Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жывёлаў у цырках забароняць? Мінпрыроды адказала на зварот з 10 тысячамі подпісаў


На цыркавым фэстывалі ў Менску, 2017 год
На цыркавым фэстывалі ў Менску, 2017 год

Намесьнік міністра прыроды Аляксандар Корбут даў адказ на зварот супраць цыркаў з выкарыстаньнем жывёлаў, які сабраў на сайце Petitions.by 10 420 подпісаў.

Адказ складаецца з двух пунктаў:

  • Пытаньне не да Мінпрыроды. Выкарыстаньне жывёлаў у культурна-масавых імпрэзах — гэта ня сфэра захаваньня і ўстойлівага выкарыстаньня жывёльнага сьвету ў натуральных умовах, якая рэгулюецца законам «Аб жывёльным сьвеце».
  • Трэба распрацаваць закон «Аб абыходжаньні з жывёламі». Яго маюць падрыхтаваць Міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі і дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Свае прапановы адносна забароны дзікіх жывёлаў у перасоўных заапарках, зьвярынцах і цырках (а таксама аб рэгуляваньні ўтрыманьня свойскіх жывёлаў) Мінпрыроды ўносіла ў Міністэрства ЖКГ у 2017 годзе.

Летам 2018 году ўрад адклікаў праект закону «Аб абыходжаньні з жывёламі». Над ім на той момант працавалі ўжо 7 гадоў, тэкст вярнулі на дапрацоўку шосты раз.

У 2016 годзе законапраект прайшоў грамадзкае абмеркаваньне, актывісты крытыкавалі яго за тое, што ён можа ўзаконіць жорсткае абыходжаньне з жывёламі. Усе прапановы зоаабаронцаў адхіленыя, ніводная ў праект не ўвайшла. За больш жорсткія пакараньні жывадзёрам у інтэрнэце сабралі больш як дзьве тысячы подпісаў.

Міністэрства ЖКГ цяпер плянуе «комплексную і канцэптуальную перапрацоўку» законапраекту.

Што кепскага ў жывёлах у цырку?

Мінпрыроды не раскрывала падрабязнасьцяў свайго стаўленьня да жывёлаў у цырках. Але ў пэтыцыі пісалі, што выкарыстаньне жывёлаў у цырках варта забараніць, бо, як сьцьвярджае аўтар:

  • умовы ўтрыманьня і транспартаваньня жывёлаў звычайна кепскія (цёмныя і душныя вагоны), а шум, сьвятло і вібрацыі ад пастаянных пераездаў і рэпэтыцыяў выклікаюць у іх стрэс;
  • адсутнасьць належных санітарных умоваў і паўнавартаснай вэтэрынарнай дапамогі прыводзяць да заўчаснай сьмерці жывёлаў;
  • хворых і параненых жывёлаў не здымаюць з выступаў;
  • тыя трукі, якія жывёлы выконваюць у цырку, ненатуральныя, а дрэсіроўка адбываецца з ужываньнем палак, бізуноў і электрашокераў;
  • нямала жывёлаў уцякае з цыркаў і гіне ад перажытых пакутаў і калецтваў;
  • у інтэрнэце шмат агульнадаступных жорсткіх фота і відэа пра ўмовы ўтрыманьня жывёлаў у цырках.

Адзначаецца таксама, што звыш 45 краінаў сьвету цалкам або часткова забаранілі выкарыстоўваць жывёлаў у індустрыі забаваў, «у Эўропе практычна не засталося цыркаў з жывёламі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG