Агулам, паводле інфармацыі Дзяржаўнай службы статыстыкі Ўкраіны, у студзені-лістападзе 2019 году беларускі экспарт ва Ўкраіну зьменшыўся на 3,6% — да 3,432 мільярда даляраў.
У другім паўгодзьдзі 2019 году Беларусь аднавіла пастаўкі пораху і выбуховых рэчываў, спыненыя летась у першым паўгодзьдзі. Аб’ём гэтых паставак ва Ўкраіну ў грашовым вымярэньні склаў 1,209 мільёна даляраў. Праўда, экспэрты мяркуюць, што гаворка ідзе не пра вайсковы порах.
У 2018 годзе Беларусь увайшла ў тройку лідэраў па продажы Ўкраіне выбуховых рэчываў. Тады цягам году Беларусь экспартавала ва Ўкраіну пораху і выбуховых рэчываў на 1,989 мільёна даляраў.
У беларускай гандлёвай статыстыцы інфармацыі аб продажы пораху Ўкраіне няма. Паводле Белстату, кожная краіна самастойна вызначае ступень адкрытасьці інфармацыі пра свае зьнешнегандлёвыя апэрацыі.
Згодна ж з афіцыйнай беларускай статыстыкай, агульны экспарт зь Беларусі ва Ўкраіну павялічыўся на 1,2% — да 3,831 мільярда даляраў, а імпарт з Украіны ў Беларусь — на 21,3%, да 1,549 мільярда даляраў.
Беларускіх нафтапрадуктаў ва Ўкраіне менш, малака і тытуню — больш
У студзені-лістападзе 2019 году Беларусь зьменшыла на 9,2% аб’ём паставак нафтапрадуктаў ва Ўкраіну, але гэтая прадукцыя, як і раней, складае больш за палову ад усяго ўзаемнага таваразвароту — 63,3%.
Як адзначаецца ў афіцыйнай статыстыцы Ўкраіны, летась за 11 месяцаў Беларусь экспартавала ва Ўкраіну нафтапрадуктаў на 2,172 мільярда даляраў.
Адначасова Беларусь павялічыла на 31,3% пастаўкі ва Ўкраіну малака (агульная сума склала 2,5 мільёна даляраў), у 38 разоў — гародніны (32,6 мільёна даляраў), у 14 разоў — зерневых культур (222 тысячы даляраў), у 42 разы — тытуню (27,2 тысячы даляраў) і ў 7 разоў — масы з драўніны (1,467 мільёна даляраў).
Беларускі вугаль ужо не невідзімка
Упершыню за апошнія два гады Дзяржаўная служба статыстыкі Ўкраіны адлюстравала ў гандлёвай статыстыцы і пастаўкі каменнага вугалю зь Беларусі — усяго 60 кіляграмаў на 100 даляраў. Найбольш Украіна ў 2019 годзе набывала каменны вугаль і антрацыт у Расеі, Казахстане і ў эўрапейскіх краінах.
Пра беларускі экспарт каменнага вугалю ва Ўкраіну стала вядома на пачатку 2019 году, калі Белстат абнародаваў статыстыку зьнешняга гандлю за 2018 год. Ва ўкраінскай статыстыцы адпаведных зьвестак тады не было.
Як высьветлілася ў ходзе расьсьледаваньня Свабоды, антрацыт з Данбасу пастаўляўся празь Беларусь ня толькі ва Ўкраіну, а і ў краіны Эўразьвязу. Цяпер Служба бясьпекі Ўкраіны расьсьледуе як мінімум дзьве крымінальныя справы, зьвязаныя з пастаўкамі беларускімі кампаніямі вугалю з акупаванага Данбасу.
Згодна ж зь беларускай статыстыкай, Беларусь цягам 11 месяцаў 2019 году паставіла ва Ўкраіну 2,7 мільёна тон каменнага вугалю на 202,7 мільёна даляраў (у 6,2 раза больш за ўзровень 2018 году), і антрацыту — 551,2 тысячы тон на 45,576 мільёна даляраў, што ў 6,1 раза больш, чым у 2018 годзе.