22 сакавіка спаўняецца 100 гадоў беларускаму паэту Аляксею Пысіну. Яго суровую і вобразную паэзію параўновалі з прозай Васіля Быкава. Ён усё жыцьцё пражыў на Магілёўшчыне, дзе канфліктаваў зь мясцовым начальствам, заступаўся за простых людзей.
Пысін (1920–1981) прайшоў усю вайну. На целе меў шматлікія раны і шнары. Быў расчараваны сваёй першай кнігай і доўгі час не выдаваў зборнікаў, стаўшы вядомым толькі пасьля сарака гадоў. У 1968-м стаў ляўрэатам Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы за кнігу вершаў «Твае далоні». Не любіў антырэлігійнай творчасьці Кандрата Крапівы і афіцыёзнай паэзіі Петруся Броўкі, заўсёды падтрымліваў і прапагандаваў маладых магілёўскіх паэтаў. Вось яшчэ 10 цікавых фактаў пра яго.
1. У дзяцінстве любіў рызыкаваць жыцьцём
«Часта... каля млына зьбіраліся дзеці... Калі маха [крыло ветрака] набліжалася да зямлі, хто-небудзь з хлапчукоў чапляўся за яе... уздымаўся на пэўную вышыню і саскокваў, імкнучыся ўтрымацца на нагах... — Зараз я зраблю круг, — сказаў аднойчы [Пысін] і, учапіўшыся за маху, пачаў уздымацца... Усе замерлі ад жаху. А што, калі замлеюць рукі? Наступнае крыло на хаду можа забіць! Але гэтага ня здарылася. Апынуўшыся на самай вышыні, Алёша разам з махай пайшоў на зьніжэньне і хутка стаў на зямлю». (М.Малінін. На першых прыступках. // Полымя, 1993, № 5).
2. Дзівіўся гуманізму палонных немцаў
«Батальёну, у якім знаходзіўся [Пысін], 8 мая здаліся ў палон некалькі тысяч узброеных немцаў. І вось паведамілі, што Германія зрынута і прынята яе капітуляцыя. Перамога! Пачалося сьвяткаваньне. Пілі і закусвалі спачатку паасобку, а затым немцы прыйшлі да нашых салдатаў, а нашы — да немцаў... пачалі братацца, абдымацца... — А яны ж, немцы, каб хацелі, маглі нас, жменьку салдатаў і афіцэраў, голымі рукамі за хвіліну зьнішчыць, — зьдзіўляўся Аляксей Васілевіч» (В. Арцем’еў. Паэт вузел завязаў. Магілёў, 2008).
3. Лаяў Леніна за бесчалавечнасьць
«...Яшчэ ў 1972 годзе Аляксей Пысін... расказваў пра Леніна, яго жорсткасьць, бесчалавечнасьць, пра адсутнасьць павагі да звычайных людзей, асабліва інтэлігенцыі і нават да сваіх паплечнікаў... Пысін пра іх, тыя жахлівыя рысы сапраўднага Леніна, ведаў ад маскоўскіх сяброў» (Дз. Бугаёў. Дабрыня і спагадлівасьць былі яго сутнасьцю. / Служэньне Беларусі. Менск, 2003).
4. Крытыкаваў маршала Ракасоўскага
«У... Ракасоўскага была каманда адна: ё... ў рот, упярод. Людзей... не шкадаваў. Дзе можна было абысьціся без ахвяраў, абысьці тую ці іншую вышыню — салдатаў пёрлі пад кулямётныя ўраганы. Як у песьні сьпяваецца? Нам трэба перамога, адна на ўсіх, мы за цаной не пастаім...» (Р. Яўсееў. «У сваю дывізію пайшоў...» // Маладосць, 2000, № 7).
5. Ваяваў супраць савецкіх чыноўнікаў
«Аднаго разу першы сакратар райкаму партыі загадаў зьняць з паласы газэты (чэрыкаўская „Сацыялістычная перамога“. — РС) крытычныя радкі пра братоў Шнэйдэрманаў (адзін працаваў у банку, другі ў міліцыі — сьледчым). Рэдактар Пысін адмовіўся выконваць загад. ...Тады першы сакратар... забараніў выхад нумару. Аляксей Васілевіч пайшоў на пошту і даў тэлеграму ў ЦК КПСС на імя Хрушчова. ...Празь дзень ці два нумар выйшаў з друку, без купюраў. У райкаме партыі быў ужо новы першы сакратар, а рэдактар газэты Пысін атрымаў суровую вымову...» (В. Арцем’еў. Паэт вузел завязаў. Магілёў, 2008).
Аркамя таго, «[Пысіну] рыхтавалася выключэньне з партыі і звальненьне з пасады рэдактара... Дзякуючы інструктару ЦК КПБ Георгію Напрэеву расправа не адбылася...» Не без удзелу Напрэева Пысін быў адпраўлены ў Маскву вучыцца ў Літаратурным інстытуце імя Горкага (У. Бардзілоўскі. Тэлеграма ў Крэмль. // Магілёўскія ведамасьці, 3 жніўня 2002).
6. Актыўна выступаў супраць мэліярацыі
«...Ён прыгадаў, як пісаў... пісьмо-пратэст, якое паслаў у Маскву у ЦК КПСС. Ведаў: бяда прыйдзе, калі зьдзейсніцца той плян. — Выклікалі мяне ў Менск, у ЦК КПБ. Ня стаў гаворку са мной весьці ніводзін сакратар камітэту, нават загадчык аддзелу адмовіў у прыёме. Даручылі маладзенькаму інструктару. Ён пачаў тлумачыць мне выгоды мэліярацыі. Тады я спытаў яго: «А вы ведаеце? ад чаго ўтварылася пустыня ў Сярэдняй Азіі?» — «Ня ведаю», — шчыра прызнаўся той. — «То ня трэба траціць час на пустую гаворку». (В. Арцем’еў, 2008).
Рыгору Яўсееву Пысін расказваў: «...У ЦэКа... выхоўвалі мяне... Сказалі, каб не ў сваю справу ня лез, што партыі відней, чым займацца...» (Р. Яўсееў. «У сваю дывізію пайшоў...» // Маладосць, 2000, № 7).
7. Шкадаваў, што склаў верш, прысьвечаны Валянціне Церашковай
«...Калі [Пысін] даведаўся, што бацька першай у сьвеце жанчыны-касманаўткі Валянціны Ўладзімер Церашкоў зь Бялыніцкага раёну, то напісаў верш, які прысьвячаўся ёй, і надрукаваў у раённай газэце, а пасьля... вельмі каяўся. А было так. Піянэры мясцовай школы вёскі Ількавічы, адкуль бацька касманаўткі, паехалі на Волгу, туды, дзе нарадзілася гераіня космасу, а яна іх не прыняла, сказала, што зь Беларусьсю нічога агульнага ня мае. Так і вярнуліся пакрыўджаныя дзеці, што вельмі расчаравала Пысіна» (Р. Яўсееў, 2000).
8. У брэжнеўскія часы выдаў казку, дзе здолеў напісаць непрыхаваную праўду пра вайну
«Сюжэт „Кавылька“ зьдзіўляе сваёй амаль гратэскнай зухаватасьцю. Стары башкір прыводзіць на пачатку вайны ў беларускае (!) войска вярблюда Кавылька, каб той паслужыў у змаганьні супраць акупантаў. У вобразе Кавылька, які ніколі ня лезе пад кулі і стараецца быць цішэй за ўсіх, пакутуе ад голаду ў савецкім войску і трапляе ў палон, угадваецца звычайны салдат, для якога галоўнае выжыць, а не застацца героем. Пысін адзін зь першых у беларускай літаратуры вывеў у падобнай мэтафарычнай форме такі праўдзівы тып. І цэнзура гэта прапусьціла, ня ўбачыўшы крамольны падтэкст» (В. Дранько-Майсюк. Духоўны сябар Рэнэ Магрыта // «Звязда», 18 мая 2018).
9. Сьвядома зьнішчаў свой архіў
«27 жніўня 1981 году. Аляксей Пысін раптоўна памірае, не пакінуўшы пасьля сябе вялікага архіву...». (Т. Хоміч. Пра яго // «Крыніца, 2002, № 1).
«...Аляксей Васілевіч сказаў: — А ў мяне архіву ня будзе!.. Лішнія паперы — толькі замінаюць творчасьці... А яшчэ ён не хацеў, каб у яго чарнавіках хтосьці корпаўся. І спаслаўся на прыклады, калі дасьледчыкі, бы ў бруднай бялізьне, капаюцца ў архівах Льва Талстога, Сяргея Ясеніна, Уладзіміра Маякоўскага...» (В. Арцем’еў. Бібліятэка Аляксея Пысіна. // «Полымя», 1995, № 3).
10. Ажыў у трупярні
«Сьмерць яго была заўчаснай і трагічнай. Памёр у Магілёўскай гарадзкой больніцы з прычыны злачынна-халатных адносін урачоў. Яшчэ жывым яго паклалі ў морг на халодны мармуровы стол. Пры жывым яшчэ напісалі яму нэкралёг... Калі ажылага ў моргу паэта забралі ў рэанімацыю, то ён пражыў яшчэ ці ня двое сутак. Апошнімі былі яго словы-мальба: «...забяры мяне адсюль... забяры хутчэй...» (В. Арцем’еў, 2008).
«Калі цела паэта везьлі ў трупярню, „мярцьвяк“ раптам падняў руку... — Што ж вы робіце, ён яшчэ жывы, — са сьлязьмі ў вачах усклікнула... Люба Пысіна. Каталку павярнулі назад... Няхітрая лёгіка падказвае, што рэпутацыю лекараў, якія датэрмінова „рапартавалі“ пра сьмерць ляўрэата Дзяржаўнай прэміі, магла выратаваць сапраўдная сьмерць паэта. Тое ж самае выратавала ад непрыемнасьцяў і абкам, які пасьпеў паведаміць сумную навіну ў ЦК КПБ... Думаецца, таямніца сьмерці [Пысіна]... магла б зацікавіць Камітэт дзяржаўнай бясьпекі і пракуратуру» (В. Бордиловский. В смерти Алексея Пысина кроется тайна. // «Магілёўскія ведамасці», 24 сакавіка 1994).
Аўтар выказвае ўдзячнасьць Марату Баскіну і Вользе Гулевай.