Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Катынь: Як забівалі, хлусілі і раскрылі праўду. Але ня ўсю


Катынь
Катынь

Пасьля нападу СССР на Польшчу ў 1939 годзе ў савецкай няволі апынуліся каля 15 тысяч польскіх вайскоўцаў. 80 гадоў таму ў Крамлі прынялі рашэньне іх забіць.

Падрыхтоўка да злачынства

Ужо праз два дні пасьля нападу на Польшчу ў 1939 годзе Лаўрэнці Бэрыя стварыў пры НКВД ўпраўленьне ў справах ваеннапалонных і інтэрнаваных. На ягоны загад для польскіх афіцэраў было адкрыта 8 лягераў. Ужо празь месяц адтуль вызвалілі вязьняў-шарагоўцаў і ўтварылі два лягеры для афіцэраў і адзін для былых паліцыянтаў.

У канцы лютага 1940 году ў гэтых лягерах бальшавікі трымалі 6 192 паліцыянты, памежнікі і былыя супрацоўнікі польскіх вязьніц, а таксама 8 376 афіцэраў. Сярод іх была вялікая група адстаўных афіцэраў, якіх прызвалі ў войска на пачатку вайны. Большасьць зь іх былі прадстаўнікамі інтэлігенцыі — лекары, юрысты, настаўнікі, выкладчыкі, інжынэры, літаратары, журналісты, палітычныя дзеячы, чыноўнікі, абшарнікі. Разам зь імі былі каталіцкія, праваслаўныя, пратэстанцкія і юдэйскія сьвятары.

Рашэньне пра забойства

Рашэньне пра забойства польскіх ваеннапалонных зь лягераў у Казельску, Старабельску і Асташкаве і грамадзян Польшчы, якія знаходзіліся ў турмах НКВД на яе даваенных усходніх землях, савецкія ўлады прынялі на найвышэйшым узроўні.

Лаўрэнці Бэрыя з дачкой Сталіна. На заднім пляне Сталін
Лаўрэнці Бэрыя з дачкой Сталіна. На заднім пляне Сталін

Рашэньне прымала 5 сакавіка 1940 году палітбюро ЦК ВКП(б) на падставе ліста, які накіраваў Сталіну народны камісар унутраных справаў Лаўрэнці Бэрыя. Кіраўнік НКВД пісаў, што ўсе згаданыя ў лісьце палякі — гэта «загартаваныя ворагі савецкай улады, якія ня ў стане выправіцца». Бэрыя прасіў выкарыстаць супраць іх «найвышэйшую меру пакараньня» — расстрэл. Фармальна прысуды мела выносіць спэцыяльная калегія НКВД. Сталін даў згоду. Дакумэнт, апроч яго, падпісалі асноўныя савецкія лідэры.

Маштаб злачынства

Масавае забойства рыхтавалі цэлы месяц. 3 красавіка 1940 году пачалася ліквідацыя лягераў у Казельску, а праз два дні ў Старабельску і Асташкаве. Наступныя шэсьць тыдняў вязьняў вывозілі зь лягераў у месцы пакараньня.

  • З Казельску 4 404 асобы прывезьлі ў Катынь і застрэлілі ў патыліцу.
  • 3 896 вязьняў з Старабельску забілі ў памяшканьнях НКВД у Харкаве, а іх целы закапаныя на ўскраіне гораду.
  • 6 287 чалавек з Асташкава расстралялі ў сядзібе НКВД у Калініне (сучасная Цьвер) і закапалі ў мясцовасьці Меднае.
  • Агулам былі забітыя 14 587 чалавек.

  • На падставе рашэньня 5 сакавіка 1940 году таксама забілі каля 7 300 грамадзян Польшчы ў турмах Заходняй Беларусі і Ўкраіны.
  • Ва Ўкраіне — 3 435 чалавек (іх пахаваньні, імаверна, знаходзяцца пад Кіевам, у Быкаўні).
  • У Беларусі забілі каля 3 800. Польскія дасьледнікі, у адрозьненьне ад беларускіх, мяркуюць, што іх пахавалі ў Курапатах.

У ноч з 12 на 13 красавіка 1940 году, калі працягваліся забойствы польскіх ваеннапалонных, іхныя сем’і пачалі масава дэпартаваць углыб СССР. Паводле НКВД, падчас гэтай дэпартацыі вывезьлі каля 61 тысячы чалавек, пераважна ў Казахстан.

Адкрыцьцё месцаў забойства

Інфармацыю пра адкрыцьцё масавых пахаваньняў у Катыні немцы паведамілі 13 красавіка 1943 году (гэта сёньня сымбалічная гадавіна злачынства).

15 красавіка 1943 году ў адказ на гэта Савецкае інфармбюро заявіла, што польскія вязьні былі ўладкаваныя на будаўнічыя работы на захад ад Смаленску і «трапілі ў рукі нямецкіх фашысцкіх катаў улетку 1941 году, пасьля адыходу савецкіх войскаў з раёну Смаленску». У паведамленьні гаварылася: «Нямецкія фашысцкія галаварэзы не цураюцца ў гэтай жахлівай лухце самай мярзотнай хлусьні, з дапамогаю якой яны спрабуюць схаваць неймаверныя злачынствы, учыненыя, як гэта цяпер дакладна відаць, імі самімі».

У гэты ж дзень польскі ўрад у выгнаньні даручыў свайму прадстаўніку ў Швайцарыі зьвярнуцца ў міжнародны Чырвоны Крыж з просьбай стварыць камісію для дасьледаваньня выкрытых пахаваньняў. Калі польскі бок зьвярнуўся з афіцыйным лістом, то стала вядома, што такую просьбу ў МЧК накіравала і Нямеччына. Немцы хацелі справакаваць канфлікт паміж саюзьнікамі і выклікаць уражаньне, што паводзіны Бэрліну і польскага ўраду каардынуюцца.

Ёзэф Гёбэльс занатаваў у сваім дзёньніку: «Справа Катыні ператвараецца ў гіганцкі палітычны скандал, які можа мець шырокія наступствы. Трэба выкарыстаць яго ўсімі магчымымі спосабамі».

Катынь у савецкай прапагандзе

Масква рэзка адрэагавала на прапановы расьсьледаваньня. 19 красавіка 1943 г. газэта «Правда» надрукавала артыкул пад загалоўкам «Польскія памочнікі Гітлера». У ім гаварылася: «Паклёп імкліва распаўсюджваецца. Да таго, як засохла чарніла на асадках нямецка-фашысцкіх пісак, агідныя прыдумкі Гёбэльса і кампаніі пра нібыта масавае забойства польскіх афіцэраў савецкімі ўладамі ў 1940 г. падхапілі ня толькі нацысцкія служкі, але, што дзіўна, міністэрскія колы ўраду генэрала Сікорскага».

Адкрыцьцё злачынства немцамі стала для савецкіх уладаў нагодай, каб разарваць дыпляматычныя адносіны з польскім урадам у Лёндане.

У пытаньні катынскага злачынства палякі не здабылі падтрымкі з боку заходніх дзяржаваў. Улады ЗША і Вялікай Брытаніі ўжо ў 1943 годзе мелі інфармацыю, што гэта саветы ўчынілі злачынствы супраць польскіх ваеннапалонных. Аднак, баючыся, што Сталін выйдзе з антыгітлераўскай кааліцыі, яны вырашылі маўчаць.

Эксгумацыя ў 1943 годзе
Эксгумацыя ў 1943 годзе

СССР заблякаваў сьледзтва Чырвонага Крыжа, і немцы арганізавалі ўласнае расьсьледаваньне. У красавіку 1943 году на месцы злачынства прыбыла група міжнародных экспэртаў пад кіраўніцтвам дырэктара інстытуту судовай мэдыцыны ў Будапэшце Фэрэнца Оршаша.

Экспэрты аднагалосна падпісалі справаздачу, у якой гаварылася, што экзэкуцыі адбыліся ў сакавіку і красавіку 1940 году.

Пасьля таго, як у верасьні 1943 году Чырвоная армія заняла Смаленск, савецкія ўлады стварылі камісію расьсьледаваньня катынскай справы пад кіраўніцтвам прафэсара Мікалая Бурдэнкі.

29 студзеня 1944 году прайшла эксгумацыя амаль тысячы целаў. Камісія заявіла, што польскіх афіцэраў у сьнежні 1941 году забілі немцы.

У 1945 годзе падчас суду над нацысцкімі злачынцамі ў Нюрнбэргу саветы абвінавацілі іх у адказнасці за катынскую расправу. Аднак у рашэньні, вынесеным у 1946 годзе, Нюрнбэрскі трыбунал апусьціў справу аб забойстве польскіх афіцэраў празь недахоп доказаў.

Праўда

Праўду пра катынскае злачынства СССР утойваў больш за паўстагодзьдзя. І толькі 13 красавіка 1990 году ўлады СССР прызналі, што злачынства ўчыніў НКВД. Праз два гады прэзыдэнт Расеі Барыс Ельцын раскрыў першыя дакумэнты.

Мэмарыял
Мэмарыял

У 2000 годзе, да 60-годзьдзя катынскага злачынства, былі адкрытыя польскія могілкі ў Харкаве, Катыні і Медным. Расьсьледаваньне злачынства праводзіць Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы. Гісторыкі разглядаюць катынскую расправу як генацыд з прычыны яе маштабу і ідэалягічнай матывацыі нацыянальнасьцю. У верасьні 2004 году 14-гадовае расьсьледаваньне расейскай вайсковай пракуратуры скончылася. Расейцы прыйшлі да высновы, што забойства не было генацыдам, і нікога не прыцягвалі да адказнасьці.

«Беларускі катынскі сьпіс»

Палякі ня раз зьвярталіся да беларускага боку з просьбай раскрыць імёны і месцы пахаваньня фігурантаў «беларускага катынскага сьпісу».

У 2011 годзе на гэтую тэму выказаўся Аляксандар Лукашэнка. Ён паабяцаў польскім журналістам асабіста заняцца справай «катынскага сьпісу», але дадаў, што «многія дакумэнты былі вывезеныя ў Маскву».

У 2011 годзе ён заявіў, што «аніводнага паляка на тэрыторыі Беларусі зьнішчана не было» і што ў Беларусі былі толькі перасыльныя пункты.

У 2012 годзе прафэсарка Расейскай акадэміі навук Натальля Лебедзева падчас канфэрэнцыі ў Менску заявіла, што «беларуская частка — адзіная „белая пляма“ гісторыі Катыні». «На сёньня мы ведаем практычна ўсё, акрамя беларускага сьпісу. Мы ведаем, як рыхтавалася, як ажыцьцяўлялася карная апэрацыя, дзе знаходзяцца пахаваньні. Я ня ведаю, каб мы штосьці дасьледавалі больш падрабязна і ўвогуле гэтулькі ведалі».

У 2018 годзе пра «беларускі катынскі сьпіс» зь беларускімі дыпляматамі размаўляў старшыня Інстытуту нацыянальнай памяці Польшчы Ярослаў Шарэк. Польскай дэлегацыі чарговы раз заявілі, што «беларускага катынскага сьпісу» ў беларускіх архівах няма.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG