хаос і паглыбленьне крызісу

Чалавецтва перажывае глябальны крызіс. Мабыць, найбольшы крызіс нашага пакаленьня. Рашэньні, якія людзі і ўрады будуць прымаць у найбліжэйшыя некалькі тыдняў, верагодна, паўплываюць на тое, як будзе фармавацца сьвет на доўгія гады. Гэтыя рашэньні паўплываюць ня толькі на нашы сыстэмы аховы здароўя, але і на нашу эканоміку, палітыку і культуру. Мы павінныя дзейнічаць хутка і рашуча, а таксама ўлічваць наступствы нашых дзеяньняў у доўгатэрміновай пэрспэктыве. Узважваючы альтэрнатыўныя рашэньні, мы павінныя кіравацца як тым, як пераадолець непасрэдную пагрозу, гэтак і тым, у якім сьвеце мы будзем жыць пасьля «шторму».

Так, шторм пройдзе, чалавецтва выжыве, большасьць з нас усё яшчэ будуць жывыя, але мы будзем жыць у іншым сьвеце. Многія кароткатэрміновыя надзвычайныя меры стануць часткай жыцьця. Такая прырода надзвычайных сытуацый. І яны паскараюць гістарычныя працэсы. Рашэньні, на якія ў звычайны час сыходзяць гады, сёньня прымаюцца імгненна. Уводзяцца ў эксплюатацыю нясьпелыя і нават небясьпечныя тэхналёгіі, таму што бязьдзейнасьць абыйдзецца занадта дорага.

Цэлыя краіны сталі «марскімі сьвінкамі» ў глябальным сацыяльным экспэрымэнце. Што адбываецца, калі ўсе працуюць з дому і маюць зносіны толькі на адлегласьці. Што адбываецца, калі цэлыя школы і унівэрсытэты сыходзяць у Інтэрнэт. У спакойныя часы ўрады, прадпрыемствы і адукацыйныя ўстановы ніколі б не пайшлі на такія меры. Але сёньня — неспакойныя часы.

У гэты крызісны час перад намі два выбары. Першы — гэта выбар паміж таталітарным сачэньнем і пашырэньнем правоў і магчымасьцяў грамадзян. Другі — выбар паміж ізаляцыяй паводле нацыянальнага прынцыпу і глябальнай салідарнасьцю.

«Падскурнае» сачэньне

Каб спыніць эпідэмію, усё насельніцтва павіннае кіравацца пэўнымі прынцыпамі. Гэтага можна дасягнуць двума спосабамі. Адзін палягае ў тым, што ўрад кантралюе людзей і карае парушальнікаў. Сёньня, упершыню ў гісторыі чалавецтва, тэхналёгіі дазваляюць кантраляваць усіх і ўвесь час. Пяцьдзесят гадоў таму нават КДБ не мог сачыць за 240 млн савецкіх грамадзян 24 гадзіны ў суткі. Пры гэтым у КДБ не маглі быць цалкам упэўнены, што ўся сабраная інфармацыя апрацоўваецца эфэктыўна. КДБ разьлічваў на чалавечых агентаў і аналітыкаў, і яны проста не маглі прымусіць кожнага агента сачыць за кожным грамадзянінам. Але цяпер ўрады могуць разьлічваць на усюдыісныя датчыкі і магутныя альгарытмы, а не на агентаў з плоці і крыві.

У ходзе барацьбы з эпідэміяй каранавірусу некалькі урадаў ўжо ўкаранілі новыя інструмэнты назіраньня. Найбольш прыкметны выпадак — Кітай. Старанна адсочваючы смартфоны людзей, выкарыстоўваючы сотні мільёнаў камэр, кітайскія ўлады могуць ня толькі хутка выяўляць патэнцыйных носьбітаў каранавірусу, але і адсочваць іх перасоўваньне і ідэнтыфікаваць тых, хто ўступіў з імі ў кантакт. Існуюць таксама і мабільныя прыкладаньні, якія папярэджваюць грамадзян аб іх блізкасьці да інфікаваных людзей.

Аднак выкарыстаньне такіх тэхналёгій не абмяжоўваецца Ўсходняй Азіяй. Прэм’ер-міністар Ізраілю Біньямін Нэтаньягу нядаўна упаўнаважыў ізраільскае Агенцтва бясьпекі разгарнуць праграму назіраньня, выкарыстоўваючы тэхналёгіі, якія звычайна прызначаныя для барацьбы з тэрарыстамі, для адсочваньня пацыентаў з каранавірусам.

Вам можа здацца, што ў гэтым няма нічога новага. Але, у апошнія гады і ўрады, і карпарацыі выкарыстоўваюць усе больш складаныя тэхналёгіі для адсочваньня, маніторынгу і маніпуляваньня людзьмі. Тым ня менш, калі мы не будзем асьцярожныя, эпідэмія можа стаць кропкай незвароту.

Ня толькі таму, што гэта можа нармалізаваць разгортваньне сродкаў масавага сачэньня ў краінах, якія да гэтага часу не зьвярталіся да такіх мэтадаў, але нават у большай ступені таму, што гэта аначае рэзкі пераход ад схаванага нагляду да відавочнага і татальнага. Да гэтага часу, калі ваш палец дакранаўся да экрану смартфона і клікаў на спасылку, урад хацеў даведацца, на што менавіта націскае ваш палец. Але цяпер урад хоча ведаць тэмпэратуру вашага пальца і крывяны ціск пад яго скурай.

«Надзвычайны» пудынг

Адна з праблем, што ніхто не ведае, як за намі сочаць, і невядома чым гэта можа абярнуцца ў будучыні. Тэхналёгіі відэаназіраньня разьвіваюцца з шалёнай хуткасьцю, і тое, што 10 гадоў таму здавалася навуковай фантастыкай, сёньня — састарэлая інфармацыя.

Гіпатэтычна, разгледзім нейкі ўрад, які патрабуе, каб кожны грамадзянін насіў біямэтрычны бранзалет. Гэты бранзалет, уявыім, кантралюе тэмпэратуру цела і частату сардэчных скарачэньняў 24 гадзіны ў суткі. Альгарытмы будуць ведаць, што вы хворыя, яшчэ да таго, як вы самі даведаецеся пра гэта. Таксама яны будуць ведаць, дзе вы былі, і з кім сустракаліся. Ланцуг распаўсюду інфэкцыі можа быць рэзка скарочаны, а тое і зусім спынены. Такая сыстэма можа спыніць эпідэмію на працягу некалькіх дзён. Гучыць прывабна, хіба ня так?

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Недахопам зьяўляецца, вядома, тое, што гэта надасьць легітымнасьць жахлівай сыстэме татальнага сачэньня. Калі вы можаце назіраць за тым, што адбываецца з тэмпэратурай майго цела, артэрыяльным ціскам і частатой сардэчных скарачэньняў, калі я гляджу нейкі відэакліп, — вы можаце даведацца, што прымушае мяне сьмяяцца, што прымушае мяне плакаць, і што выводзіць мяне з сябе .

Важна памятаць, што гнеў, радасьць, нуда і каханьне — гэта біялягічныя зьявы, такія ж як і ліхаманка ці кашаль. Тая ж тэхналёгія, якая ідэнтыфікуе кашаль, можа з лёгкасьцю ідэнтыфікаваць сьмех. Калі карпарацыі і ўрады пачнуць масава зьбіраць нашы біямэтрычныя дадзеныя, яны змогуць даведацца пра нас значна лепш за нас саміх.

Тактыка ўзлому дадзеных Cambridge Analytica у параўнаньні з біямэтрычным маніторынгам — гэта каменнае стагодзьдзе. Уявіце сабе Паўночную Карэю ў 2030 годзе, калі кожны грамадзянін павінен насіць біямэтрычны бранзалет 24 гадзіны ў суткі. Калі вы слухаеце прамову Вялікага Правадыра, і бранзалет ўлоўлівае кантрольныя прыкметы гневу, вам — канец.

Вы, вядома, маглі б апраўдаць біямэтрычнае назіраньне як часовую меру, прынятую падчас надзвычайнага становішча, якую скасуюць, калі гэты рэжым скончыцца. Асабліва таму, што на гарызонце заўсёды хаваецца іншая пагроза. Напрыклад, мая родная краіна Ізраіль абвясьціла надзвычайнае становішча падчас вайны за незалежнасьць 1948 году, якая апраўдвала цэлы шэраг часовых мер ад цэнзуры друку і канфіскацыі зямлі да спэцыяльных правілаў вырабу пудынгу (гэта ня жарт). Вайна за незалежнасьць ўжо даўно выйграная, але Ізраіль так і не спыніў надзвычайнае становішча і не адмяніў многія «часовыя» меры 1948 году (указ аб «надзвычайным» пудынгу быў, на шчасьце, адменены ў 2011 годзе).

Нават калі колькасьць заражэньняў каранавірусам зьніжаецца да нуля, некаторыя ўрады могуць сьцвярджаць, што біямэтрычныя сыстэмы назіраньня трэба пакінуць, таму што ёсьць рызыка другой хвалі каранавірусу ці таму, што ў цэнтральнай Афрыцы разьвіваецца новы штам вірусу Эбола і гэтак далей. Вы зразумелі, як гэта працуе. У апошнія гады ідзе вялікая бітва за нашую канфідэнцыйнасьць. Крызіс каранавірусу можа стаць пераломным момантам у гэтым супрацьстаяньні. Бо калі людзям даводзіцца рабіць выбар паміж асабістым жыцьцём і здароўем, яны звычайна выбіраюць здароўе.

«Мыльная» паліцыя

Насамрэч, праблема якраз у тым, што людзей ставяць перад выбарам паміж прыватнасьцю і здароўем. Гэта — ілжывы выбар. Мы можам і павінныя атрымліваць асалоду ад і того, і ад другога — мець і прыватнасьць, і здароўе. Мы можам абараніць сваё здароўе і спыніць эпідэмію каранавірусу ня шляхам увядзеньня таталітарных мер эпідэміялягічнага нагляду, а шляхам узмацненьня правоў і магчымасьцяў грамадзян.

За гэты час найбольш пасьпяховыя намаганьні па стрымліваньні эпідэміі каранавірусу былі зробленыя Паўднёвай Карэяй, Тайванем і Сынгапурам. У той час як гэтыя краіны ў некаторай ступені выкарыстоўвалі прыкладаньні для сачэньня, у большай ступені яны рабілі стаўку на ўсебаковае тэставаньне, сумленную справаздачнасьць і добраахвотнае супрацоўніцтва добра інфармаванай грамадзкасьці.

Цэнтралізаваны маніторынг і суровыя пакараньні — не адзіны спосаб прымусіць людзей захоўваць правілы. Калі людзей інфармуюць пра навуковыя факты і калі яны давяраюць дзяржаўным органам, грамадзяне могуць паступаць правільна, нават калі Вялікі Брат не назірае за імі. Матываванае і добра інфармаванае насельніцтва, як правіла, значна больш уплывовае і эфэктыўнае, чым неасьвечанае, якое жыве ў страху.

Разгледзім гэта на прыкладзе мыцьця рук з мылам. Гэта было адно з найвялікшых дасягненьняў у галіне чалавечай гігіены. Гэтае простае дзеяньне ратуе мільёны жыцьцяў кожны год. Сёньня мы лічым гэта само сабой зразумелым, але важнасьць мыцьця рук з мылам навукоўцы пацьвердзілі толькі ў ХІХ стагодзьдзі. Сёньня мільярды людзей штодня мыюць рукі не таму, што баяцца «мыльнай паліцыі», а таму, што разумеюць важнасьць такога дзеяньня.

Але, каб дасягнуць такога ўзроўню супрацоўніцтва, неабходны пэўны ўзровень даверу. Людзі павінныя давяраць навуцы, давяраць дзяржаўным органам і СМІ. За апошнія некалькі гадоў безадказныя палітыкі наўмысна падарвалі гэты давер. Цяпер гэтыя самыя безадказныя палітыкі могуць паддацца спакусе пайсьці па шляху аўтарытарызму, сьцьвярджаючы, што вы проста ня можаце давяраць грамадзкасьці ў тым, што яна паступае правільна.

Звычайна давер, які руйнаваўся гадамі, ня можа быць адноўлены раптам. Але гэта не нармальныя часы. У момант крызісу розумы таксама могуць хутка зьмяніцца. У вас могуць быць горкія спрэчкі з вашымі братамі і сёстрамі на працягу многіх гадоў, але калі ўзьнікае нейкая надзвычайная сытуацыя, вы нечакана выяўляеце схаваны рэзэрвуар даверу і сяброўства і сьпяшаецеся дапамагаць адзін аднаму.

Эпідэмія каранавірусу зьяўляецца сур’ёзнай праверкай для ўсяго інстытуту грамадзянства. У гэтыя дні кожны з нас павінен зрабіць выбар на карысьць навуковых зьвестак і даверыцца спэцыялістам у галіне аховы здароўя замест неабгрунтаваных тэорый змовы і падтрымкі безадказных палітыкаў. Калі мы зробім няправільны выбар, мы можам пазбавіцца нашых самых каштоўных свабод, на падставе таго, што аўтарытарызм — адзіны спосаб абараніць нашае здароўе.

Нам патрэбны глябальны плян

Другі важны выбар, з якім мы сутыкаемся, — гэта нацыянальная ізаляцыя і глябальная салідарнасьць. І сама эпідэмія, і эканамічны крызіс у выніку гэтага зьяўляюцца глябальнымі праблемамі. Яны могуць быць эфэктыўна вырашаныя толькі шляхам глябальнага супрацоўніцтва.

Перш за ўсё, каб перамагчы вірус, нам трэба абменьвацца інфармацыяй ва ўсім сьвеце. Гэта вялікая перавага людзей перад вірусамі. Каранавірус ў Кітаі і каранавірус у ЗША не абменьваліся парадамі, як лепш інфікаваць людзей. Але Кітай можа падаць ЗША шмат каштоўных урокаў аб каранавірус і пра тое, як зь ім змагацца. Тое, што італьянскі лекар выявіць у Мілане раніцай, цалкам можа выратаваць жыцьці ў Тэгеране да вечара. Калі ўрад Вялікабрытаніі вагаецца паміж некалькімі палітычнымі рашэньнямі, яны могуць скарыстацца парадамі карэйцаў, якія ўжо сутыкаліся з падобнай дылемай месяц таму. Але для гэтага нам неабходны дух глябальнага супрацоўніцтва і даверу.

Краіны павінныя быць гатовыя абменьвацца інфармацыяй адкрыта зьвяртацца па параду, а таксама давяраць атрыманым ведам. Нам таксама неабходныя глябальныя намаганьні па вытворчасьці і распаўсюджваньні мэдычнага абсталяваньня, у прыватнасьці, набораў для тэставаньня і дыхальных апаратаў. Замест таго, каб рабіць гэта лякальна па адным у кожнай краіне і назапашваць абсталяваньне, скаардынаваныя намаганьні маглі б значна паскорыць вытворчасьць і забясьпечыць больш справядлівае разьмеркаваньне.

Падобна таму, як краіны нацыяналізуюць ключавыя галіны прамысловасьці падчас вайны, чалавечая вайна супраць каранавірусу можа патрабаваць ад нас «гуманізацыі» найважнейшых вытворчых лініяў. Багатая краіна, у якой мала выпадкаў захворваньня каранавірусам, павінна быць гатовая адправіць абсталяваньне ў больш бедную краіну, разьлічваючы толькі на тое, што калі ёй пасьля спатрэбіцца падтрымка, іншыя краіны прыйдуць да яе на дапамогу ў адказ.

Мы маглі б разгледзець аналягічныя глябальныя намаганьні па аб’яднаньні мэдычнага пэрсаналу. Краіны, менш закранутыя каранавірусам, могуць накіроўваць мэдычны пэрсанал у найбольш пацярпелыя рэгіёны, як для таго, каб дапамагчы, так і для атрыманьня каштоўнага вопыту. Калі ў далейшым цэнтар эпідэміі зрушыцца, дапамога можа пачаць паступаць у процілеглым кірунку.

Глябальнае супрацоўніцтва жыцьцёва неабходна і на эканамічным фронце. Улічваючы глябальны характар эканомікі, калі кожны ўрад будзе рабіць сваю справу, цалкам ігнаруючы іншых, вынікам будзе хаос і паглыбленьне крызісу. Нам патрэбны глябальны плян дзеяньняў, і ён патрэбны нам хутка.

Яшчэ адной неабходнасьцю зьяўляецца дасягненьне глябальнага пагадненьня аб паездках. Прыпыненьне ўсіх міжнародных паездак на месяцы выкліча вялікія цяжкасьці і ўскладніць вайну з каранавірусам. Краінам неабходна супрацоўнічаць, каб дазволіць перасякаць мяжу, як мінімум некаторым катэгорыям людзей — гэта навукоўцы, лекары, журналісты, палітыкі, бізнэсоўцы. Гэта можа быць дасягнута шляхам пагадненьня аб папярэдняй праверцы падарожнікаў у іх роднай краіне. Калі вы ведаеце, што ў самалёт дапускаюцца толькі старанна правераныя пасажыры, вы б больш ахвотна прынялі іх у сваю краіну.

На жаль, у цяперашні час краіны наўрад ці робяць што-небудзь з гэтага. Калектыўны паралюш ахапіў міжнародная супольнасьць. У пакоі, здаецца, няма дарослых. Можна было чакаць, што ўжо некалькі тыдняў назад адбудзецца тэрміновая нарада ўсясьветных лідэраў, на якой будзе выпрацаваны агульны плян дзеяньняў. Лідэрам G7 ўдалося арганізаваць відэаканфэрэнцыю толькі на гэтым тыдні, і гэта не прывяло да зьяўленьня нейкага пляну.

Падчас папярэдніх глябальных крызісаў, такіх як фінансавы крызіс 2008 году і эпідэмія Эбалы 2014 году, ЗША ўзялі на сябе ролю глябальнага лідэра. Але цяперашняя адміністрацыя ЗША адраклася ад такой ролі. У Белым Доме ясна далі зразумець, што клапоцяцца пра веліч Амэрыкі значна больш, чым пра будучыню чалавецтва.

Гэтая адміністрацыя адмовілася нават ад сваіх бліжэйшых саюзьнікаў. Калі былі забароненыя ўсе паездкі з ЭЗ, Эўразьвяз нават ня быў папярэдне паінфармаваны, ня кажучы ўжо пра тое, каб правесьці кансультацыі аб мэтазгоднасьці такой рашучай меры. Нямеччына была ўзрушаная тым, што нямецкай фармацэўтычнай кампаніі нібыта прапанавалі 1 млрд даляраў на набыцьцё манапольных правоў на новую вакцыну супраць COVID-19.

Нават калі цяперашняя адміністрацыя ў канчатковым выніку зьменіць курс і распрацуе глябальны плян дзеяньняў, нямногія будуць ісьці за лідэрам, які ніколі не бярэ на сябе адказнасьць. Ніхто не рушыць усьлед за тым, хто ніколі не прызнае памылак і які звычайна ўскладае ўсю віну на іншых.

Калі пустата, пакінутая ЗША, ня будзе запоўненая іншымі краінамі, стане ня толькі цяжэй спыніць цяперашнюю эпідэмію, але і яе спадчына будзе працягваць атручваць міжнародныя адносіны доўгія гады. Тым ня менш, кожны крызіс — гэта і магчымасьць. Мы павінныя спадзявацца, што цяперашняя эпідэмія дапаможа чалавецтву ўсьвядоміць вострую небясьпеку, якую ўяўляе сабой глябальная разьяднанасьць.

Чалавецтва павіннае зрабіць выбар. Ці пойдзем мы па шляху разьяднанасьці або пойдзем па шляху глябальнай салідарнасьці? Калі мы абярэм разьяднанасьць, гэта ня толькі падоўжыць крызіс, але, верагодна, прывядзе да яшчэ горшых катастрофаў ў будучыні. Калі мы абярэм глябальную салідарнасьць, гэта будзе перамогай ня толькі над каранавірусам, але і сродкам супраць усіх будучых эпідэмій і крызісаў, зь якімі можа сутыкнуцца чалавецтва ў ХХІ стагодзьдзі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG