Лінкі ўнівэрсальнага доступу

+16,7°С у дзень, калі бывала –29,2°С. Новыя тэмпэратурныя рэкорды зафіксавалі ў Беларусі 5 сакавіка


Палацава-паркавы комплекс Валовічаў у Сьвяцку, ілюстрацыйнае фота
Палацава-паркавы комплекс Валовічаў у Сьвяцку, ілюстрацыйнае фота

Пяць мінулых дзён вясны прынесьлі Беларусі 61 лякальны тэмпэратурны рэкорд цеплыні, піша БелаПАН. За цэлы люты было 193 лякальныя рэкорды.

5 сакавіка ў Касьцюковічах, што ў Магілёўскай вобласьці, зафіксавалі тэмпэратуру паветра +16,7°С. Гэта стала і рэкордам для Касьцюковічаў у гэты дзень (25 гадоў таму фіксавалі рэкорд у +14,3°С), і рэкордам для Беларусі з пачатку вясны-2020 (да таго найцяплей было ў Берасьці 3 сакавіка, +16,6°С).

Пры тым у 1987 годзе рэкорд маразоў для ўсёй Беларусі 5 сакавіка быў таксама ў Касьцюковічах: тады там фіксавалі –29,2°С.

Новыя рэкорды цеплыні 5 сакавіка зафіксавалі таксама ў Амсьціславе (+14,4°С супраць рэкорду-2017 у +7,7°С) і Оршы (+9,6°С супраць рэкорду-2017 у +8,2°С).

Але рэкорд усёй краіны 5 сакавіка 2020 году ня быў пабіты: у 2017 годзе ў Пінску і Пружанах у гэты дзень было +18,4°С.

Цягам мінулай зімы ў Беларусі 29 дзён з 91 фіксавалі рэкорды мэтэаназіраньняў за ўвесь час. Студзень стаў найцяплейшым за ўвесь час назіраньняў.

Упершыню за гісторыю назіраньняў у Беларусі ў каляндарную зіму не было зімы кліматычнай, калі сярэдняя тэмпэратура працяглы час была б ніжэйшай за 0°С.

Да сярэдзіны наступнага тыдня ў Беларусі прагназуюць хмарнае надвор’е з магчымымі дажджамі, тэмпэратуры днём ад +3 на поўначы да +12°С на поўдні і ўсхозе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG