Віцебскія рэканструктары больш за 8 гадоў займаюцца гістарычным фэхтаваньнем. Фэхтуюць на рапірах, шаблях і мячах у гістарычных строях і аўтэнтычным абутку, паводле правілаў, апісаных у старажытных трактатах. Як гэта адбываецца — у матэрыяле Свабоды.
Трэніроўкі ідуць двойчы на тыдзень па вечарах. Для большасьці наведнікаў фэхтаваньне — хобі, магчымае пасьля працы. Паўтары-дзьве гадзіны фэхтуюць на паркеце ў лёжы канцэртнай залі, якая належыць культурнаму цэнтру «Віцебск». Адно з памяшканьняў будынка займае гістарычны клюб «Варгенторн». Пры ім дзейнічае міжклюбны праект «Diestro». Ён абʼядноўвае людзей з розных гарадоў і краін, якія адраджаюць старыя фэхтавальныя традыцыі. У сьвеце яны вядомыя пад абрэвіятурай HEMA (Historical European Martial Arts — «Гістарычныя эўрапейскія баявыя мастацтвы»).
У віцебскім аддзяленьні займаюцца фэхтаваньнем з рэканструкцыяй гісторыі.
«Калі браць тэрыторыю Віцебшчыны, то гэта шабельны бой XVII–XIX стагодзьдзяў, — тлумачыць рэканструктар і кіраўнік клюбу „Варгенторн“ Макар Бабенка.
Ён мае ўласную калекцыю зброі і фэхтуе ўжо некалькі гадоў. — Фэхтуем таксама гішпанскай рапірай XVII стагодзьдзя. Гішпанцы былі знаныя найміты і ваявалі ў шматлікіх арміях сьвету. Іх школа фэхтаваньня была значная і вельмі добра распрацаваная. Спрабуем шабельны бой XVII стагодзьдзя, альбо так званую „крыжовую школу“. Вывучаем больш позьнюю шабельную школу ХІХ стагодзьдзя, калі шабля ўжывалася часьцей, чым рапіра, і яшчэ не заняпала пад агнястрэльнай зброяй. З XIV стагодзьдзя ёсьць меч і баклер, спрабуем на дзідах фэхтаваць».
«Мы за чысьціню гістарычных тэхнік»
Пару ў фэхтаваньні Макару складае Аляксей Аліфер. Яны найбольш падрыхтаваныя і ўзброеныя з чальцоў клюбу. Паводле адукацыі Аляксей праграміст. Паводле інтарэсаў — гісторык-рэканструктар. Гістарычным фэхтаваньнем зацікавіўся шэсьць гадоў таму. У клюбе ён адказны за пошук і пераклад старажытных крыніц, якія навучалі фэхтавальнаму мастацтву.
«Мы ўзялі за аснову трактаты гішпанскіх аўтараў XVI–XVII стагодзьдзяў. Усё павінна адбывацца так, як напісана. Мы за чысьціню гістарычных тэхнік», — тлумачыць Аляксей.
Аляксей перакладае з ангельскай і гішпанскай моваў. Дзеля большай дакладнасьці працуе зь першакрыніцамі.Яго бібліятэка складаецца зь дзясяткаў тамоў, набытых у Эўропе. Часам шанцуе здабыць рэдкі экзэмпляр, пазначаны нумарам, — некаторыя трактаты друкуюцца сьціплым тыражом.
«Мы прытрымліваемся цыклю: вывучэньне, інтэрпрэтацыя, практыка, — тлумачыць свае прынцыпы фэхтавальшчык. — Авалодваем рухамі і прыёмамі, а пасьля сымулюем рэальны бой на аснове таго, што вывучылі».
«Каб пачаць займацца, дастаткова прыйсьці»
Найчасьцей прыхільнікі HEMA адраджаюць тэхнікі фэхтаваньня. У віцебскай суполцы ўдала спалучаюцца і рэканструктарская, і фэхтавальная часткі. Удзельнікі абʼяднаньня ня толькі займаюцца аднаўленьнем старых тэхнік, але таксама імкнуцца выкарыстоўваць гэта ў кантэксьце матэрыяльнай культуры XVII стагодзьдзя. Таму некаторыя зь іх фэхтуюць ва ўласнаручна рэканструяваных строях, зважаючы на правілы і этыкет. З сучаснага рыштунку ўжываецца толькі маска, часта схаваная пад скураной накладкай.
Большасьць фэхтавальных тэхнік палягае на тым, што калоць можна куды заўгодна. Адпаведна, твар — найбольш слабое месца, якое трэба абараняць. У астатнім — жорсткі дрэс-код. Гэтаксама як на фэстывалях сярэднявечнай культуры, падчас якіх ідуць турніры па фэхтаваньні.
«Я самастойна пашыў гэты строй, — дэманструе рыштунак Аляксей. — Вывучаючы фэхтаваньне, загарэўся і выглядам адзеньня, і культурай, разабраўся, як апраналіся гішпанцы. І цалкам аднавіў строй пачатку XVII стагодзьдзя. Мода таго часу была агульнаэўрапейская. На мне скураныя чаравікі, панчохі, шырокія штаны з кішэнямі, дублет і салдацкі плашч з тоўстай воўны».
«На мне вайсковы строй, — паказвае Макар. — Так у першай палове XVII стагодзьдзя мог выглядаць віцебскі панцырны шляхціч. Галава абароненая місюркай. Абарона цела — скураная. Гэта так званая жупіца. З тоўстай скуры зробленую, яе цяжка было расьсячы. Адпаведна вугорскай модзе на мне вузкія штаны і боты эўрапейскага тыпу. Строй дапаўняюць каліта, пас і гусарская шабля. Дарэчы, каліту і боты я знайшоў у Віцебску і рэканструяваў».
Зброю самому зрабіць складаней.
«Мы выкарыстоўваем клінкі, больш бясьпечныя для фэхтаваньня, каб не пашкодзіць апанэнту, — кажа Аляксей. — Ёсьць шмат кампаній у Эўропе, і ад нядаўняга часу зьявіліся людзі ў Расеі, якія прафэсійна займаюцца вырабам і рэканструкцыяй зброі».
Увесь рыштунак фэхтавальшчыкі набываюць на ўласныя сродкі. Горад падтрымлівае памяшканьнем.
«З аднаго боку, гэта дарагі занятак. Маска каштуе сто даляраў, рапіра — 100–150, строй — яшчэ 100. Зброю, адзеньне і аксэсуары трэба час ад часу аднаўляць, — разважае Аляксей. — Але, зь іншага боку, для таго каб пачаць займацца, дастаткова прыйсьці. Зброя і элемэнты бясьпекі знойдуцца».
«У параўнаньні з нашымі ў іх былі жалезныя рукі»
З прычыны асаблівасьцяў фэхтаваньня рапірай асноўная нагрузка кладзецца на рукі. На старых гравюрах фэхтаваньнем займаюцца хударлявыя мужчыны сярэдняга росту — 168–170 см, але вельмі моцныя.
«Старыя майстры рэкамэндавалі займацца ад паўгадзіны да гадзіны штодня, — кажа Макар. — Некаторыя ў якасьці трэніроўкі раілі наносіць па дзьвесьце ўдараў рапірай безь перапынку. У параўнаньні з нашымі ў іх былі жалезныя рукі, улічваючы, што сярэдняя рапіра важыць 1,2–1,3 кіляграма».
Гістарычным фэхтаваньнем у Віцебску займаюцца ўсяго некалькі чалавек. Колькі стагодзьдзяў таму гэта быў пераважна мужчынскі занятак. Цяпер гендэрнай розьніцы ў навучаньні няма, і ў клюбе ёсьць фэхтавальшчыцы.
«Пакуль пра нас мала ведаюць у горадзе, — кажа Макар. — Гады тры ў нас заняло, каб распрацаваць базу, як навучаць людзей. Мы не прафэсійныя трэнэры, мы аматары, якія спрабуюць ужываць веды на практыцы».
Штогод на базе народнага клюбу «Варгенторн» удзельнікі праекту «Diestro» ладзяць у горадзе фэхтавальныя пляцоўкі, турніры па аўтэнтычных правілах, чытаюць лекцыі. Віцебскі клюб дапамагаў у арганізацыі «НЕМА Менск 2019» падчас ІІ Эўрапейскіх гульняў. Па словах фэхтавальшчыкаў, гэта была самая буйная падзея такога кшталту ў Эўропе за апошнія гады.
У адным з будынкаў на тэрыторыі амфітэатру, які належыць цэнтру культуры «Віцебск», цяпер ідзе рамонт. Неўзабаве тут адкрыецца вялікая пляцоўка, прысьвечаная жывой гісторыі.
«Мы склалі сьпісы рэчаў, неабходных для гістарычнага фэхтаваньня, — кажа Макар. — Плянуем там праводзіць заняткі і больш актыўна людзей заклікаць. Адметнасьць гістарычнага фэхтаваньня ў тым, што яно ня толькі разьвівае фізычна, але і прыцягвае ўвагу да гісторыі».