Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: з Пуціным «момант ісьціны» і «ламаць адносіны», з ЗША «пэрыяд холаду скончыўся»

абноўлена

Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка 4 лютага наведаў папяровую фабрыку «Герой працы» ў Добрушы, будаўніцтва якой закансэрваванае з 2015 году, і выступіў перад журналістамі. Ягоныя заявы перадаюць БелТА і ананімны Telegram-канал «Пул первого», блізкі да прэс-службы Лукашэнкі.

Лукашэнка заявіў наступнае.

  • «Пэрыяд холаду» ў стасунках Беларусі і Злучаных Штатаў скончыўся (гэта прагучала неўзабаве пасьля візыту ў Беларусь дзяржаўнага сакратара ЗША).
  • Сустрэча з Уладзімірам Пуціным «хутчэй за ўсё» адбудзецца 7 лютага (прэс-сакратар Пуціна 31 студзеня казаў, што кантакты кіраўнікоў Расеі і Беларусі ў найбліжэйшы час не плянуюцца, цяпер жа пацьвердзіў падрыхтоўку сустрэчы ў пятніцу). Паводле яго, з Расеяй «нейкі момант ісьціны наступіў»: «Мы былі архітэктарамі ​гэтых адносінаў, ці нам іх ламаць».
  • Затрыманьні дырэктараў цукровых заводаў неўзабаве пракамэнтуе Камітэт дзяржаўнай бясьпекі. «Яны стварылі ў Маскве „пракладку“, гандлёвы дом, — патлумачыў Лукашэнка пра затрыманых. — Паставілі туды сваіх. З заводаў па стратных цэнах прадавалі гандлёваму дому беларускі цукар. Тыя, павялічыўшы цану, прадавалі на рынку. Розьніцу хабарам аддавалі дырэктарам заводаў».
  • З кіраўніком Кітаю Сі Цзіньпінам трэба «грунтоўна паразмаўляць» пра кітайскіх падраднікаў, якія «правалілі праекты» ў Беларусі.
  • Зрабіць з Кітаю ізгоя за новы каранавірус не атрымаецца, а беларусам хвалявацца ня варта: «мыйце рукі, менш абдымайцеся зь незнаёмымі людзьмі на вуліцы, усё астатняе — за Міністэрствам здароўя».
  • Тэхніку для папяровай фабрыкі «трэба вырабляць у сябе, калі спатрэбіцца». «У нас няма нафты, як у Расеі — яны могуць купіць любыя запчасткі, ім не шкада валюты, — казаў ён. — Нам трэба валюту зарабляць, таму непажадана вывозіць яе».

Пра «разрыў з Расеяй на зыходзе кар’еры»

«Хутчэй за ўсё, 7 лютага мы сустрэнемся з прэзыдэнтам Пуціным, — перадае БелТА словы Лукашэнкі. — Я так разумею, і пра гэта яму буду казаць адкрыта: нейкі момант ісціны наступіў. Мы зь ім стварылі гэтыя добрыя стасункі. Мы былі архітэктарамі гэтых адносінаў, ці нам іх ламаць на зыходзе нашай палітычнай кар'еры. Мы ж ня вечныя. Што мы пакінем пасьля сябе — вось у чым пытаньне».

Пра Расею Лукашэнка дадаў, што хацеў бы «самых цёплых, добрых і сяброўскіх стасункаў з братнім народам», але Расея не перавяла Беларусь на ўнутрырасейскія цэны на энэрганосьбіты, хоць нібыта абяцала, калі купляла «Белтрансгаз».

«Навошта ж вы нас падманваеце? — абурыўся Лукашэнка. — Прытым не падманваеце, а думаеце, што мы гэта забылі».

Таксама Лукашэнка папрасіў кіраўніцтва Расеі «проста сказаць», калі там ня хочуць «шчырых, чыстых і празрыстых» стасункаў, а не крычаць: «Ах, Пампэо прыехаў… Заўтра Трамп прыедзе… Што яны будуць рабіць?»

Ён дадаў, што Беларусь як незалежная краіна сама вызначае сваю зьнешнюю палітыку: «Ці мы гэтым нашкодзілі? Не».

Паводле Лукашэнкі, у Расеі цяпер не пагаджаюцца на сусьветныя цэны на нафту для Беларусі і патрабуюць у дадатак выплаціць прэміі кампаніям за пастаўку нафты.

«Што мы просім цяпер ад расейцаў, яны там у позу ставілі і нас на калені спрабуюць паставіць: калі вы ня можаце ў Эўразійскім саюзе бяз мытаў нам паставіць нафту, падатковым манэўрам замянілі, дурылак знайшлі, прадайце нам па сусьветных цэнах», — растлумачыў ён, дадаўшы, што ня просіць у Расеі ніякіх грошай.

Лукашэнка адзначыў, што па крэдытах «мільярд даляраў штогод Расеі плоцім — яны ўдала разьмясьцілі свае грошы». Новых крэдытаў Беларусь у Расеі ня просіць, бо расейскаму боку ня хочацца супрацоўнічаць, а толькі «па-бізантыйску па галаве стукнуць і нахіліць».

Пра «пацяпленьне з ЗША» і «найсур’ёзьнейшыя апэрацыі з Пампэо»

«Я не скажу, шчыра адкажу, што ўжо амэрыканцы ў нас такія вялікія сябры, — казаў Лукашэнка. — Але пэрыяд вось гэтага холаду, калі мы глядзелі адзін на аднаго празь нейкую амбразуру, жалезабэтонную тоўстую сьценку, скончыўся. І нікому ня трэба ў гэтым кірунку стагнаць, перажываць і галасіць. Мы наладжваем адносіны з найвялікшай імпэрыяй — вядучай краінай свету».

Лукашэнка сьцьвярджае, што «ў Расеі занепакоіліся» ў сувязі з гэтым «пацяпленьнем» і «цэлы нейкі скандал паднялі» ў сувязі з прыездам у Менск дзяржаўнага сакратара ЗША.

«А што, мы больш зрабілі з Амэрыкай, чым Расія? — спытаў Лукашэнка. — Вы паглядзіце: яны ўзасос зь імі намагаюцца пацалавацца. Не атрымліваецца, праўда. Мы што, перажываем? Мы радуемся за іх, калі яны абдымаюцца і цалуюцца».

Ён заявіў, што ня ўтойваў і намякаў, «што ў нас завочна даўнія стасункі» з ЗША, і «калі рассакрэціць усе матэрыялы, то нам сьвет аплядаваць будзе». Маўляў, з Майкам Пампэо, калі той быў дырэктарам ЦРУ, «праводзілі тут найсур’ёзьнейшыя апэрацыі», «затрымлівалі тут зь ядзернымі матэрыяламі на мяжы людзей».

У Беларусі амэрыканскі бок, сьцьвярджае Лукашэнка, пабачыў «рэальную Беларусь — ня тую, якой нашыя адмарозкі вазілі пражэкты туды і малявалі, а пабачылі, што гэта нармальная краіна, і правоў тут хапае, і нікому жыць не замінаюць». Пра гэта яму, сьцьвярджае Лукашэнка, казаў сам Пампэо.

Што з папяровай фабрыкай

Добрускую папяровую фабрыку, якую наведаў Лукашэнка, пачалі мадэрнізаваць у 2012 годзе і хацелі завершыць будаўніцтва ў 2015-м. Там збіраліся выпускаць па 200 тысяч тонаў кардону на год. Але, як сьцьвярджае беларускі бок, кітайскі генэральны падраднік «Сюань Юань» нібыта неаднаразова зрываў тэрміны праз праблемы зь фінансаваньнем. У 2018-м кантракт з кітайцамі разарвалі, будаўніцтва закансэрвавалі на стадыі «95% гатоўнасьці».

Праект ацэньвалі ў 348,6 млн даляраў, кітайскаму падрадніку выплацілі звыш 265 млн. Рэшту крэдытных грошай — каля 83 млн даляраў — палічылі незасвоенымі і аддалі Кітаю ў якасьці выплаты асноўнага доўгу. Гэтую рэшту цяпер трэба зноў знайсьці: палову заплаціць аўстрыйцам за запуск асноўнай вытворчасьці, палову пусьціць на запуск энэргакомплексу, ачысткі і водападрыхтоўкі, будаўнічыя і праектныя работы, дазакупку абсталяваньня.

Лукашэнка заявіў, што завод цалкам запусьцяць да канца 2020 году, зболшага працы завершаць беларускія прадпрыемствы, але запускаць абсталяваньне будзе аўстрыйская кампанія. Ён дадаў, што не падпісваў указ пра выдачу грошай, пакуль сам не пабачыў, што адбываецца на заводзе.

Ён таксама сказаў, што можа наведаць фабрыку ўвосень, каб паглядзець, як яе рыхтуюць да адкрыцьця. Пасьля візыту на папяровую фабрыку Лукашэнка «неплянавана» наведаў Добрускі фарфоравы завод.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG