Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Газ як у 2019, нафта па камэрцыйных цэнах, — вынікі перамоваў Лукашэнкі з Пуціным


Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка ў Сочы 7 лютага 2020
Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка ў Сочы 7 лютага 2020

Расея і Беларусь працягнуць кансультацыі па інтэграцыі на ўзроўні ўрадаў, заявіў першы намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Козак па выніках перамоваў у Сочы паміж Аляксандрам Лукашэнкам і Ўладзімірам Пуціным.

Як паведамляе агенцтва ТАСС са спасылкай на Козака, РФ і Беларусь дамовіліся пра пастаўкі газу на 2020 год на ўмовах 2019 году. Гэта цана 127 даляраў за тысячу кубамэтраў на мяжы. Аднак, паводле Козака, зьніжкі для Беларусі на нафту запатрабавалі б дзяржаўнага рэгуляваньня паставак, а на гэта Расея пайсьці ня можа.

«Мы ня можам сёньня рэзка памяняць ўмовы рэгуляваньня нашай нафтавай галіны: вы ведаеце, цэны на сырую нафту фармуюцца рынкам, а адміністрацыйна не рэгулююцца».

Умовы рэгуляваньня нафтавай галіны РФ ня будуць зьменены, але расейскі ўрад будзе садзейнічаць пастаўках нафты ў Беларусь, заявіў расейскі чыноўнік.

Пры гэтым, паводле Козака, перамовы Лукашэнкі і Пуіцна прайшлі «ў пазытыўным ключы».

Як паведаміў на сваёй старонцы ў Твітэры журналіст «Комсомольской правды» Дзьмітрый Сьмірноў, Аляксандар Лукашэнка зьехаў з Сочы без заяваў для прэсы.

Цягам 2019 году ўрады дзьвюх краінаў распрацоўвалі так званы інтэграцыйны пакет — тры дзясяткі дарожных мапаў у розных сфэрах. Аднак шэраг пытаньняў так і застаюцца адкрытымі. ​

Асноўныя спрэчкі зьвязаны з фармаваньнем цэнаў і пастаўкамі вуглевадароднай сыравіны. Напярэдадні перамоваў прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Румас заявіў, што толькі падатковы манэўр Расеі ў нафтавай галіне абышоўся Беларусі ў 2019 годзе ў блізу 330 млн даляраў.

Акрамя таго, не ўрэгуляваны мэханізм кампэнсацыі расейскім бокам за пастаўленую летась у красавіку праз трубаправод «Дружба» брудную нафту. Мазырскі і Наваполацкі нафтаперапрацоўчыя заводы былі вымушаныя зьнізіць загрузку магутнасьцяў і панесьлі істотныя страты, шкода нанесена і трубаправоднай сыстэме.

Што важна ведаць пра расейскі падатковы манэўр

Нафтавы падатковы манэўр у Расеі — паступовая замена спагнаньня экспартнага мыта падаткам на здабычу карысных выкапняў (ПЗКВ). Экспартнае мыта будзе зьмяншацца адначасова з павелічэньнем ПЗКВ.

  • Расея пачала рэалізацыю падатковага манэўра зь 2019 году.
  • Да канца 2018 году экспарт сырой нафты ў Расеі абкладаўся экспартным мытам у памеры 30% ад цаны. Мыта не спаганялася з паставак на ўнутрырасейскі рынак і ў межах квоты ў Беларусь.
  • У 2017-2018 гадах квота на пастаўкі бязмытнай расейскай нафты для Беларусі складала 24 млн тон (18 млн тон перапрацоўвалі беларускаія НПЗ, 6 млн тон ішлі на рээкспарт).
  • Беларусь мела права абкладаць экспартным мытам свае нафтапрадукты, вырабленыя з расейскай бязмытнай нафты, якія прадавала ў трэція краіны. Беларускае мыта ішло ў беларускі бюджэт.

Страты і кампэнсацыя

  • У сьнежні 2018 г. у адміністрацыі Лукашэнкі сьцьвярджалі, што за 3 апошнія гады Беларусь недаатрымала $3,6 млрд, а за наступныя 4 гады недаатрымае $11 млрд пры найгоршым разьвіцьці падзей.
  • Паводле падлікаў рэйтынгавага агенцтва Fitch, наўпроставыя страты беларускай эканомікі складуць $10,6 млрд цягам 2019–2024 гг.
  • Дырэктар дасьледніцкага цэнтру ІПМ Аляксандар Чубрык падлічыў, што страты для бюджэту Беларусі ў 2019 годзе склалі $272,3 млн. ​
  • У кастрычніку 2018 Расея абяцала пералічыць у бюджэт Беларусі каля $405 млн у якасьці аплаты экспартнага мыта за нафту. Пазьней у кампэнсацыі адмовілі.
  • 18 сьнежня 2019 расейскі партал РБК паведаміў са спасылкай на свае крыніцы, што Расея кампэнсуе Беларусі страты ад манэўра праз зваротны акцыз для беларускіх НПЗ. Суму субсыдыяў ацанілі ў $1,5 млрд. Афіцыйнага пацьвярджэньня гэтай інфармацыі не было.

Кароткая гісторыя нафтагазавых канфліктаў Беларусі і Расеі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG