Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як у Эўропе павышаюць нараджальнасьць. Прыклады Польшчы, Вугоршчыны і Нямеччыны


Лідэры краін Цэнтральнай Эўропы і Балканаў, устрывожаныя дэмаграфічным спадам, робяць захады, каб спыніць зьніжэньне нараджальнасьці.

Некаторыя з гэтых захадаў апэлююць да патрыятызму і сямейных каштоўнасьцяў у спалучэньні з падатковымі льготамі і ўзнагародамі для пар, у якіх нараджаюцца дзеці.

Афіцыйныя асобы тлумачаць, што калі яны ня змогуць прадухіліць дэмаграфічны крызіс і павысіць нараджальнасьць, то ўрады ня змогуць пакрыць выдаткі на пэнсіі і мэдыцынскае абслугоўваньне старэйшага пакаленьня.

Вугоршчына

Віктар Орбан
Віктар Орбан

У Вугоршчыне, дзе каэфіцыент нараджальнасьці зьнізіўся да 1,49 (узровень, неабходны для падтрыманьня ўзроўню насельніцтва, складае 2,1), прэм’ер-міністар Віктар Орбан прапанаваў дапамогу ў будаўніцтве жыльля і скарачэньне гіпатэчнага крэдыту, каб стымуляваць нараджальнасьць.

Маці пажыцьцёва вызваляюцца ад падаходнага падатку, калі яны выхоўваюць чатырох ці больш дзяцей. Жанчыны, якія ўступаюць у шлюб ва ўзросьце да 40 гадоў, могуць атрымаць дзяржаўную пазыку ў памеры 36 000 даляраў з поўным сьпісаньнем доўгу пасьля нараджэньня трэцяга дзіцяці.

У мінулым месяцы лідэр Вугоршчыны абвясьціў аб падпарадкаваньні дзяржаве шасьці клінік, дзе лечаць бясплоднасьць, якія прапануюць бясплатнае лячэньне, або ЭКА.

Абвясьціўшы пра бясплатнае ЭКА, якое пачалося з 1 лютага, Орбан сказаў, што фэртыльнасьць мае для краіны стратэгічнае значэньне.

«Калі мы хочам вугорскіх дзяцей, а не імігрантаў, і таго, каб вугорская эканоміка магла даць неабходнае фінансаваньне, то адзінае рашэньне — выдаткаваць як мага больш сродкаў на падтрымку сямʼі і выхаваньне дзяцей», — сказаў Орбан на канфэрэнцыі, якая адбылася ў студзені ў Будапэшце.

Польшча

Яраслаў Качыньскі, лідэр партыі "Права і Справядлівасьць"
Яраслаў Качыньскі, лідэр партыі "Права і Справядлівасьць"

Урад Польшчы штомесяц выплачвае семʼям 500 злотых (каля 125 даляраў) на кожнае дзіця пасьля першага. Кіроўная партыя «Права і справядлівасьць» увяла дапамогу пасьля перамогі на выбарах у 2015 годзе, уключыўшы палажэньне аб iм у сваю праграму Сям’я 500+, якая стала мадэльлю для суседніх краін, дзе таксама спрабуюць спыніць зьніжэньне нараджальнасьці.

Нямеччына

Нямеччына імкнецца павысіць нараджальнасьць з дапамогай ільгот для маладых бацькоў, прычым пары атрымліваюць шчодрую дапамогу на працягу двух гадоў пасьля нараджэньня дзіцяці, калі абое працуюць няпоўны працоўны дзень.

Ангела Мэркэль
Ангела Мэркэль

У краіне адзначылі рост нараджальнасьці, але доля людзей, старэйшых за 65 гадоў, як чакаецца, вырасьце к 2035 году да 27,3 адсотка (у 2017-м гэты паказчык складаў 21,6 %).

Аднак урад Ангелы Мэркэль лічыць, што міграцыя мае вырашальнае значэньне для спыненьня дэмаграфічнага спаду працоўнай сілы, і зьмякчае правілы для прадпрыемстваў, якія шукаюць кваліфікаваных маладых работнікаў за межамі Эўропы.

Чаканьні

Вугорскі ўрад прагназуе, што захады для заахвочваньня нараджальнасьці прывядуць да нараджэньня 4000 чалавек дадаткова. А паводле дадзеных Цэнтральнага статыстычнага ўпраўленьня Польшчы, колькасьць родаў вырасла на 13 % з моманту ўвядзеньня ў дзеяньне захадаў стымуляваньня+++

нараджальнасьці.

А ў Беларусі?

Паводле папярэдніх зьвестак Белстату, у 2019 годзе ў Беларусі нарадзілася 87 851 дзіця, што на 6,6% менш, чым у папярэднім годзе. Паводле дасьледаваньня ацэнкі становішча дзяцей і жанчын у Беларусі, якое праводзілася летась, толькі 36% жанчын фэртыльнага ўзросту хацелі б нарадзіць дзіця, 50% аддалі перавагу таму, каб ня мець наагул дзяцей ці ня мець больш дзяцей.

Летась кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што «ніводная краіна ў сьвеце не падтрымлівае сем’і зь дзецьмі так, як мы». Ён адзначыў, што ў Беларусі ёсьць «да 11 розных выплатаў» сем’ям зь дзецьмі.

Істотнымі захадамі, якія працуюць, Лукашэнка назваў аплочаны водпуск для догляду дзяцей да трох гадоў, ільготнае крэдытаваньне шматдзетных сем’яў і праграму сямейнага капіталу. Але ён адзначыў, што чуе пра недапрацоўкі ў забесьпячэньні шматдзетных жытлом, і даручыў вырашыць гэтае пытаньне да 2021 году.

Кіраўнік Беларусі даручыў распрацаваць «дзейсныя захады» для павелічэньня нараджальнасьці, «удзяліць увагу фармаваньню ў грамадзтве пазытыўнага і паважлівага стаўленьня да мацярынства і сямейных каштоўнасьцяў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG