28 лютага Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю (МАРГ) Беларусі апублікавала пералік аднаразовага плястыкавага посуду, выкарыстаньне і продаж якога ў аб’ектах грамадзкага харчаваньня забароняць з 1 студзеня 2021 году.
Адпаведную пастанову МАРГ прыняло 19 лютага 2020 году ў межах комплексу захадаў дзеля адмовы ад плястыкавай упакоўкі, замены яе на папяровую ды іншыя віды экалягічнай ўпакоўкі.
З 1 студзеня 2021 году будзе забаронена выкарыстоўваць і прадаваць у аб’ектах грамадзкага харчаваньня наступны аднаразовы плястыкавы посуд:
- палачкі для разьмешваньня напояў;
- кубачкі;
- талеркі;
- трубачкі (саломінкі) для напояў;
- упакоўку для прадукцыі грамадзкага харчаваньня і харчовых прадуктаў (кантэйнэры, латкі, скрынкі, ланч-боксы, корэксы, слоікі, бутэлькі), за выключэньнем упакоўкі для кулінарных паўфабрыкатаў і кандытарскіх вырабаў.
Забарона ня тычыцца вырабаў і прадметаў з паперы і кардону, дрэва і іншых матэрыялаў прыроднага паходжаньня, а таксама з камбінаваных матэрыялаў.
У студзені 2020 году пастановай Савету міністраў Беларусі № 7 зацьверджаны плян захадаў для паэтапнага зьніжэньня выкарыстаньня палімэрнай упакоўкі ў Беларусі з заменай яе на экалягічна бясьпечную.