У Горадні 11 сакавіка выявілі першы выпадак новага каранавірусу. Аднак гарадзенцы захоўваюць спакой, сочаць за сытуацыяй, мыюць рукі і моляцца. Мы схадзілі ў месцы вялікага збору людзей і вось што пабачылі.
Усе, каго мы сустрэлі, ведалі пра выпадак каранавірусу ў Горадні і запэўнівалі, што мыюць рукі. Чалавека ў чорнай масцы сустрэлі толькі аднойчы, але юнак патлумачыў, што маска не ад вірусаў.
Вакзал. «Нават ня ведаю, што я павінна рабіць»
На чыгуначным вакзале няшмат людзей. Гучыць ролік пра захады бясьпекі, каб не падхапіць віруснай інфэкцыі: мыць рукі, менш наведваць людныя месцы. Сустракаем пару, якая не памяняла паводзінаў у сувязі з выяўленым у горадзе COVID-19.
«Я лічу, што раздзьмулі крыху. Ад звычайнага грыпу больш людзей памірае», — кажа Сяргей.
Ягоная спадарожніца дадае, што і раней заўсёды мела антысэптык з сабою.
Сьвятлана чакае цягніка дахаты ў райцэнтар Масты. Кажа, што там на вірус «глядзяць скрозь пальцы», спадзяюцца, што да іхнага гарадка ня дойдзе. На пытаньне аб прафіляктыцы жанчына рэагуе сьмехам. Жэстам паказвае, нібы залівае за каўнер. Кажа, што бываць на вакзале не баіцца.
«Калі б ведаў, дзе ўпадзеш, саломкі падаслаў. Я ўчора чытала, што яшчэ тры выпадкі афіцыйна. Гэта няшмат. У Беларусі яшчэ не эпідэмія і не пандэмія (размова адбывалася за некалькі гадзін да таго, як САЗ абвясьціла пандэмію каранавірусу ў сьвеце. — РС). Тым больш гэты каранавірус ужо лечыцца.
Хвалююся, вядома, страшнавата. Але я нават ня ведаю, што я павінна рабіць. Супрацьвірусных прэпаратаў ад яго хіба яшчэ не прыдумалі. Чакаць і маліцца. Рукі я мыю заўсёды, бо працую ў краме. Там і сродак для дэзынфэкцыі ёсьць», — кажа Сьвятлана.
Жанчына, якая чакае цягніка, прадстаўляецца мэдыцынскім работнікам. Кажа, што варта часьцей мыць рукі і насіць маскі і тым, хто хварэе, і тым, хто ня хоча заразіцца. Але тут жа дадае, што сумняваецца ў тым, што маска выратуе ад заражэньня. «Ніхто не застрахаваны», — кажа яна.
Кавярня. «Неапраўданая шуміха вакол гэтай заразы»
У кавярні ў цэнтры Горадні амаль пуста. Тут барыста Артур, які мае адукацыю вэтэрынарнага лекара, чытае нам цэлую лекцыю, чаму каранавірус нястрашны. Пералічвае, што ён штучна створаны, гіне ад высокіх тэмпэратур, заразіцца можна толькі на адлегласьці мэтра, паміраюць ад яго пераважна людзі 65+. Тлумачыць, што спэцыяльныя маскі варта насіць толькі хворым. Сур’ёзна кажа, што ведае гэтую інфармацыю не з мэдыя, а таму, што ён вэтэрынарны лекар.
«Неапраўданая шуміха вакол гэтай заразы. Больш людзей памірае ад грыпу. Каранавірус не дасьледаваны, таму шуміха», — мяркуе хлопец.
У кавярні захады бясьпекі не зьмяніліся. Тут супрацоўнікі мыюць рукі, апрацоўваюць антысэптыкам столікі. Для наведнікаў стаіць проста мыла. Адлегласьць паміж столікамі не павялічвалі.
Адзіны наведнік кавярні Сяргей кажа, што не баіцца выпіць кубачак кавы ў кавярні. Не баіцца вітацца за руку і абдымацца. З прафіляктыкі трымаецца здаровага ладу жыцьця, штодня бегае, правільна харчуецца. Не памятае, калі апошні раз хварэў.
«Я пляную ехаць у Францыю праз два тыдні. Калі было б сур’ёзна, адмянілі б рэйсы. У мяне найлепшы сябар жыве ў Кітаі. Нічога страшнага там няма. Скарацілі працоўны дзень на прадпрыемствах, але людзі як жылі, так і жывуць», — кажа Сяргей.
Касьцёл. «Я не баюся, бо я чалавек веруючы»
Арганіст фарнага касьцёла Лявон сьпяшаецца на службу. Кажа, што ад вірусу ніяк не сьцеражэцца. Рукі як мыў, так і мые. Клявіятуру аргана не дэзынфікуе. Маскі ня носіць. Касьцёл наведваць не баіцца. Прызнаецца, што, вітаючыся, і раней руку рэдка падаваў, бо яму нязручна: замінаюць мыліцы.
«А як трэба?.. Усе і так перахварэюць. Ад яго ня надта куды ўцячэш, ён вельмі заразны», — разважае музыка.
«Варта пазьбягаць грамадзкіх месцаў, — раіць Ірына, якая выходзіць з касьцёла. — У храм хадзіць не баюся, гэтае месца сьвятое».
Яна кажа, што цалаваць крыж на ўваходзе ў храм, а таксама апускаць руку ў асьвячоную ваду, каб перажагнацца, не баіцца, бо гэта касьцёл.
«Я не баюся, бо я чалавек веруючы, — расказвае яшчэ адна верніца Мар’яна. — У Бібліі напісана, што кожны волас у мяне на галаве палічаны. Я прымаю Цела і Кроў Хрыста, таму я абароненая на 100%. Здаецца, спэцыяльна гэты вірус, каб менш наведвалі касьцёл, каб аддаліць людзей ад Бога.
Ад грыпу памірае больш людзей. Такое адчуваньне, што паніка, усіх спрабуюць запужаць. А мы павінны жыць і радавацца жыцьцю».
Вулічная ежа. «Спачатку не баяўся, пасьля пытаньня задумаўся»
Каля Савецкай плошчы маладыя людзі купляюць фастфуд у фургончыку.
Яўген кажа, што тры дні таму пачаў насіць з сабой стрэптацыд, але бутэлька ўжо скончылася. Мые рукі перад кожнай ядой. Купіў маску, насіў, калі нядаўна быў прастуджаны.
«Ці не баюся харчавацца на вуліцы? Я спачатку не баяўся, але пасьля вашага пытаньня задумаўся». Хлопцы кажуць, што ўсё роўна зьядуць заказ, бо галодныя.
«Я да гэтага стаўлюся спакойна. Ад грыпу памірае ў дзясяткі разоў болей, чым ад каранавірусу. Мне ўсё роўна. Ад яго памірае невялікі адсотак людзей», — кажа ягоны сябар.
Вадзім, які гатуе ў фургоне хлопцам шаўрму, кажа, што начальства папрасіла яшчэ больш пільна ставіцца да гігіены на працы і дома. Але асноўнае не зьмянілася: яны апрацоўваюць рукі дэзынфэктарам і мяняюць аднаразовыя пальчаткі пасьля кожнай замовы. Хварэць Вадзім не зацікаўлены — страціць у заробку. У масцы ён часам ходзіць па вуліцы. На працы не надзявае, каб не адпужваць кліентаў.
Студэнты ядуць пасярод галоўнай гарадзкой вуліцы шаўрму.
«Стараемся не хадзіць на пары. Дахаты пайду пешкі, каб ня ехаць у грамадзкім транспарце», — дзеляцца яны спосабамі прафіляктыкі.
Хлопцы працуюць праграмістамі, на вучобе маюць індывідуальны плян і дазвол прапускаць заняткі. На працы ў іх зьявіўся антысэптык.
Унівэрмаг. «А што рабіць? Будзем спадзявацца»
Ва ўнівэрмаг заходзіць жанчына пажылога ўзросту.
«Шчыра? Малюся», — расказвае Галіна пра свае мэтады абароны.
Яна працуе прыбіральніцай, увесь час карыстаецца сродкам дэзынфэкцыі. У апошні тыдзень на працы павысілі меры бясьпекі: сродку для дэзынфэкцыі даюць болей, часьцей праціраюць месцы, дзе шмат кліентаў. Пра асабістую гігіену жанчына ведае тое, што варта часьцей мыць рукі і піць ваду.
Праз стан здароўя ходзіць на курс іньекцый у паліклініку. Спыніць курс ужо ня можа. Нядаўна лекарка папярэдзіла, каб пацыентка дома добра вымыла рукі, бо перад ёй аглядалі чалавека з падазрэньнем на каранавірус.
«А што рабіць? Будзем спадзявацца, што нас гэта абыдзе», — кажа яна.
Гандлёвы цэнтар. «Пастаянна мяняць маскі неэкалягічна»
Марыя, якая робіць манікюр проста пасярод гандлёвага цэнтру, пакуль сядзіць бяз працы і перапісвае канспэкт. Яна кажа, што ад новага вірусу ўмовы працы не памяняліся. Яна заўсёды апрацоўвае інструмэнты і рукі, каб засьцерагчыся ад вірусных інфэкцый.
«Ніякай панікі няма», — усьміхаецца дзяўчына.
Дзьве Ўльляны селі перакусіць на лаву ў гандлёвым цэнтры. Есьці ў грамадзкіх месцах яны не баяцца. Тым больш што ў прыбіральні гандлёвага цэнтру зьявіўся антысэптык. Адна зь іх заўжды мае з сабой вільготныя сурвэткі, другая — свой антысэптык.
«Сапраўды боязна. Цяпер стала ўжо напружана. Але аднаразовыя маскі пастаянна мяняць ня вельмі зручна і неэкалягічна», — прызнаюцца дзяўчаты, працягваючы вячэру на лаўцы.
Студэнткі Ўльляны ня хочуць, каб унівэрсытэты закрывалі на карантын, як у Польшчы, Чэхіі або ва Ўкраіне. Баяцца, што ўлетку давядзецца адпрацоўваць. Хаця прызнаюцца, што баяцца заразіцца. Падазраюць, што лічбы захварэлых большыя, чым афіцыйная статыстыка.
Аквацэнтар. «Мы нічога не баімся»
Стаянка перад аквацэнтрам запоўненая. Людзі пастаянна ўваходзяць і выходзяць зь яго. Касірка кажа, што колькасьць наведнікаў паменшала, як і штогод у сэзон грыпу. Пра захады бясьпекі можа расказаць толькі дырэктар, але яго на месцы ўжо няма.
Побач маці з малой дачкой пакуюць у машыну надзіманы выратавальны круг. Яны толькі што паплавалі і вяртаюцца дахаты. Ходзяць, бо заканчваецца тэрмін абанэмэнту. Маці Натальля тлумачыць, што вірус перадаецца паветрана-кроплевым шляхам, заразіцца праз ваду яна не баіцца. Жанчына закупіла 20 марлевых павязак для свайго малодшага дзіцяці, але пакуль імі не карысталася.
Тры сяброўкі выходзяць пасьля заняткаў з аквацэнтру. Яны хадзілі на фітнэс, але ў іншыя дні наведваюць і басэйн. Пытаньне пра каранавірус сустракаюць дружным сьмехам.
«Мы нічога не баімся. Мы займаемся спортам, дыхаем сьвежым паветрам, мыем рукі і больш нічога. Калі трэба антысэптык, ён выкарыстоўваецца. Пакуль мы жывём і радуемся. Чым ня страшны вірус гепатыту, чым ня страшныя сухоты, чым ня страшны звычайны грып? Хочаце сказаць, ад пнэўманіі не паміраюць? Мы перажылі сьвіны грып, перажылі птушыны; мы перажылі атыповую пнэўманію, перажывём і гэта», — эмацыйна кажуць яны.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.