Яны заклікаюць далучыцца да студэнцкай забастоўкі і патрабаваньня ўвесьці карантын ва ўнівэрсытэтах.
Студэнткі МДЛУ Лізавета Пракопчык і Наста Сахарчук раздавалі аднаразовыя маскі з іранічнымі надпісамі. Лізавета кажа, што яны заклікаюць людзей «не выходзіць на пары з заўтрашняга дня».
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
«20-га сакавіка пачынаецца ўсебеларуская студэнцкая забастоўка, — кажа Лізавета. — Мы спадзяёмся, што МДЛУ будзе тут добрым прыкладам».
Студэнтка расказвае, што спачатку ва ўнівэрсытэце зьбіралі подпісы, каб арганізаваць дыстанцыйнае навучаньне ці дазволіць свабоднае наведваньне. Зьбіралі некалькі груп студэнтаў, і, па словах Лізы, толькі адна зь іх сабрала больш за 400 подпісаў.
«Але гэта не спрацавала, і ў вельмі рэзкай форме рэктарат адрэагаваў, — распавядае Лізавета. — Адна з адміністратарак увогуле сказала, што каранавірус да нас завезьлі, каб нас пасварыць з Расеяй».
«Мы клапоцімся пра сябе, а нас ня чуюць, — тлумачыць Лізавета свой клопат з прычыны пандэміі каранавірусу ў сьвеце. — Мяне ўжо з працы перавялі на дыстанцыйную. І цяпер адзінае, што мне трэба рабіць — гэта езьдзіць ва ўнівэр на адну пару ў дзень. Гэта нелягічна!»
Студэнткі пасьпелі раздаць каля 100 масак падчас перапынку паміж заняткамі. Зрабіць гэта было няпроста: некаторыя студэнты ахвотна спыняліся, хтосьці коратка казаў: «Так, падтрымліваем карантын», але большасьць, амаль не спыняючыся і хаваючы вочы, зьнікалі ў мэтро.
«Я лічу, што ўводзіць карантын ва ўнівэрсытэце бессэнсоўна, — кажа адна са студэнтак, якая пагадзілася ананімна пагаварыць з журналісткай. — Калі б у нас ва ўсёй краіне ўвялі карантын, як у Італіі ці ў Кітаі, тады б гэта мела сэнс».
І яна, і яе сяброўка лічаць, што ўводзіць карантын ва ўсёй Беларусі трэба. Але на пытаньне, ці баяцца каранавірусу, усьміхаюцца і кажуць: «Ды ня вельмі».
Наста Сахарчук кажа, што ў МДЛУ яшчэ ня самыя запалоханыя студэнты. «Калі „Моладзевы блёк“ праводзіў пікет каля БНТУ, вось там зусім людзі баяліся падыходзіць да нас», — кажа яна.
На пытаньне, ці не асьцерагаецца, што яе адлічаць за такую актыўнасьць з апошняга 4-га курсу, кажа: «Ну адлічаць дык адлічаць. Знайду працу».
Акцыю дзеля ўсеагульнага студэнцкага страйку падтрымалі моладзевыя рухі «Задзіночаньне беларускіх студэнтаў» і «Моладзевы блёк».
Радыё Свабода зьвярнулася да кіраўніцтва лінгвістычнага ўнівэрсытэту з просьбай пракамэнтаваць ініцыятыву студэнтаў і чакала адказу.
Увесь дзень не адказваў тэлефон прарэктара па вучэбна-выхаваўчай працы Вячаслава Пашкевіча, які, як паведамілі журналістцы Свабоды ў прыёмнай унівэрсытэту, мусіць пракамэнтаваць ініцыятыву студэнтаў. Пазьней у суполцы МДЛУ Ўкантакце зьявілася паведамленьне з подпісам «рэктарат», у якім студэнтаў просяць «не паддавацца на правакацыі».
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ