Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алексіевіч: Тое, што мы напрацавалі за апошнія паўстагодзьдзя, зьляцела, і мы зноў сядзім па сваіх пячорах


Сьвятлана Алексіевіч
Сьвятлана Алексіевіч

Свабода задае вядомым інтэлектуалам пытаньні пра антрапалягічны сэнс пандэміі, пра тое, як яна ўжо зьмяніла і яшчэ зьменіць Беларусь, сьвет і чалавека. Сёньня прапануем вашай увазе адказы пісьменьніцы, нобэлеўскай ляўрэаткі Сьвятланы Алексіевіч.

Сьцісла:

  • Тыя меры, якія прынялі ў большасьці краінаў, яны ж немагчымыя да канца году ці на некалькі гадоў
  • Амэрыканцы бачаць злых духаў у расейцах, расейцы — у амэрыканцах
  • Гэтая пандэмія — касьмічная зьява
  • Прырода мала з намі лічыцца. І мы зь ёй, але і яна з намі. І яна жыве па сваіх законах
  • Калі гэтая эпідэмія будзе разьвівацца, людзі будуць паміраць і там, дзе ўсё зачынена
  • Я ня думаю, што тут варта зводзіць усё да таго, што Лукашэнка нечага ня робіць. Ніхто ня ведае, што трэба рабіць
  • Зьмена паводзінаў патрэбная, але я лічу, што паніка яшчэ жахлівейшая, яшчэ горшая
  • Навукоўцы павінны раіць уладзе, а ўлада не павінная думаць, што яна самая разумная
  • Гэта вышэй сілаў — ведаць, што за сьценкай памірае твой родны чалавек, а цябе да яго не пускаюць
  • Я мяркую, што чалавек лепшы, чым мы думаем пра яго

— Беларусь — адна з нешматлікіх краінаў у сьвеце, якая не прыняла самых жорсткіх мераў супраць пандэміі: не зачыніла межы, не закрыла школы і ВНУ, кіраўнік дзяржавы кажа, што пандэмія — гэта «псыхоз», маўляў, на трактары ніякі каранавірус ня страшны. Але Беларусь — не адзіная краіна, якая не ўвяла карантын і локдаўн. Апошняе — амаль поўнае спыненьне эканомікі, акрамя сфэраў, якія забясьпечваюць выжываньне. Падобную, ня самую жорсткую тактыку, абралі Вялікабрытанія і Паўночная Карэя. Толкам як правільна рабіць, ня ведае ніхто. А паводле вашага разуменьня, адчуваньня — як правільна, як па-чалавечы? Ці тут павінная быць нейкая нечалавечая лёгіка?

— Я таксама сачу за ўсім гэтым, я толькі што вярнулася зь Лёндану. Зараз гаворыцца, што трэба перахварэць і атрымаць гэты калектыўны, статкавы імунітэт. Гледзячы па ўсім, навукоўцы схіляюцца да гэтай думкі — што грамадзтва, чалавецтва павіннае перахварэць гэтым вірусам, хто выжыве, хто не. Гэта ў прынцыпе адна з вэрсіяў, адна з гіпотэзаў.

Калі я вярнулася ў Беларусь, мне спадабаўся спакой, адсутнасьць панікі, і прадукты ў крамах ёсьць, і туалетная папера. Хаця кажуць, што зараз яна зьнікла ў некаторых месцах. Мне было сумна бачыць людзей Захаду ў разгубленасьці, пустыя паліцы ў тамтэйшых крамах.

І галоўнае — няма гарантыяў, што тыя меры, якія там прымаюцца, абароняць людзей. Мэркель кажа, што гэта дапаможа зэканоміць час для дактароў, можа яны за гэты час нешта прыдумаюць, нейкія формы абароны. У мяне няма адказу, як і ва ўсіх. Мне чамусьці здаецца, што гэта надоўга.

Тыя меры, якія прынялі ў большасьці краінаў, яны ж немагчымыя да канца году ці на некалькі гадоў. А эпідэміі часам доўжыцца столькі, калі прыгадаць эпідэміі чумы ці воспы, якія былі ў гісторыі.

Ну колькі мы прасядзім дома? Два-тры месяцы. Будзе шмат разводаў, усе схуднеюць, будуць вельмі стройнымі.

Людзі ратуюцца, шукаюць разрадкі праз гумар, іронію. Прачытала жарт: зачынены Маўзалей — Ленін самаізаляваўся. А што нам засталося?

Я чытала кнігу нашага навукоўца Аляксандра Чыжэўскага «Зямное рэха сонечных бураў», які апісваў сувязь сонечнай актыўнасьці з падзеямі на Зямлі. Ён складаў табліцы, калі пачынаюцца войны, рэвалюцыі. Такое адчуваньне, што тут нейкія касьмічныя прычыны, законы, ня толькі ўплыў чалавека. Загадкавае зьяўленьне гэтай хваробы. Малаімаверна, што гэта стварыў чалавек. Сур’ёзныя навукоўцы кажуць, што стварыць такое здольная толькі прырода.

— Цяпер па сьвеце, у інтэрнэце, у СМІ, лунае неверагодная колькасьць сэнсацыйных чутак. Маўляў, пандэмія — ужываньне біялягічнай зброі амэрыканцамі. Не, кітайцамі. Не, расейцамі. Не, не ўжываньне, а трагічная выпадковасьць — зброя вырвалася з лябараторыі. Улады хаваюць лік заражаных і колькасьць памерлых. Іх у дзясяткі разоў больш. Не, у сотні. Як вы ставіцеся да такой інфармацыі? Гэта праўда, гэта сьвядомая дезінфармацыя, гэта спараджэньне крызісу?

— Я чула нешта падобнае падчас Чарнобыльскай катастрофы. Калі я стала пісаць кнігу пра яе, я ўбачыла, як дачарнобыльскі чалавек ператварыўся ў чарнобыльскага. Я бачыла, як едуць салдацікі з аўтаматамі. Я пытаюся — у каго вы будзеце страляць? Паціскаюць плячыма. Фізыку будзеце расстрэльваць з аўтаматаў? Такія рэчы казалі пра бездапаможнасьць людзей.

Тады таксама хадзілі фантастычныя чуткі, гаварылі пра цэлыя паязды з памерлымі, якіх таемна адпраўлялі ў Сібір, што ва ўсіх нованароджаных дзяцей рогі і капыты. Калі чалавек нечага не разумее, пачынае працаваць падсьвядомасьць, уяўленьне, генэтычная памяць.

Кансьпіралёгія — гэта наш любімы жанр. Годнасьці няма, нашыя няшчасьці не канвэртуюцца ў годнасьць, у свабоду. Таму і пачынаецца вера ў злых духаў, ў злыя сілы. І іх людзі шукаюць там, на кім факусуецца іх гістарычны вопыт. Амэрыканцы бачаць гэтых злых духаў у расейцах, расейцы — у амэрыканцах.

Я мяркую, што гэтая пандэмія — гэта касьмічная зьява. Гаворыцца зараз, што гэта пакараньне нам за нашыя грахі, за тое, што не маліліся і не стаялі кожны дзень на каленях. Я ня думаю. Мы такая невялікая часьцінка на гэтай плянэце, што прырода мала з намі лічыцца. І мы зь ёй, але і яна з намі. І яна жыве па сваіх законах.

Нашае пакаленьне ўвесь час чула — Абы не было вайны. А потым у нас аказаўся Чарнобыль, распад «чырвонай імпэрыі». А цяпер яшчэ адна касьмічная зьява. Я не належу да людзей, якія замест таго, каб нешта рабіць са сваім жыцьцём, распавядаюць гэтыя глупствы і казкі пра Пуціна ці Лукашэнку. А тут адбываецца падзея, непадуладная нам.

— Усё ж наконт Лукашэнкі. Пакуль у Беларусі ніхто не памёр ад каранавірусу, прынамсі, пра сьмерці невядома. Але калі яны зьявяцца — ці ня скажуць людзі ўладзе: вы вінаватыя, што не зачынілі ўсё, што можна, з-за вас памерлі гэтыя людзі? Яны будуць мець рацыю?

— Калі гэтая эпідэмія будзе разьвівацца, людзі будуць паміраць і там, дзе ўсё зачынена, у той жа Чэхіі, у Францыі, у іншых краінах. Прафэсія палітыка — рызыкоўная, як прафэсія салдата, як прафэсія ўрача, як мы бачым сёньня. Гэта сьвятыя людзі.

Сёньня нават заходняя мэдыцына аказалася ня надта ўзброенай супраць гэтай навалы. Тым ня менш, яны ратуюць людзей. Я бачыла твар гэтага абсалютна змучанага італьянскага доктара, прасіў старых дактароў, старых мэдычных супрацоўнікаў прыйсьці на дапамогу, вярнуцца на працу.

Мне здаецца, што тут недарэчна абвінавачваць палітыкаў, таго ж Лукашэнку.

Я прысутнічала на прэсавай канфэрэнцыі Гарбачова, якому журналісты задавалі жорсткія пытаньні пра красавік 1986 году — Чаму вы цягнулі час, чаму не рабілі тое, што трэба было рабіць? Гэтая прэсавая канфэрэнцыя была некалькі гадоў таму, ён на той час ужо страціў уладу, страціў жонку, яму не было сэнсу хлусіць.

І ён разгублена адказваў: «Я паслаў у Чарнобыль лепшых навукоўцаў, цэлы самалёт. І яны былі разгубленыя, яны ня ведалі, што трэба рабіць. Я пытаўся людзей, якія прысутнічалі пры выбухах ядзернай бомбы. Калі я іх пытаўся, што вы рабілі, каб прадухіліць наступствы, яны казалі — ды нічога асабліва, пілі чырвонае віно».

Мы не гатовыя да гэтай пандэміі. Ня толькі мы, але і палітыкі — і той жа Лукашэнка, і Пуцін, і Макрон. Так што я ня думаю, што тут варта зводзіць усё да таго, што Лукашэнка нечага ня робіць. Ніхто ня ведае, што трэба рабіць.

Ну закрыем межы. Пачнецца чорны гандаль, калі зьнікнуць прадукты і тая самая туалетная папера. Яшчэ большае будзе заражэньне. Я не бяруся судзіць.

— Вядомы палітоляг Іван Крыстэў днямі апублікаваў цікавыя думкі свайго гішпанскага калегі, сярод іх — адна досыць парадаксальная: «Цяпер урадам даводзіцца загадваць грамадзянам зьмяніць свае паводзіны і заставацца дома. А посьпех урадаў у гэтай справе вельмі залежыць ад іх здольнасьці запалохаць людзей так, каб яны рабілі тое, што ім загадана. «Не панікуйце» — памылковы мэсыдж ва ўмовах крызісу COVID-19. Каб стрымаць пандэмію, людзі мусяць панікаваць — і мусяць кардынальна зьмяніць свой лад жыцьця».

Вы згодны з тым, што каб людзі цяпер зьмянілі свае паводзіны, іх варта заклікаць да панікі?

— Тое, што нам трэба набываць культуру супрацьстаяньня новым выклікам — гэта сапраўды так. Я бачыла гэта ў Чарнобылі. Калі ў доме ўвесь падаконьнік застаўлены дарагімі пігулкамі, я пытаюся гаспадыню — чаму вы іх не даяце дзіцяці? Яна кажа — Ой, лепш вы мне дапамажыце дзіцё адправіць за мяжу, вось суседка адправіла, ён адтуль відэамагнітафон прывёз.

Не было разуменьня, што гэта ж яна павінная абараняць сваё дзіця.

Людзям казалі — нельга есьці бульбу са свайго гароду. Жанчына кажа — як так, і маці ела, і бабуля ела, і прабабуля ела і жывыя ўсе былі, бульба — гэта ж тое, на чым Беларусь стаіць.

Не разумелі людзі, як гэта — мыць дровы. Трэба тры вядра прынесьці, каб іх памыць. Гэта не ўкладалася ў галаву.

Ці вядзе вайсковец па вясковай вуліцы старую жанчыну і нясе вядро малака. Пытаюся — куды вы ідзеце? Малако пахаваць. Там за вёскай была яма, куды зьлівалі забруджанае малако.

Усе як звар’яцелыя хадзілі, ніхто нічога не разумеў.

Зьмена паводзінаў патрэбная, але я лічу, што паніка яшчэ жахлівей, яшчэ горш. Таму ўлада павінная больш давяраць навукоўцам. Навукоўцы павінныя сёньня валодаць розумамі. Яны павінныя раіць уладзе, а ўлада не павінная думаць, што яна самая разумная.

А панікі я баюся, баюся гэтага «русского бунта, бессмысленного и беспощадного». Мне не здаецца, што гэта выратаваньне.

Мне вельмі горка бачыць рэпартажы па заходніх тэлеканалах, як старыя людзі паміраюць у самоце, калі да іх не пускаюць дзяцей. Гэта вышэй сілаў — ведаць, што за сьценкай памірае твой родны чалавек, а цябе да яго не пускаюць. Гэта невырашальныя пытаньні.

Ангела Мэркель слушна сказала, што гэта ўсё сур’ёзна і мы павінныя засвоіць гэтыя новыя навыкі. Але так страшна, што ты не убачыш маці ці бацьку ў іх апошнія хвіліны. Я пісьменьнік, я не гляджу на гэтыя рэчы як палітык.

— Цяпер па ўсім сьвеце зачыняюць межы. Зачыняюць іх унутры Эўразьвязу, зачыніла Расея ўсе свае межы, у тым ліку і з Беларусьсю. Прычым, межы зачыняюць ня толькі з краінамі, дзе вышэй заражэньне, што можна патлумачыць мэдычнымі меркаваньнямі. Зачыняюць з усімі, хто ня мы, хто ня з нашай «статку». Час пандэміі — гэта час трыюмфу нацыянальных дзяржаваў і нацыяналізму, нацыянальных «статкаў»?

— На жаль, гэта сапраўды так. І гэта падмурак для будучага ўзьлёту нацыяналізму. Так шмат гадоў пасьля вайны граніцы адчынялі, усталёўвалі дэмакратычныя прынцыпы, і раптам усё разбураецца. Зразумела, што чалавецтва ўжо ня выйдзе ранейшым з гэтага выпрабаваньня.

Атрымліваецца, што каб выжыць, мы павінныя засвойваць гэтыя навыкі самаізаляцыі, адстойваньня толькі нацыянальных інтарэсаў. Такая пэрспэктыва палохае. Чалавек застанецца жывым, але будзе горшым. Мне хацелася б, каб мы выйшлі з гэтага выпрабаваньня больш спагадлівымі, больш схільнымі да ўзаемадапамогі.

А зараз тонкі слой культуры, тое, што мы напрацавалі за апошнія поўстагодзьдзя, зьляцелі і мы ізноў сядзім па сваіх пячорах. Тут павінная загаварыць эліта чалавецтва, гуманітарыі, філёзафы.

— Ужо зараз з’яўляюцца зьвесткі пра сутыкненьні за рулон туалетнай паперы, за прадукты, за лячэньне. Ці чакае сьвет вайна ўсіх супраць усіх? Што можа яе прадухіліць?

— Я спадзяюся, што гэтага ня будзе. Другая Ўсясьветная вайна была таксама жахлівым выпрабаваньнем і такіх выпрабаваньняў у чалавецтва было шмат. Чалавек жа не ператварыўся ў жывёлу. Спадзяюся, што гэта не адбудзецца і зараз. Я мяркую, што чалавек лепш, чым мы думаем пра яго.

— Якія асаблівасьці паводзінаў беларусаў падчас пандэміі вы б адзначылі, што яны робяць ня так ці не зусім так, як іншыя народы? Я не пра паводзіны ўладаў, я пра паводзіны грамадзтва ў цэлым.

— Я ў Лёндане жыла ў добрым раёне, я там ня бачыла гэтых пустых паліцаў крамаў, што было ў больш бедных раёнах. І ў Нямеччыне гэта было. А беларусы вельмі годна сябе паводзяць. У Лёндане ўжо зачыненыя рэстарацыі, пабы. У нас гэта ўсё адкрыта, людзі туды ходзяць.

Я жыву ў Траецкім прадмесьці. Я бачу са свайго вакна, як людзі шпацыруюць уздоўж ракі, кормяць птушак, два рыбакі ловяць рыбу.

— А яны ў масках?

— Не, без масак. Дарэчы, калі я села ў Лёндане ў самалёт, там у масках былі толькі маладыя людзі, якія сядзелі ў бізнэс-клясе. Магчыма, дзеці алігархаў. А ўсе астатнія былі без масак. А вось моладзь ратавала сябе. Яны ўжо былі людзі іншай этыкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG