Касьцюковіцкі РАУС Магілёўскай вобласьці праводзіць праверку ўчынку навучэнца адной з навучальных установаў, які з размаху кінуў на асфальт ката.
Пра гэта напісала ў сваім Telegram-канале прэс-сакратар Міністэрства ўнутраных справаў Вольга Чамаданава.
Гэта навучэнец касьцюковіцкага прафэсійнага ліцэю №8, піша Tut.by са спасылкай на намесьніцу дырэктара ліцэя Ірыны Бабровай.
«Кот часта прыходзіць на тэрыторыю ліцэя, бо мы знаходзімся ў праватным сэктары. Я ўчора яго бачыла — ён здаровы, не кульгае і вядзе сябе як звычайна», — сказала Баброва.
Правы жывёлаў рэгулююцца артыкуламі Адміністрацыйнага і Крымінальнага кодэксаў Рэспублікі Беларусь. Першы прадугледжвае пакараньне ў выглядзе папярэджаньня або штрафу, другі — арышту.
Крымінальная адказнасьць за жорсткае абыходжаньне з жывёламі была ўведзена ў 2015 годзе і рэгулюецца артыкулам 339.1 КК. Тады ж супрацоўнікі міліцыі атрымалі права складаць пратаколы і прыцягваць да адказнасьці. Падстава — чалавек зьдзекуецца з жывёлы наўмысна і з падкрэсьленай жорсткасьцю.