Сусьветная арганізацыя здароўя папярэджвае, што новы каранавірус можа распаўсюдзіцца па тэрыторыі Кітая і за яе межамі, і заклікае дзяржавы прыняць прэвэнтыўныя захады ў мэдыцынскіх установах. САЗ пацьвердзіла 278 выпадкаў захворваньня, у тым ліку шэсьць сьмерцяў: 2 у Кітаі, 4 — у Тайляндзе, Японіі і Паўднёвай Карэі. Тым часам кітайскія ўлады паведамілі пра 9 сьмяротных выпадкаў і больш як 400 пацярпелых.
Паводле Сусьветнай арганізацыі здароўя, новы каранавірус распаўсюджваецца імкліва, а колькасьць выпадкаў захворваньня і сьмерцяў хутка мяняецца. Арганізацыя актывізуе захады, закліканыя як мага хутчэй выявіць крыніцу інфэкцыі і прадаставіць грамадзкасьці інфармацыю, неабходную для прадухіленьня захворваньня.
22 студзеня САЗ правядзе экстраннае пасяджэньне, каб вызначыць, ці зьяўляецца вірус надзвычайнай сытуацыяй у сфэры аховы здароўя міжнароднага маштабу. У кітайскі горад Ухань, дзе пачалася ўспышка захворваньня, накіраваная каманда экспэртаў, паведамляе Голас Амэрыкі.
Па словах афіцыйнага прадстаўніка САЗ Тарэка Ясарэвіча, пакуль пра новы каранавірус вядома мала: незразумела, як перадаецца хвароба, наколькі яна сур’ёзная, наколькі вялікія маштабы яе распаўсюджваньня і якая яе крыніца.
Каранавірус быў выяўлены ў канцы мінулага году на рыбным рынку ў горадзе Ухань. Па дадзеных САЗ, ён імкліва распаўсюджваецца, і бліжэйшыя дні варта чакаць новых выпадкаў у іншых раёнах Кітая, а таксама, верагодна, і ў іншых краінах.
У шэрагу аэрапортаў сьвету пасажыраў правяраюць на наяўнасьць вірусу. Па словах САЗ, гэта адзін з захадаў, якія краіны могуць ужыць для выяўленьня патэнцыйных пераносчыкаў хваробы. Аднак у арганізацыі лічаць, што, улічваючы вядомыя на дадзены момант рызыкі, неабходнасьці абмежаваньняў у сфэры гандлю і турызму няма.
Як засьцерагаюцца ў Беларусі
У Беларусі ўзмоцненыя прафіляктычныя мерапрыемствы ў сувязі з успышкай у Кітаі каранавіруса 2019-nCoV, паведаміла журналістам прадстаўніца Міністэрства аховы здароўя Юлія Барадун.
Паводле яе, міністэрства адсочвае сытуацыю з каранавірусам новага тыпу ў сьвеце, у прыватнасьці прафіляктыка захворваньня накіраваная на тых, хто едзе ў Беларусь з краінаў з неспрыяльнай эпідэміялягічнай сытуацыяй.
Турапэратарам рэкамэндуюць папярэджваць грамадзянаў, якія выяжджаюць з краіны. Праводзяцца комплексныя мерапрыемствы ў нацыянальным аэрапорце Менск і рэгіянальных аэрапортах — арганізаваны санітарна-каранцінны кантроль пасажыраў з краінаў, дзе выяўленае захворваньне, у тым ліку з прымяненьнем цеплавізійнага абсталяваньня.
Спэцыялісты РНПЦ эпідэміялёгіі і мікрабіялёгіі назіраюць за дынамікай разьвіцьця эпідэмічнай сытуацыі ў сьвеце і гатовыя да дыягностыкі ўзбуджальніка захворваньня паводле мэтадычнага дапаможніка Сусьветнай арганізацыі здароўя.
Амбасада Беларусі ў Кітаі рэкамэндуе беларускім турыстам пазьбягаць:
- кантактаў з жывёламі, птушкамі;
- наведваньня рынкаў морапрадуктаў, жывой птушкі і жывёлаў, фэрмаў;
- ужываньня сырых або недастаткова тэрмічна апрацаваных прадуктаў жывёльнага паходжаньня, у тым ліку малака, яек, мяса, птушкі, морапрадуктаў;
- шчыльных кантактаў зь людзьмі зь сымптомамі вострых рэсьпіраторных інфэкцый.
А таксама:
- часта мыць рукі з вадкім мылам і вадой, выкарыстоўваць антысэптычныя сродкі на сьпіртавой аснове, асабліва перад дотыкам да рота, носа або вачэй, а таксама пасьля кантакту з аб’ектамі навакольнага асяродзьдзя (напрыклад, поручнямі, дзьвярнымі ручкамі), пасьля кашлю ці чханьня;
- пры чханьні або кашлі прыкрываць рот і нос папяровай сурвэткай.
Аналягічны сьпіс рэкамэндацыі апублікавала і Ўсясьветная арганізацыя аховы здароўя.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ